Вы тут

Маршал Перамогі Канстанцін Ракасоўскі


Сонца сям'і, Баграціён Сталіна і проста народны ўлюбёнец.

Як журналістцы, ёй не раз даводзілася абараняць праўду гісторыі. Толькі яшчэ часцей яна мусіла адстойваць мінулае сваёй сям'і, добрае імя легендарнага продка. Штораз знаходзіліся аматары «ўпрыгожыць» біяграфію яе прадзеда, ад так званых «сваякоў» няма адбою і зараз. Але ўсё гэта яе, якая ніколі не бачыла свайго знакамітага родзіча, толькі падштурхнула да шматгадовай працы ў архівах, скрупулёзнага вывучэння яго перапіскі і рукапісаў, бо частка з іх так і не ўвайшла ў мемуары Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага.

З Арыяднай Ракасоўскай, праўнучкай маршала Савецкага Саюза, мы пазнаёміліся падчас адной з камандзіровак. Яна не толькі з журналісцкай цікаўнасцю слухала пра бітву пад Масквой, а і з нейкім асаблівым пачуццём, не ўласцівым нікому з нас, хадзіла па гэтай зямлі, глядзела на тое, які след на ёй пакінула вайна. А ўсё таму, што тут ваяваў двойчы Герой Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі. Тут змагаўся з ворагам яе герой, пра якога яна можа расказваць бясконца. Пра знакамітага палкаводца, які ў тым ліку распрацоўваў беларускую наступальную аперацыю «Баграціён» і вызваляў Беларусь, — з першых вуснаў.

[caption id="attachment_82936" align="alignnone" width="600"]11-28 Ары­яд­на Ра­ка­соў­ская каля крамлёўскай сцяны, дзе пахаваны Мар­ша­л Са­вец­ка­га Са­ю­за.[/caption]

Вымова — за празмернае захапленне танцулькамі

— Мой прадзед, Канстанцін Ракасоўскі, нарадзіўся 21 снежня 1896 года ў Варшаве. Аднак месцам яго нараджэння пасля 1944 года, калі ён стаў Героем Савецкага Саюза, указваліся Вялікія Лукі. А ўсё таму, што ставіць помнік у Варшаве ў 1945 годзе маршалу Савецкага Саюза было недарэчна. І ў савецкіх органах пачалі шукаць месца, дзе б ён мог нарадзіцца. Калі Канстанцін Канстанцінавіч быў прызначаны міністрам абароны Польшчы, яму зноў «спатрэбілася» нарадзіцца ў Варшаве.

Прадзед маршала Ракасоўскага быў уланам у польскага герцага Юзэфа, які разам з Напалеонам ішоў на Маскву. Вось і парадокс: падпаручнік наступаў на Маскву, а яго праўнук пасля яе абараняў. Канстанцін Ракасоўскі быў хоць са шляхецкага, але збяднелага роду. Яго бабуля была прыма-балерынай варшаўскай оперы. Ракасоўскі з дзяцінства любіў песні, танцы і, кажуць, у юнацтве так весела з маёй прабабуляй бавілі час, што яму ў партыйную картку занеслі вымову за празмернае захапленне танцулькамі. І калі яго накіроўвалі ў Ленінград на курсы павышэння каманднага складу, ён прыйшоў да старшыні партыйнай камісіі і кажа: «Я еду на такія сур'ёзныя курсы, а ў маёй картцы такі несур'ёзны запіс...» — «Сапраўды, несур'ёзна для чырвонага камандзіра», — адказалі яму і на наступны дзень выдалі чыстую картку.

Спяваў беларускія песні

Чаму Ракасоўскі выбраў ваенны шлях? З дзяцінства ён захапляўся прыгодніцкай літаратурай. У яго салдацкім ранцы ляжала кніга Вальтэра Скота «Роб Рой» (на польскай мове). Яна і сёння захоўваецца ў нашай хатняй бібліятэцы. Прадзед і сам захапляўся прыгодамі. У яго дзядзькі пад Варшавай быў маёнтак, дзе той разводзіў коней. Ракасоўскі, які праводзіў там летнія вакацыі, скакаў на конях, што і прадвызначыла яго кавалерыйскую кар'еру і любоў да гэтай жывёлы на ўсё жыццё.

