Вы тут

Блізарукім — бадмінтон


Блізарукасць праяўляецца, як правіла, у старэйшым дашкольным і школьным узросце. Вялікую ролю тут іграе спадчыннасць. У паловы дзяцей блізарукіх бацькоў ёсць такое ж захворванне.

11-9

Аднак і ў бацькоў без падобных праблем дзеці могуць стаць блізарукімі, папярэджвае ўрач-афтальмолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Марына СУХАРУКАВА. Усё таму, што развіццю міяпіі спрыяюць вялікія нагрузкі на вочы падчас школьных заняткаў, выканання хатніх заданняў. Праблема набывае ўсё большую распаўсюджанасць і дзякуючы «прыкаванасці» дзяцей да манітораў камп'ютараў. Наогул адмоўна на стане вачэй адбіваюцца не толькі чытанне кніг, прагляд тэлевізара, работа за камп'ютарам, але любыя заняткі з дробнымі прадметамі на блізкай адлегласці — вышыўка, работа з дробнымі дэталямі канструктара, мазаікай, бісерам, збор мікрасхем і г.д.

Зробім перапынак

Працоўны стол дзіцяці павінен стаяць ля акна.

Вечарам трэба карыстацца не толькі настольнай лямпай з непразрыстым абажурам (60-100 Вт), але і агульным асвятленнем. Святло ад настольнай лямпы павінна асвятляць рабочую паверхню і падаць злева.

Падчас чытання адлегласць ад вачэй да кнігі павінна быць не меншай за 33 см.

Неабходна чаргаваць зрокавую работу з адпачынкам. Праз 40-50 хвілін — перапынак 10 хвілін.

Вучні пачатковых класаў могуць знаходзіццца за камп'ютарам да 15 хвілін у дзень, пасля 10 гадоў — да 1,5 гадзіны з перапынкамі 5-10 хвілін.

Манітор павінен знаходзіцца на адлегласці 50 см ад вачэй, крыху вышэй за ўзровень вачэй.

Глядзець тэлевізар дашкольніку можна 40 хвілін у дзень, пасля 7 гадоў — ад 1,5 да 3 гадзін з перапынкамі 15-20 хвілін. Адлегласць — не менш за 2,5 м (чым большая дыяганаль, тым далей трэба сядзець).

Вочы надта перагружаюцца падчас чытання ў транспарце, пры недастатковым асвятленні (пры святле толькі адной настольнай лямпы), пры надта моцным сонечным святле.

А, Е, С і гульня з мячом

Харчаванне павінна быць як мага больш разнастайным, паколькі розныя прадукты змяшчаюць розныя карысныя рэчывы. Прадукты, багатыя на вітамін А, гэта печань, масла, сыр, яйкі, гародніна; С — самыя розныя ягады, фрукты і гародніна, шыпшына; Е — алеі, малочныя прадукты, печань, яйкі, аўсянка, жытні хлеб, арэхі.

Для прафілактыкі пагаршэння зроку абавязкова патрэбны правільны рэжым дня, у тым ліку паўнацэнны сон, штодзённыя прагулкі на свежым паветры.

Дзецям з блізарукасцю рэкамендуюцца плаванне, лыжы, бег, грэбля, фігурнае катанне, бадмінтон, тэніс, валейбол, футбол. Гульні з мячом, неабходнасць сачыць за ім і іншымі гульцамі развіваюць факусіроўку ўнутрывочнай мышцы.

Проціпаказаны бокс, барацьба, цяжкая атлетыка, хакей, мотаспорт, скачкі з трампліна, у даўжыню і вышыню, усе віды спорту, звязаныя з вялікім фізічным напружаннем, рэзкім перамяшчэннем цела і яго страсеннем.

Глядзі ўлева, глядзі ўправа

Навучыце дзіця 2-3 разы на дзень выконваць для расслаблення і ўмацавання вочных мышцаў простыя практыкаванні.

* Павольна рухаць вачыма ўверх-уніз, улева-ўправа.

* Уявіць вялікі круг і абвесці яго вачыма спачатку ў адзін бок, пасля ў другі.

* Перавесці вочы з блізкага прадмета на той, што ўдалечыні.

* Моцна заплюшчыць вочы на некалькі секундаў, пасля адкрыць і глядзець удалечыню.

* Хутка міргаць 1-2 хвіліны

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.