Вы тут

Сакрэты поспеху кітайскай эканомікі


Тэмпы росту кітайскай эканомікі (больш за трыццаць гадоў яна расла па 10 працэнтаў у год і толькі ў апошнія гады стала запавольвацца) выклікаюць заслужанае захапленне ў іншых краін і зразумелае пытанне: як гэта стала магчымым? Пры тым, што падобны поспех мала каму ўдасца паўтарыць, у яго ёсць свае складнікі, якія былі выкарыстаны ўрадам КНР для хуткага і паспяховага эканамічнага росту.

Перш за ўсё, прынцыповую ролю адыграла стаўленне кітайскага кіраўніцтва да глабалізацыі. У той час, як многія краіны яе баяліся і вынаходзілі штучныя бар'еры, эліты КНР аднесліся да глабалізацыі не толькі як да пагрозы, але і як да магчымасці. Больш за тое, у многіх прадстаўнікоў кітайскай эліты адносіны да глабалізацыі былі сапраўды аптымістычныя. З прычыны гэтага, кітайцы, пачаўшы ў канцы 1970-х гадоў першыя рэформы, па-майстэрску выкарысталі ўсе магчымасці, якія прадастаўляюцца глабалізацыяй, для развіцця сваёй эканомікі.

Акрамя таго, Кітай шмат чаму навучыўся, супрацьпастаўляючы сумны вопыт перабудовы СССР з пазітыўным вопытам мадэрнізацыі эканомікі на прыкладах Сінгапура, Японіі і Паўднёвай Карэі. Усвядоміўшы, што палітычная стабільнасць з'яўляецца адной з галоўных умоў для паспяховых эканамічных пераўтварэнняў, кіраўніцтва КНР не стала адмаўляцца ад дамінуючай ролі Камуністычнай партыі і афіцыйнай ідэалогіі, а стала праводзіць інтэнсіўныя эканамічныя рэформы, спалучаючы іх з паступовым змяненнем ідэалогіі. Замежныя інвестары хутка зразумелі, што Кітай не збіраецца распадацца па прыкладзе СССР, а Камуністычная партыя з'яўляецца надзейным гарантам захаванасці іх укладанняў у кітайскую эканоміку. А раз не будзе рэвалюцый і беспарадкаў, у Кітаі можна рабіць бізнес. І інвестыцыі ракой пацяклі ў гэтую краіну.

КНР таксама вельмі ўмела выкарыстала фактар велізарнай кітайскай дыяспары. Хуацяо (кітайскія эмігранты) назапасілі значныя капіталы і заўсёды захоўвалі піетэт перад радзімай, нават калі былі вымушаны пакінуць яе. Улады Кітая выкарыстоўвалі такое стаўленне кітайскіх эмігрантаў да сваёй краіны, паклікаўшы іх прывезці свае капіталы для мадэрнізацыі эканомікі пад гарантыі ўрада. Разлікі цалкам апраўдаліся: эмігранты, якія пражываюць у капіталістычных краінах, з энтузіязмам уклалі сотні мільярдаў долараў у камуністычны Кітай, які ніколі не пераставалі любіць, і прывялі іншых інвестараў, выкарыстоўваючы свае напрацаваныя за мяжой сувязі.

Вялікую ролю ў поспеху мадэрнізацыі эканомікі адыграла ментальнасць насельніцтва. Кітайцы, як і іх суседзі (карэйцы і японцы) маюць заслужаную рэпутацыю педантычных і зацятых працаўнікоў, якія не схільны спрачацца з кіраўніцтвам і кідаць працу, не завяршыўшы яе. Калі першыя замежныя інвестары падзяліліся сваімі захапленнямі з гэтай нагоды са сваімі калегамі, у Кітаі пачаўся сапраўдны інвестыцыйны бум.

У немалой ступені бурнаму прыцягненню інвестыцый спрыяла і танная працоўная сіла ў Кітаі ў першыя дзесяцігоддзі рэформаў. Кітайскі работнік, пра якога заходнія бізнесмены гаварылі, як аб нашмат больш працавітым і рахманым, чым у ЗША ці Еўропе, атрымліваў заработную плату ў дзясяткі разоў меншую.

Разам з замежнымі інвестыцыямі ў Кітай былі прывезены і тысячы новых тэхналогій. Адна толькі Германія за тры дзесяцігоддзі рэформаў прывезла іх у КНР больш за 16 000. Урад Кітая выкарыстоўваў фактар цікавасці прыходу інвестараў у велізарную кітайскую эканоміку, каб прымусіць іх перадаць частку тэхналогій на дзяржаўныя прадпрыемствы краіны.

Не спадзеючыся толькі на прыток замежных інвестыцый, эліты Кітая заклікалі ўласных прадпрымальнікаў актыўна развіваць эканоміку. Пры гэтым па першым часе дзяржаўныя прадпрыемствы не прыватызаваліся, што забяспечыла стабільнасць развіцця эканомікі. Нароўні з дзяржсектарам побач вырастаў новы сектар — прыватных і замежных прадпрыемстваў. І работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, якія атрымлівалі стабільную зарплату, сталі плацежаздольнымі кліентамі для развіцця прыватнага сектара.

Магутным фактарам росту эканомікі былі хуткія поспехі ў нарошчванні ўласных банкаўскіх капіталаў. Вялікую ролю адыграла звычка насельніцтва, якое не было распешчана матэрыяльнымі дабротамі і спрабавала забяспечыць сваю старасць і сваіх бацькоў ва ўмовах слабаразвітай на той час пенсійнай сістэмы, адкладаць у фінансавыя ўстановы да паловы свайго заробку. Улічваючы, што Кітай з'яўляецца найбуйнейшай па насельніцтве краінай свету, заробак у якой пастаянна расце з прычыны поспехаў эканомікі, неўзабаве яго банкі ўвайшлі ў лік найбуйнейшых у свеце. І цяпер ужо Кітай не залежыць ад таго, прыйдуць ці не замежныя інвестары, бо здольны фінансаваць і ўласныя патрэбы, і ўкладваць немалыя капіталы ў іншыя краіны.

Немалаважную ролю адыгралі ўкладанні ў лагістыку. Геаграфічнае становішча Кітая само па сабе з'яўляецца цудоўным для паспяховага развіцця эканомікі. Але яно таксама было значна палепшана з дапамогай будаўніцтва мноства сучасных аўтамабільных дарог і чыгунак, аэрапортаў і марскіх партоў.

Сяргей КІЗІМА,

доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.