Вы тут

Вялікі, светлы, пераможны дзень!


У ваенным парадзе прынялі ўдзел больш як 5 тысяч ваеннаслужачых і амаль 250 адзінак баявой тэхнікі.

Здаецца, да стэлы «Мінск — горад-герой» у эпіцэнтр святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі не прыйшоў толькі хворы і лянівы. З самага ранку з розных кірункаў сюды ішлі мінчане і госці сталіцы — ад малога да вялікага. Кульмінацыяй урачыстасці, да якой рыхтаваліся не адзін дзень, сталі ваенны парад і спартыўна-маладзёжнае шэсце. Карэспандэнты «Звязды» таксама апынуліся ў гэтым святочным віры, каб разам з тысячамі беларусаў адчуць усю веліч і святло гэтага пераможнага майскага дня.

11-49

— 9 мая 1945-га таксама быў сонечны дзень, — успамінае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Марчанка. — Я служыў у спецыяльным палку: у Прыбалтыцы мы дабівалі фашыстаў, якія не паспелі збегчы. Толькі вярнуліся з чарговага задання — і тут дзяжурны крычыць: «Перамога!» Гэта была найвялікшая радасць. Мы і крычалі, і стралялі, і абдымаліся, і сумавалі па тых, хто не дажыў да гэтага дня. Вельмі сімвалічна, што гэтае вялікае свята праходзіць у майскія дні, калі абуджаецца прырода, усё квітнее. Тады, 70 гадоў таму і болей, ніхто з нас нават не ведаў, ці застанёмся жывымі. Тым больш не маглі нават марыць пра тое, што праз сем дзесяцігоддзяў будзем святкаваць гэтае вялікае свята.

Дарэчы, на Віцебшчыне, дзе ў партызанах пачынаўся баявы шлях Дзмітрыя Мікалаевіча, ён служыў у тым палку, дзе і Міхаіл Ягораў, які быў разведчыкам у другім батальёне, а потым ён і Мілітон Кантарыя ўзнялі Сцяг Перамогі над Рэйхстагам.

11-50

А тым часам парад Перамогі пачаўся з эксклюзіву. Замест легендарных аўтамабіляў «Чайка», каб «прыняць» і «перадаць» парад, міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў і камандуючы парадам, намеснік міністра абароны генерал-маёр Міхаіл Пузікаў выехалі на кітайскіх кабрыялетах. Эксклюзіўныя аўтамабілі, якія існуюць толькі ў двух экзэмплярах, спецыяльна для ваеннага парада ў гонар 70-й гадавіны Вялікай Перамогі ў якасці бязвыплатнай дапамогі нам перадало ваеннае ведамства Кітая. Дарэчы, у перакладзе з кітайскай мовы назва мадэлі аўтамабіля гучыць як «Чырвоны Сцяг».

Упершыню перад тым, як на авансцэну выйшлі вайскоўцы і механізаваныя «ўдзельнікі» парада, цэнтр Мінска, здаецца, замёр — адбылася агульнанацыянальная хвіліна маўчання. А потым пад суправаджэнне артылерыйскіх залпаў прагучаў дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

11-52

Пешую калону, па традыцыі, адкрылі самыя юныя ўдзельнікі парада — мінскія сувораўцы. Сінхронна ідучы ў прыгожай чорнай форме з чырвонымі пагонамі і белымі рамянямі, трымаючы раўненне, яны білі ў барабаны, чым задалі тон усяму шэсцю. Перад трыбунамі пранеслі Сцяг Перамогі, сцягі Рэспублікі Беларусь, Савецкага Саюза — краіны, якая перамагла фашысцкую Германію ў Вялікай Айчыннай вайне, штандарты 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў, а таксама 1-га Прыбалтыйскага фронту, што нагадалі і аб Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», падчас якой была вызвалена беларуская сталіца.

11-47

Як прызнаўся ўдзельнік аперацыі «Баграціён», Сталінградскай бітвы і бітвы на Курскай дузе Аляксандр Фень, вельмі прыемна, што сёлета было шмат урачыстасцяў і мерапрыемстваў да парада. «А парад — прыгожае завяршэнне ўсіх гэтых падзей. Ён яднае ўвесь беларускі народ. Мне, як танкісту, у першую чаргу цікава паглядзець на танкі, заўважаць, што новага з баявой тэхнікі з'явілася пасля таго, як скончылася вайна», — гаворыць ветэран.