Бацькі прадзеда вельмі рана пайшлі з жыцця. Бацька быў інспектарам Варшаўскай чыгункі, памёр, калі Ракасоўскаму было 5 гадоў. Маці Антаніна Аўсяннікава была родам з Беларусі, з Целяханаў. І да сённяшняга часу для нас загадка, як яны пазнаёміліся. Вядома, што маці вучыла Канстанціна Ракасоўскага беларускім песням. Адкуль я гэта ведаю? Калі 8 сакавіка 1942 года ён быў цяжка паранены (асколак прабіў яму лёгкае, закрануў печань, рэбры, пазваночнік, і да канца жыцця на памяць аб ваенных гадах ён насіў яго ў сабе), да яго ў шпіталь з Новасібірска прыехала жонка з дачкой. І настолькі яны перажывалі, бо Ракасоўскі быў сонцам для гэтай сям'і, усеагульнай любоўю, што выглядалі горш, чым ён. І каб падбадзёрыць родных, прадзед спяваў ім беларускія песні, якім навучыла яго маці.

Немцы ненавідзелі яго прозвішча

У Ракасоўскага былі дзве сястры: старэйшая Марыя і Хэлена, малодшая за яго на два гады. З апошняй яны не бачыліся 30 гадоў. Ён нават не ведаў, што яна жывая. У вайну Хэлена працавала ахмістрыняй у вядомага ксяндза, які хаваў яўрэйскіх дзяцей. Ён неяк паклікаў яе, і хтосьці з немцаў, пачуўшы прозвішча Ракасоўская, стаў яе біць дзяржальняй пісталета па галаве. Як Хэлена потым расказвала, яна зразумела, што гэтае прозвішча выклікае нянавісць у немцаў. І калі ў 1944 годзе савецкія войскі ўвайшлі ў Варшаву (яе вызваляў маршал Жукаў, хаця Ракасоўскі марыў вызваляць свой родны горад), Хэлена Ракасоўская падышла да аднаго з афіцэраў і на ламанай рускай мове кажа: «Я ведаю, што ў савецкай арміі служыць мой брат, і хацела б яго знайсці». На што ёй адказалі, што ў савецкай арміі служыць шмат палякаў. «Але мне здаецца, што мой брат нехта вядомы, бо немцы ненавідзяць яго прозвішча», — не супакойвалася жанчына. Калі афіцэр пачуў пра Ракасоўскага, то ледзь не страціў прытомнасць. Прадзед быў шчаслівым, што нарэшце адшукаў сястру.

[caption id="attachment_82933" align="alignnone" width="600"]11-25 Юны дра­гун Канстанцін Ра­ка­соў­скі.[/caption]

Майстар па камені і верны камуніст

Пасля смерці бацькі і бясследнага знікнення маці Ракасоўскага аддалі на выхаванне дзядзьку Аляксандру, які ўладкаваў хлопца ў вучылішча Антона Лагуны. Па тым часе гэта была шыкоўная адукацыя. Аднак дзядзька нечакана памёр, і прадзеда перадалі ў сям'ю іншага родзіча — Стэфана Высоцкага. Ракасоўскі пачаў працаваць у яго майстэрні па вытворчасці помнікаў. Дарэчы, прадзед выканаў некаторыя элементы варшаўскага моста Панятоўскага.

Калі яго стрыечны брат вырашыў запісацца ў царскую армію, Ракасоўскі пайшоў разам з ім. Яны апынуліся ў 5-м Каргапольскім палку, у складзе якога ўдзельнічалі ў Першай сусветнай вайне. Пасля рэвалюцыі палякам прапанавалі вярнуцца на радзіму або ўліцца ў шэрагі Чырвонай Арміі. Прадзед выбраў апошняе, бо ў арміі ён ужо прасякнуўся камуністычнымі ідэаламі. Ён да канца свайго жыцця свята верыў у камунізм. Нават калі ў 1937 годзе яго пасадзілі ў турму, ён быў упэўнены, што партыю падманулі і пазбавілі сваіх верных сыноў. А як толькі ў 1940 годзе яго выпусцілі (без пярэдніх зубоў, са зламанымі рэбрамі, разбітымі пальцамі ног), ён, ні секунды не вагаючыся, вярнуўся ў шэрагі Чырвонай Арміі.

Жалезны характар жонкі маршала

Жонка прадзеда, Юлія Пятроўна Барміна, была з купецкага роду. Ведала рускую, французскую і нямецкую мовы. Была вельмі адукаванай дзяўчынай. Працавала настаўніцай, падпрацоўвала ў бібліятэцы. Мініяцюрная дзяўчына з вялікімі вачамі і кучаравымі валасамі — адным словам, прыгажуня. Прывабным мужчынам быў і Ракасоўскі: высокі, блакітнавокі, высакародная постаць, нейкая інтэлігентная важнасць. Ім захапляліся дзяўчаты.

