Вы тут

Генетычны код


Што ратуе нас ад бяспамяцтва

Сярод празрыстай ранішняй цішыні, звонкай і халаднаватай, з-за воблакаў раптам разнёсся глухі гул, які з кожнай секундай нарастаў. Яшчэ не паспела ні пра што падумаць, а сэрца ўжо трапятала ў грудзях спалоханым зайцам. Гэта было на адзін кароткі міг, калі ўсю істоту ахапіў самы сапраўдны жах, калі хацелася бегчы стрымгалоў з ціхага вясковага агарода, шукаць якое сховішча... Праз адзін гэты няўлоўны міг мы ўсе адно аднаму ўсміхнуліся, хтосьці спакойна вымавіў: «Самалёты на рэпетыцыю парада паляцелі». Зноў пачалі капаць, раўняць, сеяць, раз-пораз разгінаючыся, каб паслухаць, як пакуль яшчэ нясмела распяваецца ў вербалозах салавей...

Ужо ўвечары нехта з маладзейшых, з пакалення «ўнукаў», раптам сказаў: «А як самалёт загуў, было страшнавата, праўда?» І мы пачалі доўга і сур'ёзна гаварыць пра тое, чаму на гэтай зямлі нават тыя, чые бацькі ведаюць вайну толькі па падручніках гісторыі, халадзеюць душой, калі нечакана нізка праляціць самалёт, чаму ўздрыгваюць, чуючы нямецкую мову, чаму, чарговы (каторы ўжо!) раз гледзячы «Лёс» ці «У бой ідуць адны старыя», употай глытаюць слёзы. «У нас ужо такі генетычны код запісаны», — сказала раптам пляменніца, якая нядаўна скончыла медуніверсітэт. І спрачацца з ёю ніхто не стаў.

Яна, гэта маладая жанчынка, якая гадуе маленькага сына, здаецца, на падсвядомым узроўні ўгадала тое, што, магчыма, праз гады пацвердзяць і навукоўцы. Вайна, апошняя страшная вайна, уелася ў нашы гены, уплялася ў нашы ДНК, і яна ўжо нікуды не дзенецца, яна будзе перадавацца з крывёю, з малаком маці наступным пакаленням. Інакш як патлумачыць гэтыя сны, якія прыходзяць не часта, але з года ў год, адны і тыя ж. Калі ўцякаеш па жытнёвым полі за гумнамі ў роднай вёсцы ад танкаў з белымі крыжамі, а табе ў спіну ляціць кулямётная чарга, і ты павольна падаеш на зямлю тварам да перавернутага неба. Можа, нам перадаў іх у спадчыну бацька як самы страшны свой дзіцячы ўспамін: ён бачыў, як фашысцкія танкі набліжаліся да вёскі, і стрымгалоў уцякаў ад іх, і баяўся, адчайна баяўся, што вось зараз хтосьці выстраліць у спіну. А нашай маме было ў пачатку вайны два гады, і яна запомніла толькі гул самалётаў, ад якіх яны хаваліся ў беразе Усы, калі фашысты ў першыя дні бамбілі Станькава. Ці не таму яе дзеці і ўнукі здрыгануліся праз больш чым семдзесят гадоў, калі занадта нізка праляцеў ваенны самалёт?

І падобныя гісторыі і адчуванні — у кожнага беларускага роду. Сама зямля дагэтуль перадае свой боль і ўспаміны. За тры гады тут было столькі людскога гора, столькі слёз і пакут, столькі пажарышчаў і смерцяў, што ўся гэта жудасная энергія, стогны, праклёны, галашэнні, якія несліся да неба, не маглі проста знікнуць у нікуды, хай сабе і праз семдзесят гадоў. Мы нібы накрытыя купалам гэтай энергіі, гэтых успамінаў.

Цяжка? Несумненна. Лягчэй было б жыць там, дзе няма такога страшнага ведання: вось тут людзей стралялі, тут — вешалі, тут — палілі жывымі. Лягчэй хадзіць па гарадах, дзе захаваліся цэлыя кварталы сівога сярэднявечча, а не па сучасных копіях гэтых кварталаў, бо мінулая вайна змяла арыгіналы да звання. Лягчэй там, дзе бабуля расказвае пра мінулую вайну як пра вельмі цяжкі час, бо не хапала прадуктаў, а не пра тое, як загортвала ў прасцінку і закопвала косці расстралянага і спаленага мужа...

Але гэты купал, пад якім апынуліся мы і нашы нашчадкі, — не толькі цяжар, але і надзейная ахова ад бяспамяцтва. Так, у нашым генетычным кодзе тая страшная вайна — яго неад'емная частка. Але такія ж самыя важныя складнікі ў ім — і ўсведамленне Перамогі, і разуменне і веданне, што яна для нас — не проста свята, а Свята Жыцця. У самым простым і літаральным сэнсе, без патэтыкі і гучных словаў.

Мы наогул унікальнае пакаленне беларусаў. Менавіта мы першыя можам сказаць, што вайна на нашай зямлі была аж у мінулым тысячагоддзі. Запісаць бы гэта ў памяць, у гены далёкіх нашчадкаў і ў падручнікі гісторыі яшчэ на наступную тысячу гадоў.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.