Вы тут

Скіраванасць на канструктыўную працу


ў інтэграцыйных аб'яднаннях чарговы раз прадэманстравала наша краіна.

Напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў з рабочым візітам Маскву. Кіраўнік беларускай дзяржавы прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы Савета кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД, пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, паведамляе БЕЛТА.

11-29

8 мая Прэзідэнт усклаў вянок да магілы Невядомага салдата ў Маскве. Удзел у цырымоніі таксама прынялі старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка, генеральны сакратар Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы Мікалай Бардзюжа і старшыня Цэнтральнага камітэта Кампартыі Расіі, кіраўнік фракцыі КПРФ у Дзярждуме Генадзь Зюганаў.

На сустрэчы лідараў СНД Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь рашуча асуджае спробы перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны.

«Мы рашуча асуджаем спробы перадаць забыццю гераічныя падзеі таго часу, перагляду вынікаў вайны, выраўноўвання адносінаў да ахвяр і катаў (многія ўжо сёння ставяць іх на адну дошку), гераізацыі нацызму, рэабілітацыі фашысцкіх злачынцаў. Мы выступалі і выступаем катэгарычна супраць гэтага», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што гэтая пазіцыя краіны неаднаразова гучала на міжнародных форумах. «Беларусі няма чаго саромецца за сваю пазіцыю, мы заўсёды называлі рэчы сваімі імёнамі ў найноўшай гісторыі і прытрымліваліся аднаго і таго ж курсу асуджэння фашызму і нацызму», — сказаў беларускі лідар.

«Нашы народы ўнеслі вырашальны ўклад у разгром фашызму і страцілі найбольшую колькасць людзей. Напрыклад, у Беларусі загінуў кожны трэці», — адзначыў Прэзідэнт. «Бацькі нашы разам ваявалі, і ад нашых дзеянняў сёння залежыць, што будзе памятаць наступнае пакаленне пра тую вырашальную ролю, якую адыгралі народы дзяржаў СНД у разгроме гітлераўцаў», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Мы часта гаворым пра тое, што Перамога адзіная і непадзельная. Нам сапраўды тут дзяліць няма чаго. Мы не бухгалтары, і няма чаго тут лічыць па ўдзельнай вазе ўзровень таго ці іншага ўдзелу ў гэтай вайне. Перамог не рускі, не беларус, не казах, не кіргіз, не ўзбек, не таджык — перамог тады савецкі народ, вялікі савецкі народ прынёс нам Вялікую Перамогу», — сказаў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка лічыць гэта вельмі актуальным сёння. «Гэта павінна працаваць на аб'яднанне нашых дзяржаў і нашых народаў», — падкрэсліў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што праблемы ў гэтым плане ёсць. «Калі ўжо быць абсалютна шчырым, то дрэннымі мы апынуліся спадчыннікамі для тых ветэранаў вайны, якія яшчэ жывыя, і асабліва для тых 30 млн, якія не прыйшлі з вайны, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы не збераглі тую краіну, якую яны абаранялі. Больш за тое, цямніць няма чаго, на постсавецкай прасторы дастаткова было канфліктаў і сёння існуе канфліктная сітуацыя ў брацкай нам Украіне. Чым раней мы вырашым гэтую праблему, тым лепш будзе для сённяшняга пакалення».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў удзельнікам пасяджэння абмеркаваць украінскае пытанне.

«Цяпер украінскі бок дэ-факта згортвае ўдзел у дзейнасці СНД, не фінансуе агульны бюджэт, а ён другі быў па колькасці напаўнення бюджэту пасля Расіі, не ўдзельнічае ў планавых мерапрыемствах, адклікаў пастаяннага паўнамоцнага прадстаўніка», — адзначыў беларускі лідар. «Разам з тым выхаду Украіны з СНД наўрад ці варта чакаць», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

«Я шмат размаўляў з кіраўніцтвам Украіны пра тое, што спяшацца не трэба, калі ўжо не хочацца бываць на пасяджэннях, то можна не прыязджаць, дапусцім, як сёння. Але навошта сыходзіць? Потым увайсці будзе больш складана», — сказаў Прэзідэнт Беларусі. У якасці прыкладу ён прывёў Грузію. «Думаю, што нашы сябры ва Украіне разумеюць гэта», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для краін СНД Украіна вельмі важная і ўдзельнікам пасяджэння варта больш канструктыўна падысці да ўкраінскага пытання.

На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Прэзідэнт Беларусі заявіў, што Еўразійскі эканамічны саюз набыў абрысы моцнага інтэграцыйнага аб'яднання, нягледзячы на складаныя стартавыя ўмовы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ініцыятывы як беларускага боку, так і партнёраў падтрыманы і знайшлі сваё адлюстраванне ў парадку дня пасяджэння. «Гэта пазітыўны знак таго, што ўсе нашы канструктыўныя, а нярэдка і крытычныя пажаданні камісіяй пачуты, аператыўна прыняты ў распрацоўку і сталі для яе кіраўніцтвам да дзеяння», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. «Спадзяюся, што і практычныя вынікі, у тым ліку па ліквідацыі выключэнняў, стварэнні ўмоў для росту ўзаемнага тавараабароту, таксама не прымусяць сябе чакаць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Па выніках пасяджэння кіраўнікі дзяржаў падпісалі ўсе рашэнні, звязаныя з далучэннем Кыргызстана да Еўразійскага эканамічнага саюза. Кыргызстанскаму боку ў кароткі тэрмін удалося правесці вялікую працу па аснашчэнні мытных пастоў, а таксама ветэрынарных лабараторый у адпаведнасці з патрабаваннямі ЕАЭС. Прэзідэнтамі было выказана агульнае пажаданне не зацягваць ратыфікацыйныя працэдуры.

Прэзідэнты краін Еўразійскага эканамічнага саюза таксама зацвердзілі канцэпцыю стварэння агульнага электраэнергетычнага рынку. Паводле планаў, ён павінен запрацаваць да 2019 года. У далейшым нароўні з электраэнергетычным рынкам у ЕАЭС плануецца стварыць агульны рынак іншых энергарэсурсаў.

Акрамя таго, кіраўнікі ЕАЭС даручылі Еўразійскай эканамічнай камісіі пачаць працу над усёабдымным пагадненнем аб партнёрстве і супрацоўніцтве з Кітаем. Дадзенае маштабнае пагадненне стане першым дакументам такога кшталту ў міжнародным супрацоўніцтве ЕАЭС. Яно створыць базавыя ўмовы для развіцця партнёрства бакоў.

У рамках вячэрніх мерапрыемстваў у Маскве ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадурам, Прэзідэнтам В'етнама Чыонг Тан Шангам, Прэзідэнтам Кіпра Нікасам Анастасіядзісам, Прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам, Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і прэм'ер-міністрам Славакіі Робертам Фіцо.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.