Канстанцін Ракасоўскі ўбачыў прабабулю ў тэатры і закахаўся з першага погляду. Але, паколькі ён быў надзвычай сарамлівым чалавекам (дарэчы, не толькі з жанчынамі, а і з усімі), не мог да яе падысці. І кожны дзень на працягу года ездзіў у полк каля дома, дзе яна жыла, кідаючы ўлюбёныя погляды на яе вокны. З Юліі смяяліся ўсе яе сяброўкі, але яна, як прыстойная дзяўчына, зрабіць першы крок не магла.

Неяк прабабуля гуляла ў парку са сваімі сяброўкамі і яго знаёмым, з якім і загаварыў Ракасоўскі. Падзеі пачалі развівацца з маланкавай хуткасцю — і літаральна праз месяц яна сабралася за яго замуж. Але бацькі былі супраць. Хаця б таму, што брат Юліі змагаўся на баку белых у бандзе атамана Сямёнава, супраць каго ваяваў чырвонаармеец Ракасоўскі. Але характар у маёй прабабулі быў жалезны, хоць яе і папярэджвалі пра тое, што яе чакае найскладанейшае ваеннае жыццё. І гэта аказалася праўдай. Тым не менш да апошняга дня яны прайшлі яго разам. У 1926 годзе ў іх нарадзілася адзіная дачка — Арыядна Канстанцінаўна Ракасоўская, мая поўная цёзка. Прабабуля была вельмі начытанай дзяўчынай, таму і назвала яе такім незвычайным іменем.

[caption id="attachment_82935" align="alignnone" width="600"]11-27 Канстанцін Ракасоўскі (крайні справа) і Павел Батаў падчас аперацыі «Баграціён» у Беларусі.[/caption]

«Калі за мной яшчэ раз прыйдуць, жывым я не дамся»

Канстанцін Ракасоўскі ўвесь час рваўся на захад — у родных мясцінах ён адчуваў сябе лепш. Яго мара здзейснілася ў пачатку 1930-х гадоў. Гэта быў цудоўны для іх перыяд. У нас захаваліся яго лісты да прабабулі, дзе з горада Славута, куды паехаў раней, каб наладзіць быт, ён пісаў: «Люлю (Юлія — Аўт.), нарэшце, усё будзе так, як мы марылі...»

Аднак шчасце было не доўгім. У 1937 годзе Ракасоўскага арыштавалі па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Польшчы і Японіі. Яго катавалі, але прадзед усё вытрымаў: быў чалавекам моцнага целаскладу, фізічна падрыхтаваным. Дарэчы, ён да апошніх дзён кожную раніцу абліваўся халоднай вадой, рабіў зарадку, захапляўся рознымі відамі спорту. Канстанціна Канстанцінавіча зламаць было немагчыма. Ён прыходзіў у камеру пасля допытаў і ўсім казаў: «Нічога не падпісваць, ні ў чым не прызнавацца. Калі нам давядзецца памерці, то з чыстым сумленнем». Там былі дактары навук, урачы, акцёры, у прыватнасці Георгій Жжонаў. І прадзед успамінаў: каб не звар'яцець, яны чыталі адзін аднаму лекцыі. Таму выйшлі адтуль высокаадукаванымі ледзь не ва ўсіх сферах.

У 1940 годзе яго адправілі ў Сочы аднаўляць здароўе. Устаўляць зубы — як мінімум. Пасля вайны яму прыйшоў ліст ад аднаго з супрацоўнікаў НКУС, які вёў яго справу. Гэты чалавек прасіў прабачэння ў Ракасоўскага, апраўдваўся. Прадзед, які чытаў усе лісты, што да яго прыходзілі, на гэтым напісаў: «Пакінуць без увагі». Відаць, ён вырашыў для сябе, што выкрасліў гэты жудасны перыяд са свайго жыцця. І ў сям'і тая тэма ніколі не падымалася. Хаця ўжо напрыканцы жыцця бабуля яго спытала, чаму ён заўсёды з сабой носіць маленькі пісталет. На што прадзед адказаў: «Калі па мяне яшчэ раз прыйдуць, жывым я не дамся».

Ён ведаў, што будзе вайна

Калі прадзед выйшаў з турмы, яны пасяліліся ў горадзе Наваград-Валынску, што ва Украіне. І, нарэшце, ім здавалася, прыйшло шчасце... Але гэты горад быў на мяжы з фашысцкай Германіяй. Прычым незразумелыя рэчы, як успамінаў прадзед, пачалі адбывацца яшчэ ў канцы 1940 года. Пастаянна з'яўляліся перабежчыкі, якія казалі, што немцы рыхтуюцца да вайны. Неаднойчы лавілі шпіёнаў, паведамлялі ў цэнтр, на што ім адказвалі: «Папрасіць прабачэння. Адпусціць». Больш за тое, прадзед расказваў пра такі абуральны выпадак, што за месяц да нападзення фашысцкай Германіі яны збілі самалёт, на якім нямецкі лётчык рабіў аэрафотаздымкі савецкіх аэрадромаў. Зноў-такі яны павінны былі «папрасіць прабачэння, адпусціць, аддаць аэрафотаздымкі».

