Вы тут

Няма нічога больш каштоўнага за мір


Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на парадзе войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

11-30

Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры!

Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны!

Паважаныя суайчыннікі і замежныя госці!

Сёння мы адзначаем адно з самых святых свят — Дзень Перамогі.

Семдзесят гадоў таму шматнацыянальны савецкі народ атрымаў Перамогу ў самай страшнай і крывавай вайне. Гэтая Вялікая Перамога выратавала нашу Радзіму ад зняволення. Гэтая Вялікая Перамога вызваліла Еўропу. Гэтая Вялікая Перамога падарыла ўсяму свету жыццё і свабоду.

Да Перамогі нас прывялі чатыры гады бязлітаснай барацьбы, крыві і ахвяр. Шлях ад Брэсцкай крэпасці да Берліна быў надзвычай цяжкім. Галоўны ўдар фашыстаў прыняла на сябе беларуская зямля. Тут разыграліся найбольш жорсткія і трагічныя падзеі пачатку вайны. Менавіта тут, на зямлі Беларусі, быў пахаваны гітлераўскі план маланкавай вайны і закладзены фундамент будучай Вялікай Перамогі.

Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, баі пад Гроднам і Ваўкавыскам, бітва за Магілёў у першыя тыдні вайны паказалі: наша зямля ніколі не пакорыцца ворагу.

У тыле вермахта быў адкрыты другі фронт, фронт народнай партызанскай вайны. Больш за паўмільёна нашых суайчыннікаў сталі народнымі мсціўцамі: яны бязлітасна білі акупантаў, ачышчалі ад іх родную зямлю. Да канца 1943 года большая частка тэрыторыі Беларусі кантралявалася народнымі мсціўцамі.

Ворагі кідалі супраць нас сотні тысяч карнікаў. Яны дзейнічалі з варварскай, першабытнай жорсткасцю, раўнавалі з зямлёй нашы гарады і вёскі, вешалі, расстрэльвалі і спальвалі зажыва нашых жанчын, дзяцей і старых. З намі вялі вайну на поўнае знішчэнне.

11-31

Нас не зламалі! Мы выстаялі і перамаглі! Але ў гэтай бітве Беларусь панесла вялізныя страты. І гэты страшэнны боль не можа залячыць нават час.

У вялікі, светлы, пераможны майскі дзень многім здавалася: вайна ніколі не вернецца. Але новы час не прынёс чалавецтву пазбаўлення ад войнаў. Сёння мы бачым: трагічныя ўрокі вайны забыты. Зноў бярэ верх не сіла права, а права сілы. Зноў ірвуцца снарады, палаюць пажары і гінуць людзі. І свет, і Еўропа набліжаюцца да небяспечнай мяжы. І цяпер, як ніколі, важна помніць урокі Вялікай Айчыннай. Памятаць пра гэтыя ўрокі павінны і палітыкі, і кіраўнікі, і народы. Найважнейшы з гэтых урокаў такі: няма нічога больш каштоўнага за мір. І ніякія амбіцыі, ніякія разлікі, ніякія інтарэсы не вартыя таго, каб прыносіць ім у ахвяру чалавечыя жыцці.

Усім сённяшнім палітычным лідарам, несумненна, будзе карысны мудры вопыт кіраўнікоў краін антыгітлераўскай кааліцыі. Яны змаглі пераадолець непрымірымыя ідэйныя рознагалоссі і разам перамаглі фашызм.

Лічу глыбока сімвалічным, што на нашым парадзе ўрачыстым маршам разам з беларускімі воінамі пройдуць прадстаўнікі ўзброеных сіл Расіі і Злучаных Штатаў Амерыкі. У той жа час на парадзе ў Маскве чаканілі крок беларускія армейцы, дэманстравалася тэхніка, створаная пры ўдзеле беларускіх прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу.

Мір трэба ўмець абараняць. Праводзячы міралюбівую шматвектарную знешнюю палітыку, Беларусь будуе свой моцны і надзейны дом. Абараняць яго будуць сучасныя Узброеныя Сілы.

Цяпер патэнцыял беларускай арміі ацэньваецца ваеннымі экспертамі як адзін з самых высокіх ва Усходняй Еўропе. Вялікая работа праведзена па ўмацаванні баявой гатоўнасці войскаў, тэрытарыяльнай абароны. Узрасла канкурэнтаздольнасць абароннага сектара эканомікі. Створаны новыя перспектыўныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Шэраг сучасных баявых машын айчыннай вытворчасці будзе прадстаўлены на сённяшнім парадзе.

11-32

І наогул, паважаныя сябры, беларуская армія падвергнута самай глыбокай мадэрнізацыі, каб яна магла адказаць на любыя сучасныя выклікі.

Актыўна развіваецца наша супрацоўніцтва з Расіяй. Абараняючы мірную працу, мы разам забяспечваем нашу ваенную бяспеку.

Армія і народ гатовы адбіць любую знешнюю агрэсію і адстаяць незалежнасць нашай краіны.

Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай!

Жыццё вашага пакалення — сапраўдны прыклад доблесці, высокага патрыятызму і духоўнай велічы. Мы вучымся ў вас шчыра любіць Радзіму і верыць у яе будучыню.

Нізкі паклон і бязмежная ўдзячнасць вам за мір і спакой!

Беларусь свята шануе і заўсёды будзе помніць ваш гераічны подзвіг!

Дарагія сябры, паважаныя госці!

Я ад усёй душы ад імя беларускага народа віншую вас са светлым святам — сямідзясятай гадавінай Вялікай Перамогі. Перамогі міру над вайной. Перамогі святла над цемрай. Перамогі жыцця над смерцю.

Жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабра, працвітання.

Няхай неба над нашай любімай роднай Беларуссю заўсёды будзе мірным!

Са святам! З Днём Перамогі! Ура!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.