Толькі спачатку перад мінчанамі і гасцямі сталіцы прайшлі курсанты Ваеннай акадэміі Беларусі, ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, вайскоўцы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, 38-й і 103-й асобных гвардзейскіх мабільных брыгад, 86-й і 85-й брыгад сувязі, 56-га, 60-га і 74-га асобных палкоў сувязі. У ваенным парадзе таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Усяго — 19 пешых разлікаў.

11-46

Разам з беларускімі вайскоўцамі на мінскі праспект выйшлі прадстаўнікі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Гвардзейцам 234-га дэсантна-штурмавога Чарнаморскага ордэна Кутузава палка імя Аляксандра Неўскага выпаў гонар ісці другімі — якраз пасля «франтавой» каробкі, у складзе якой у форме салдат Вялікай Айчыннай прайшлі курсанты галоўнай ваеннай ВНУ краіны. Дарэчы, на гадзіну раней па Краснай плошчы ў Маскве, чаканячы крок, прайшлі беларускія спецназаўцы. 75 вайскоўцаў з 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння склалі адзін з пешых разлікаў расійскага ваеннага парада ў азнаменаванне 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Па Краснай плошчы меў гонар прайсці і Андрэй Білеўцаў. Праўда, у 1970-х, калі ён быў курсантам Ваеннай акадэміі бранятанкавых войск. Зараз на парад ходзіць толькі як глядач. Яму, як вайскоўцу, цікава паглядзець на сучасную тэхніку, армейскую выпраўку салдат і афіцэраў.

11-53

Маладая сям'я Карачун з Мінска на парад прыйшла ўпершыню. Дагэтуль урачыстае шэсце назіралі толькі па тэлебачанні. А сёлета вырашылі ўбачыць усё на свае вочы і не пашкадавалі. Дванаццацігадовую Дар'ю найбольш уразіла ваенная тэхніка. Як прызнаўся малады бацька Віктар, які вёў на парад малых Ягора і Арыну, 9 Мая — сямейнае свята. Лічыць, што менавіта такія мерапрыемствы садзейнічаюць выхаванню патрыятызму і трэба пачынаць гэта рабіць з маленства. Цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны і пяцігадовы Даніла, які прыйшоў на парад з мамай Ірынай. «Люблю салдат, — сказаў як адрэзаў хлопчык. — У будучыні буду спецназаўцам. А з тэхнікі мне падабаюцца «Кацюшы»...»

І, нарэшце, доўгачаканая механізаваная калона. Яе працягласць — амаль два кіламетры. Галоўнымі «персанажамі» сталі каля 240 адзінак баявой тэхнікі, якія ўвайшлі ў 24 парадныя разлікі. Права першай прайсці ў параднай калоне было прадастаўлена легендарнай тэхніцы Вялікай Айчыннай вайны.

11-51

Саступіўшы месца рарытэтам, на праспекце з'явіліся асноўныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі Узброеных Сіл Беларусі і Расіі. Сучасная тэхніка сапраўды ўражвае. Магутныя браніраваныя машыны, зенітныя ракетныя комплексы, артылерыйскія ўстаноўкі і сістэмы залпавага агню. Сярод іх — танкі «Т-72Б», баявыя машыны пяхоты «БМП-2», бронетранспарцёры «БТР-80», сістэмы рэактыўнага залпавага агню «БелГрад» і «Смерч», зенітныя ракетныя комплексы «С-300ПС», «С-300В», «Тор-М2» і іншыя.

Упершыню ў парадзе прыняла ўдзел значная колькасць тэхнікі — 7 разлікаў — з Расіі са складу рэгіянальнай групоўкі войскаў. Гэта самыя сучасныя ўзоры: танкі «Т-90», «БМП-3», «БМП-2», «БТР-82А», шматфункцыянальныя лёгкабраніраваныя аўтамабілі «Тыгр», самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Мста-С» і зенітныя ракетна-гарматныя комплексы «Панцыр-С».