21 чэрвеня 1941 года Канстанцін Ракасоўскі з камандуючымі іншымі ваеннымі карпусамі акругі сабраліся ісці на рыбалку. Прыйшоў перабежчык і паведаміў, што заўтра нападуць. Рыбалку адмянілі. 22 чэрвеня збіраліся спешна — і праз некалькі гадзін ад'ютант прадзеда пасадзіў жонку і дачку Ракасоўскага на цягнік, які паімчаў іх на Маскву. У той час, як цягнік, прапускаючы ваенныя эшалоны, падышоў да сталіцы, Маскву аб'явілі закрытым горадам. Быў канец жніўня. Прыехалі ў Казахстан, а потым да сябе ў Новасібірск іх забраў брат прабабулі. Прадзед пра гэта не ведаў: яму здавалася, што страціў сваю сям'ю назаўсёды.

Не штаб, а калектыў сяброў

Корпус Канстанціна Ракасоўскага рабіў поспехі на фоне адступаючых часцей. Іван Баграмян, які служыў тады ў Кіеўскай ваеннай акрузе, узгадваў: «Калі мы атрымалі данясенне, што Ракасоўскі прарываецца ўперад і нават наступае, цясніць ворага, мы былі ў шоку». Канстанціну Канстанцінавічу было загадана адводзіць войскі назад, бо іх маглі акружыць з усіх бакоў. Так пачалася бліскучая ваенная кар'ера Ракасоўскага. Пасля яго перакінулі пад Маскву, дзе ён сустрэў сваіх баявых і самых блізкіх сяброў, з якімі яны разам прайшлі практычна да канца вайны. Гэта быў начальнік яго штаба Міхаіл Сяргеевіч Малінін, начальнік артылерыі Васіль Іванавіч Казакоў, якога любілі салдаты і які быў камандуючым артылерыі пасля вайны, начальнік тылу Анціпенка, член ваеннага савета Лабачоў... То быў не штаб, а калектыў сяброў, дзе панаваў абсалютны давер. Можна было сказаць, што гэта адна сям'я.

«У Валянціны Сяровай проста не было шанцаў»

Як мне расказвала Ніна Іванаўна Грыб, жонка маршала Яроменкі, якая працавала ў маскоўскім шпіталі, у яе былі два важныя пацыенты. Любімым пацыентам быў Яроменка (менавіта таму яна стала яго жонкай), а Ракасоўскі быў паважаным ёй пацыентам. Менавіта ад яе я і даведалася гісторыю пра Валянціну Сярову, з якой у прадзеда нібыта быў раман. Яны пазнаёміліся, калі вядомая актрыса прыехала выступаць перад хворымі ў шпіталь. Сапраўды, Валянціна Васільеўна зайшла ў палату да Ракасоўскага, каб прачытаць яму апавяданне. А такі голад быў у Маскве, што яна, схуднелая, не магла адвесці погляд ад ежы, якую прынеслі прадзеду. А вышэйшы камандны склад, прызнацца, кармілі нядрэнна. Ён, вядома, злавіў яе позірк і прапанаваў з'есці свой абед. Адным словам, накарміў і, відаць, спадабаўся ёй. Увогуле, Ракасоўскі на ўсіх дзяўчат рабіў добрае ўражанне. Яна потым некалькі разоў прыходзіла да яго ў шпіталь. Гэта праўда. Але прадзед быў чалавекам вельмі сарамлівым і, кажучы шчыра, у гэты момант знаходзіўся ў вельмі складанай сітуацыі.

Калі ў пачатку вайны ён страціў жонку з дачкой, на фронце пазнаёміўся з дзяўчынай. Гэта была ваенурач Галіна Васільеўна Таланава. Яна працавала ў прыфрантавым шпіталі, дзе, між іншым, знайшлі жонак і дзяўчат практычна ўсе члены штаба фронту. У гэтым жа шпіталі з Галінай Васільеўнай пазнаёміўся і мой прадзед. Нягледзячы на тое, што яна была зусім маладзенькай дзяўчынай, толькі скончыла медыцынскае вучылішча, цэлыя суткі рабіла аперацыі: рэзала, зашывала, траціла прытомнасць, зноў рэзала... Яна якраз і стала супакаеннем для прадзеда. Тым больш, пра лёс сваёй сям'і ён тады не ведаў. Калі Ракасоўскага параніла, баявая сяброўка прыехала ў шпіталь разам з ім. А праз месяц туды прыехалі жонка з дачкой. І пры гэтым, нагадаю, ён быў вельмі цяжка паранены. Таму ў Валянціны Сяровай проста не было шанцаў. Аднак існаваў іншы любоўны трохкутнік. 7 студзеня 1945 года, на Каляды, Галіна Таланава нарадзіла Ракасоўскаму дачку — Надзею Канстанцінаўну, якую, безумоўна, прадзед прызнаў, а потым удачарыў.

