Вы тут

Ой, баюся!


Як вылечыць фобію?

Каб пераадолець страхі перад невядомым, нашы продкі выдумвалі міфы, паданні, выконвалі пэўныя рытуалы, аднак з цягам часу архаічны страх нікуды не падзеўся, паколькі ён засцерагае чалавека ад рэальнай небяспекі. У спадчыну нам засталіся страхі перад павукамі, змеямі, прыроднымі з'явамі, крывёй, цемрай. Страх адштурхоўваецца ад рэальнасці, а таму ён абгрунтаваны. Чаго не скажаш пра фобію, не звязаную з рэальнай небяспекай. Чалавек, які пакутуе ад фобіі, перажывае страх нават ад самой думкі пра пэўны прадмет або сітуацыю. У пацыентаў, якія пакутуюць ад фобіі вышыні, нават падчас прагляду фотаздымкаў гор могуць узнікаць тыя ж сімптомы, якія былі б пры знаходжанні там.

11-13

Фобія мае свае праявы з боку вегетатыўнай нервовай сістэмы: халодныя рукі, халодны пот, бледны твар, тахікардыя, пачуццё «замірання» сэрца, пачашчанае дыханне.

— Дыягназ фабічнага расстройства выстаўляецца ў нас надзвычай рэдка, — кажа ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Алена ДРАВІЦА. — Беларусы лечацца ад фобій, толькі калі гэты стан пагражае, скажам, стратай працы або немагчыма пазбегнуць сутыкнення з аб'ектам страху. Нехта можа мець сацыяльную фобію — страх публічных выступленняў, да якіх ніяк не ўдаецца прыстасавацца, а прафесія, тым не менш, патрабуе. Некаторыя прыходзяць непасрэдна перад візітам да стаматолага, палётам на самалёце. Аднак для пераадолення фобіі патрэбна не толькі матывацыя, але і час.

Розныя школы псіхатэрапіі маюць свае погляды на паходжанне фобій. Самы папулярны падыход разглядае фобію як рэфлекторную рэакцыю на балючы, застрашлівы стымул. Звычайна сам чалавек выдатна ўсведамляе неабгрунтаванасць, недарэчнасць свайго страху, аднак не можа яго пераадолець, а проста імкнецца пазбягаць тых сітуацый, у якіх з'яўляецца фобія. Аднак пазіцыя «страуса» толькі ўзмацняе фобіі.

Класічнай працай у даследаванні фобій з'яўляецца работа Зігмунда Фрэйда «Аналіз фобіі пяцігадовага хлопчыка», у якой разглядаецца фобія коней маленькага Ганса. Фрэйд лічыў, што фобіі — гэта праява глыбокіх унутраных канфліктаў. Крыніцай такога канфлікту могуць быць негатыўныя дзіцячыя ўражанні, асацыяцыі, якія нараджаюць страх, а фобія — гэта выйсце, выбранае падсвядомасцю для прадухілення канфлікту. Фобіі фарміруюцца звычайна ў выніку праекцыі страху і агрэсіі на нейкі аб'ект.

Класічныя прыклады

Фобіі з'яў прыроды (паветра, аблокаў, лёду, ночы, цемры, сонечнага святла, грому і маланкі).

Фобіі сітуацый (пільнага разглядвання іншымі, дотыку, сексуальнага дамагання, крытыкі, шлюбу, хірургічнай аперацыі; быць незаў-
важаным, асмяяным, перапэцканым).

Фобіі рэчываў (алкаголю, пылу, мяса, гародніны).

Фобіі станаў (болю, млосці, страты прытомнасці, слабасці, старэння, сноў, адзіноты, няўдачы, кахання).

Фобіі захворванняў (раку, інфаркту, інфекцыі, траўмы, сіфілісу, туберкулёзу, венерычных захворванняў).

Фобіі жывёл (самых розных, а таксама футра і скуры жывёл, мурашак, птушак, мышэй).

Фобіі прадметаў (асіметрычных, малых, вялікіх, веласіпедаў, камп'ютараў, лялек, птушынага пер'я).

Фобіі людзей (людзей наогул, грамадства, прыгожых жанчын, лысых, уласнага адлюстравання, жабракоў, дзяцей, кітайцаў, клоўнаў, стаматолагаў).

Фобіі дзеянняў (плаваць, класціся спаць, весці машыну, нараджаць, пераязджаць, перасякаць вуліцу, танцаваць, хадзіць да ўрача, лячыць зубы, публічна выступаць).

Фобіі цела (непрывабнасці ўласнага цела, крыві, цялесных пахаў, валасоў, маршчын, аблысення).

Фобіі часу і смерці (часу і гадзіннікаў, памірання, могілак, трупаў).

Фобіі абстрактных паняццяў (ідэй, ведаў, бясконцасці, сіметрыі, слоў, лічбаў).

Фобіі месцаў (навакольнай тэрыторыі, пустых пакояў, тэатраў, вузкіх калідораў)

Як лячыць?

Найбольш эфектыўным лячэннем лічыцца спалучэнне псіхатэрапіі з медыкаментамі. Аднак урач можа прызначыць і асобна супрацьтрывожныя сродкі або толькі псіхатэрапеўтычныя метады.

Як выхоўваць?

Фобіі фарміруюцца, як правіла, у дзяцінстве, а значыць, задача бацькоў — любіць, быць спакойнымі і ўраўнаважанымі. Не варта празмерна крытыкаваць або апякаць дзіця. Важна быць уважлівымі і чуллівымі, заахвочваць дзіця на праяўленне эмоцый з дапамогай слоў, дзеянняў, творчасці, рухальнай актыўнасці.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.