І яшчэ адзін эксклюзіў сёлетняга парада — на праспект выйшлі найноўшыя сістэмы залпавага агню «Паланэз» айчыннай вытворчасці. Рэактыўная сістэма залпавага агню вялікай далёкасці, упершыню паказаная на ваенным парадзе, створана беларускімі арганізацыямі абароннага сектара эканомікі і адпавядае найлепшым сусветным аналагам. Кожная баявая машына дадзенай сістэмы здольна адначасова нанесці кропкавы ўдар па васьмі цэлях на далёкасці больш чым 200 кіламетраў. Шасі баявых і транспартна-зараджаючых машын «Паланэз» выраблены на Мінскім заводзе колавых цягачоў.

11-48

Упершыню на парадзе былі паказаны і лёгкабраніраваныя аўтамабілі «Ліс-ПМ» з баявым кулямётна-гранатамётным модулем. Аўтамабілі, вырабленыя на Мінскім заводзе колавых цягачоў сумесна з расійскімі прадпрыемствамі абарончай прамысловасці, аснашчаны айчыннымі сродкамі разведкі, сувязі, назірання і радыёэлектроннай барацьбы і прызначаны для вырашэння шырокага спектра тактычных задач.

Пасля праходжання механізаванай калоны ў небе над Мінскам жыхары і госці сталіцы змаглі ўбачыць асноўныя тыпы авіяцыйнай тэхнікі Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны Беларусі. Баявымі верталётамі «Мі-8» і «Мі-24», знішчальнікамі «МіГ-29», штурмавікамі «Су-25», ваенна-транспартным самалётам «Іл-76» і самалётамі «Л-39» пілатажнай групы «Белая Русь» кіравалі найлепшыя ваенныя лётчыкі краіны. У паветраным парадзе ўзялі ўдзел і расійскія авіятары, якія прадэманстравалі свой найвышэйшы пілатаж на далёкіх звышгукавых бамбардзіроўшчыках «Ту-22», бамбардзіроўшчыках «Су-34» і вучэбна-баявых самалётах «Як-130», якія ў небе над Мінскам з'явіліся ўпершыню.

Сярод замежных удзельнікаў парада былі і амерыканцы. Перад гледачамі выступіў аркестр Ваенна-паветраных сіл ЗША ў Еўропе. Як прызнаваўся дырыжор аркестра яшчэ падчас рэпетыцыі ў Брэсцкай крэпасці, для іх, нашчадкаў нашых саюзнікаў у барацьбе з нямецка-фашысцкай агрэсіяй, вялікі гонар прымаць удзел у святкаванні 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Завяршыўся ваенны парад пляц-канцэртам роты ганаровай варты. Пад акампанемент зводнага ваеннага аркестра Узброеных Сіл 119 вайскоўцаў элітнага падраздзялення беларускай арміі прадэманстравалі новыя элементы і пастраенні. Упершыню гледачы ўбачылі сумеснае сінхроннае выступленне вайскоўцаў як з карабінамі, так і з шашкамі. Як заўсёды, авацый было шмат.

Не шкадуючы сіл, ім апладзіравала і Марыя Шчарбіна, якая ў складзе 30-га асобнага чыгуначнага батальёна 29-й брыгады сувязісткай дайшла ад Растова-на-Доне да Берліна. Дзень Перамогі сустрэла ў сталіцы пераможанай Германіі. «Вайна мяне загартавала, — лічыць Марыя Мікалаеўна. — Мне — 94, а я яшчэ на розных мерапрыемствах прысутнічаю, у тым ліку на парадзе. Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах!»

— Дзень Перамогі — адзінае свята, якое я не магу прапусціць, — гаворыць Ніна Урбановіч, якая 9 мая 1945 года сустрэла ў Празе. — Я жыву адна, і парад для многіх з нас гэта нагода яшчэ раз сустрэцца.

Напрыканцы гледачы ўбачылі тэхніку абарончага сектара эканомікі беларускай вытворчасці. Перад трыбунамі прайшлі трактары Мінс-кага трактарнага завода, цягачы Мінскага завода колавых цягачоў, камбайны «Палессе», спецтэхніка «Амкадор» і знакамітыя «БелАЗы», якім няма роўных у свеце.

Завяршылася ўрачыстасць спартыўна-маладзёжным шэсцем «Нашы перамогі — табе, Беларусь». А свята — дзесяціхвілінным салютам. Феерверк быў надзвычай маляўнічым, як і ўвесь Дзень Перамогі.

Вераніка КАНЮТА.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і Аляксандра ШАБЛЮКА.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.