[caption id="attachment_82934" align="alignnone" width="600"]11-26 Кан­стан­цін Ра­ка­соў­скі з сям'­ёй.[/caption]

«Мой Баграціён»

У 1944 годзе ў жыцці Канстанціна Ракасоўскага адбылася знакавая падзея: яны вызвалілі подступы Варшавы, як яго перавялі на 2-гі Беларускі фронт. За гэта ён увесь час крыўдзіўся на Жукава, бо лічыў, што ўсё адбылося не без удзелу Георгія Канстанцінавіча. Яго пераводзілі з галоўнага кірунку, які вёў на Берлін, на другасны, як яму тады здавалася. Вядома, што з фронту на фронт ён ішоў побач са сваімі сябрамі. Аднак гэта не дазвалялася. Сталін, ведаючы такую яго слабасць, сказаў, што Ракасоўскі можа ўзяць з сабой свой штаб. Але прадзед гэтага не зрабіў, хоць і цяжка далося яму тое рашэнне. Ракасоўскі цудоўна разумеў, што яго сябрам, як і яму, хочацца браць Берлін.

Аперацыя «Баграціён» — любімае дзецішча майго прадзеда. Ён заўсёды казаў, што гэта была самая важная аперацыя ў яго жыцці, яе ён лічыў сваім галоўным гонарам. Вядома, асаблівасць аперацыі заключалася ў тым, што яна складалася з двух удараў. Была перасцярога, што калі будзе адзін удар, праціўнік зможа напасці з іншага боку. Стаўка раскрытыкавала гэты план, сказаўшы, што двух галоўных удараў быць не можа. Сталін тройчы адпраўляў Ракасоўскага падумаць. Як успамінаў Анціпенка, трэці раз, калі чакалі ад яго адказу, у стаўцы панавала мёртвая цішыня: у думках усе з Канстанцінам Канстанцінавічам ужо развітваліся. Аднак будучы маршал настойваў на двух ударах. «Упэўненасць камандуючага — залог поспеху аперацыі», — вынес вердыкт Сталін. Галоўнакамандуючы паверыў яму. Калі аперацыя была зацверджана Сталіным, гэта быў момант трыумфу прадзеда. Менавіта за яе ён атрымаў высокае звання Маршала Савецкага Саюза, а Сталін пачаў яго называць «мой Баграціён».

Адносіны са Сталіным і сутычкі з Жукавым

Ракасоўскі быў адзін з двух палкаводцаў, каго Сталін называў па імені і па бацьку. Другім быў Барыс Міхайлавіч Шапашнікаў. Увогуле, Вярхоўны Галоўнакамандуючы быў вельмі тонкім псіхолагам. У прыватнасці ён адчуваў псіхалогію Ракасоўскага. Ён разумеў, што чалавек сядзеў і яго не запалохаеш. З Ракасоўскім ён размаўляў з асаблівай павагай, бо ўсведамляў: той чалавек зроблены з іншага цеста.

Падчас Маскоўскай бітвы ў Ракасоўскага былі сутычкі з камандуючым фронтам Жукавым. Георгій Канстанцінавіч камандаў Заходнім фронтам, Канстанцін Канстанцінавіч — 16-й арміяй у складзе гэтага фронту. Пад Вязьмай у палон былі ўзяты тры арміі, два камандуючых: Болдзін і Лукін. А як склаўся лёс Ракасоўскага? Менавіта тады, калі замыкалася кола акружэння катла, ён атрымаў па тэлефоне загад тагачаснага камандуючага фронтам Конева: тэрмінова пакінуць войскі і разам са штабам прыбыць у размяшчэнне штаба фронту для прыняцця камандавання над іншай арміяй. Прадзед узгадваў, што калі пачуў гэта, то не мог у гэта паверыць: як у такі момант пакінуць войскі? Патэлефанаваўшы ў штаб фронту, ён сказаў, што не можа падпарадкавацца такому загаду і патрабуе даслаць распараджэнне на паперы. І толькі тады, калі загад быў у прадзеда ў руках, ён быў вымушаны падпарадкавацца. Малінін папярэдзіў, каб загад прадзед узяў з сабой. І гэтая скрупулёзнасць якраз і выратавала Ракасоўскага. Калі яны прыбылі ў штаб фронту, там панаваў поўны хаос, камандуючым быў ужо Жукаў. Георгій Канстанцінавіч накінуўся на Ракасоўскага: маўляў, як ты мог кінуць войскі ў такую хвіліну, ды цябе толькі расстраляць. І тут прадзед зразумеў, як добра, што ён узяў з сабой гэты загад... Такім чынам, Конеў выратаваў Ракасоўскага ад гібелі ў палоне, а Малінін — ад расстрэлу за фактычна пабег з поля бою.

Прадзед лічыў, што лепш адступіць, набрацца сіл, чым ісці напралом, страчваючы вялікую колькасць людзей. І быў адзін такі момант пад Масквой, калі ён папрасіў у начальніка генеральнага штаба Шапашнікава магчымасць адступіць і замацавацца на пэўным рубяжы, каб не губляць людзей. Шапашнікаў дазволіў. І тут ад Жукава прыходзіць загад: «Войскамі фронту камандую я. Ні кроку назад! Любое адступленне расцэньваецца як здрада». А пасля па тэлефоне паўтарыў усё ў вельмі грубай форме. Ракасоўскі сказаў Жукаву, што ў такім тоне размаўляць не будзе, і павесіў трубку. Вядома, гэта было недазваляльна — субардынацыя. Неўзабаве прадзеду паведамілі, што да тэлефона яго выклікае Сталін. Як і ўсюды, у штабе былі вушы. Прадзед ужо ўяўляў, што з ім зробіць Сталін. І Ракасоўскі ўзгадваў, што, калі ўзяў трубку, вельмі спакойным голасам, ветліва і стрымана Вярхоўны Галоўнакамандуючы сказаў: «Канстанцін Канстанцінавіч, вам цяжка, мы разумеем. Чым вам дапамагчы?» І праз некалькі дзён на фронт прабыло падмацаванне.

Нягледзячы на тое, што Ракасоўскі сядзеў, у іх са Сталіным былі асаблівыя адносіны. Калі той памёр, Ракасоўскі быў адзіным палкаводцам, які плакаў каля яго труны. І нават адзін з паэтаў напісаў такія радкі: «И плачет у гроба твой никогда не плакавший солдат».

Дачка камандуючага

Дачка Ракасоўскага рвалася на фронт. Калі пачалася вайна, ёй было 15 гадоў. Нават збягала з Новасібірска. Каб яе крыху ўтаймаваць, прадзед напісаў дачцэ ліст: «Я разумею, што ты хочаш служыць Радзіме, хочаш ваяваць, але на фронце бязмозглыя дзяўчаты не патрэбны. Калі сапраўды хочаш дапамагчы нашым войскам, ты павінна атрымаць пэўную ваенную спецыяльнасць». Бабуля паступіла на курсы Цэнтральнага штаба партызанскага руху ў Маскве і скончыла іх якраз у разгар Сталінградскай бітвы радысткай. Але ў той час катэгарычна забаранялася адпраўляць дзяцей камандуючых на лінію фронту, каб пазбегнуць шантажу з боку ворага. Ужо была вядомая гісторыя з сынам Сталіна. Аднак Арыядну Ракасоўскую было цяжка спыніць. І толькі прадзеду, дзякуючы яго дыпламатычным хітрасцям, удалося яе адправіць на аддалены ўчастак фронту, дзе ўсе рабілі выгляд, што яе не кантралююць. Насамрэч, гэта было не так.

Падчас распрацоўкі Гомельска-Рэчыцкай аперацыі яна паехала да бацькі на фронт. А ён якраз з'язджаў на перадавую. Ракасоўскаму было шкада, што яна зрабіла дастаткова доўгі шлях, і ён узяў дачку з сабой. Па дарозе трапілі пад бамбёжку. Усе вопытныя: выскачылі з машыны і ляглі на зямлю. А яна стаіць слупам. Натуральна, падбег Ракасоўскі і ўпаў на яе, накрыўшы дачку сваім целам. Як потым успамінала бабуля, ёй так было няёмка, што члены штаба гэта ўсё бачылі, і яна зразумела: трэба з'язджаць адсюль зараз жа. Для яе гэта быў тата, для іх — камандуючы фронтам, які распрацоўваў у гэты момант найважнейшую аперацыю.

З Польшчы з'язджаў з адным чамаданам...

Вайну Ракасоўскі заканчваў ва Усходняй Памераніі. У ноч з 8 на 9 мая быў падпісаны «Акт аб капітуляцыі Германіі». Раніцай пра гэта даведаліся ў штабе Ракасоўскага. Не было ні крыкаў «ура», ні кідання шапак у паветра — усе замоўклі. Стаяла цішыня. І прадзед успамінаў, што ён зразумеў: яго сябрам гэтую навіну трэба пераварыць. Яны выйшлі ў сад пакурыць, і кожны ўспамінаў тых, каго ён страціў.

Пасля вайны Ракасоўскага адправілі камандаваць Паўночнай групай войск са штаб-кватэрай у горадзе Легніца, што ў Польшчы. Гэта былі найлепшыя гады яго жыцця. Ён, нарэшце, аказаўся на радзіме, з ім была яго сям'я, ён — у войсках, што было для яго самым галоўным у жыцці.

У 1949 годзе Канстанціна Канстанцінавіча выклікаў Сталін і звярнуўся да яго з просьбай (а, як мы ведаем, просьбу генсека адхіліць было немагчыма) стаць міністрам абароны Польшчы. Прадзед вельмі не хацеў ехаць. Ён разумеў, што там вельмі нядобрая палітычная сітуацыя. Як быццам ведаў, што надоўга ён там не затрымаецца. Пост міністра абароны Канстанцін Ракасоўскі пакідаў з вялікай крыўдай. Ён з'язджаў адтуль з адным чамаданам. Усё астатняе раздаў сябрам і абслуговаму персаналу. Ён уклаў сваю душу ў фарміраванне польскай арміі, і яму, вядома, было вельмі крыўдна, што з ім так абышліся. З'язджаючы, ён сказаў, што нагі яго там больш не будзе. Так і атрымалася.

Майстар на джэнтльменскія ўчынкі

Ён цудоўна гуляў у валейбол, любіў плаванне, тэніс. У нас нават захавалася яго ракетка. Прадзед любіў рыбалку, паляванне. Прычым ён ніколі не страляў у качку, якая сядзіць: лічыў, што гэта не цікава. Кідаў у качку шапку, каб яна ўзляцела, і толькі тады страляў. Адзін раз ледзь не загінуў ад дзіка. Вельмі любіў прыроду. У яго нават быў свой агародчык на дачы. Дарэчы, пабудаваць разам дачы вырашылі з сябрамі. Яны выбралі ўчастак пад Масквой. На будаўніцтва дома пайшлі разабраныя будынкі штаба 2-га Беларускага фронту, якія прывезлі з Усходняй Памераніі. Фактычна, дачы сталі гістарычным помнікам. Калі будавалася дача, мясцовыя жыхары напісалі на Ракасоўскага скаргу, што маршал будуе сабе палац. Прыехала камісія на чале з Булганіным, які паглядзеў на гэты «палац» і кажа: «Косця, што гэта за хата? Мы дадзім табе нармальную каменную дачу!» Прадзед, вядома, адмовіўся.

Ён быў майстрам на джэнтльменскія ўчынкі. На 70-годдзе маршала Конева, які адзначалі ў лютым, Ракасоўскі падарыў яму куст бэзу. А ў студзені 1945 года, калі ў яго нарадзілася дачка, ён з 2-га Беларускага на 1-ы Беларускі фронт даслаў букет руж. Дзе ён толькі іх узяў у студзені? Дарэчы, Галіна Васільеўна з дазволу Жукава нараджала на фронце. Там было ўсё яе жыццё. Ружы везлі ў машыне Ракасоўскага. Кажуць, па франтавых дарогах шукалі блакітную каляску: думалі, што будзе хлопчык. Знайшлі. Аказалася, што дзяўчынка. Прадзед не мог удзельнічаць у яе жыцці, бо ў яго была сям'я, але ўсяляк дачцэ дапамагаў. Аднойчы падарыў залаты гадзіннік, а калі ў наступны раз сустрэўся з ёй, спытаў, чаму яго не носіць. Надзея Канстанцінаўна патлумачыла, што больш ніхто ў класе гадзінніка не мае. І за гэта Ракасоўскі быў ёй удзячны.

Пра існаванне пазашлюбнай дачкі ведалі толькі жонка і дачка. Мы пра гэта даведаліся не так даўно: мой бацька, яго ўнук, перабіраў дакументы і знайшоў дазвол на ўдачарэнне. Мы былі здзіўлены. Сустрэліся і зразумелі, што родныя людзі. З таго часу мы адна сям'я. У Канстанціна Ракасоўскага — трое ўнукаў, чацвёра праўнукаў. І ёсць адзін прапраўнук, мой сын.

Дома — культ сціпласці

Прадзед быў надзвычай сарамлівым чалавекам. Калі пісаў, ён пазбягаў слова «я». А дома ўвогуле панаваў культ сціпласці. Дарэчы, пасля вайны прадзед жыў вельмі сціпла, хоць і ў дзевяціпакаёвай кватэры. Некаторыя пакоі нават пуставалі. На працу хадзіў пехам, па дарозе заводзіў у школу ўнука. А калі ён, тады міністр абароны Польшчы, прыехаў адпачываць у санаторый, яму падрыхтавалі асобныя сталовую і басейн. Раніцай прадзед прыйшоў у сталовую і пытае: «А што, людзі не хочуць са мной за адным сталом сядзець?» Зразумеўшы ўсё, узяў сваю талерку і пайшоў у агульную залу. У басейне таксама плаваў разам з усімі. І ў гэтым быў увесь ён.

Кухарка Вольга Карпаўна з'явілася ў Ракасоўскіх у гады вайны і жыла з імі фактычна да апошняга дня, стаўшы членам сям'і. Яна расказвала, што калі ў Сталінградзе ўзялі ў палон Паўлюса, нямецкі военачальнік сказаў, што сваю асабістую зброю аддасць толькі Ракасоўскаму — чалавеку, які яго перамог. Гэты браўнінг Ракасоўскі насіў з сабой да канца сваіх дзён. А на машыне Паўлюса, што на ўсіх правах перадалі таксама прадзеду, на базар па прадукты ездзіла Вольга Карпаўна. І яна ўсё жыццё ўспамінала, як ездзіла па пакупкі на раскошным аўтамабілі фельдмаршала.

Вядома, што Парадам Перамогі камандаваў Ракасоўскі. 24 чэрвеня 1945 года ішоў моцны дождж. Яму прапанавалі ісці пад навес, на што прадзед сказаў, што застанецца са сваімі войскамі. Ён змок да ніткі. Калі прыйшоў дахаты, з яго не змаглі зняць мундзір, які прыліп да цела. І Вользе Карпаўне давялося гэты мундзір разразаць, а потым яго зноў сшываць. Вечарам разам з усімі членамі сям'і яна сядзела за сталом і святкавала Перамогу.

Паляк для рускіх і рускі для палякаў

Ён вельмі любіў Беларусь. Часта сюды прыязджаў. Сярод беларусаў у яго было шмат сяброў. На 20-годдзе вызвалення Беларусі, куды яго запрашалі, Ракасоўскі не паехаў: быў ужо вельмі хворым. Калі з Мінска вярнуўся Казакоў, то расказваў прадзеду: «Уяўляеш, мы ішлі па жывых кветках. Людзі кідалі іх нам пад ногі!» Прадзед быў вельмі шчаслівым, што іх так добра памятаюць у Беларусі.

У адрозненне ад многіх палкаводцаў, якія карысталіся паслугамі машыністкі, прадзед пісаў свае мемуары ад рукі. Дапісаць іх, на жаль, не паспеў. Дарэчы, мемуары былі практычна напалову скарочаны: цэнзура выкінула адтуль самае цікавае і смешнае. І калі за тры дні да смерці яму прынеслі іх падпісаць, Ракасоўскі спытаў: «Шмат выкінулі?» І той чалавек замест адказу апусціў галаву. Тым не менш, прадзед паставіў пячатку. Але паколькі ў нас засталіся арыгінальныя рукапісы, у 1990-я гады мы атрымалі магчымасць аднавіць мемуары.

«Глядзіце, які ў мяне горкі лёс, — казаў Канстанцін Канстанцінавіч. — У Расіі я заўсёды быў палякам, а ў Польшчы — рускім». 3 жніўня 1968 года прадзед памёр. Пахаваны ён каля крамлёўскай сцяны, хаця вельмі гэтага не хацеў. Незадоўга да смерці яны сустрэліся з Жукавым у санаторыі (дарэчы, яны толькі тады памірыліся) і прадзед сказаў: «Ведаеш, Георгій, я не баюся смерці. Толькі баюся, што мяне замуруюць у сцяну». Так і выйшла...

* * *

Падчас гутаркі з Арыяднай Ракасоўскай яна прызналася, што вельмі хацела б, каб у Маскве, дзе яе прадзед пражыў большую частку свайго жыцця, стварылі яму помнік. І літаральна на днях яе мара здзейснілася. 6 мая на бульвары Ракасоўскага адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Маршалу Савецкага Саюза, чалавеку, які для яе з'яўляецца найлепшым прыкладам мужнасці, самаадданасці і высакароднасці.

Вераніка КАНЮТА.

Фотаздымкі прадастаўлены Арыяднай Ракасоўскай

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.