Вы тут

Да чорцікаў...


Загадчык рэабілітацыйнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Уладзімір ІВАНОЎ папулярна тлумачыць, як пачынаецца і чым заканчваецца «злоўжыванне».

11-5

Вы не залежыце ад алкаголю, калі...

...выпіваеце рэдка і ўмерана;

...раніцай не маеце непрыемных адчуванняў;

...каштуеце дзеля дэгустацыі;

...вас немагчыма ўгаварыць выпіць, калі вы гэтага не жадаеце;

...алкаголь для вас — далёка не галоўнае задавальненне;

...вашы сваякі кажуць пра вас «Ён/яна не п'е»;

...вырашаеце праблемы, а не топіце іх у віне.

Вы на шляху да алкагалізму, калі...

...выпіваеце больш за адну бутэльку піва штодня;

...павялічваеце колькасць, выпіваеце не толькі па святах;

...выпіваеце для зняцця стрэсу, расслаблення, на радасцях;

...вас можна ўгаварыць выпіць;

...давалі абяцанне не піць, але парушалі яго;

...кажаце, што вас напаілі;

...вам расказвалі, як вы танцавалі, падалі, паказвалі шоу і г.д.

У вас першая стадыя хранічнага алкагалізму, калі...

...дзень пачынаецца з планавання выпіўкі;

...настрой павышаецца ад планавання выпіўкі;

...можаце выпіць і 400 г гарэлкі — і як быццам не пілі;

...ганарыцеся папярэднім фактам;

...сяброў забаўляе тое, што вы робіце ў п'яным стане;

...лічыце, «калі быў п'яны — значыць, ні ў чым не вінаваты»;

...любіце размовы пра алкаголь, анекдоты пра п'яніц;

...ніяк не рэагуеце на заўвагі сваякоў адносна сваіх паводзін.

У вас фізічная залежнасць, калі...

...вы разумееце, што ёсць праблема;

...спрабуеце «завязаць», аднак нічога не атрымліваецца;

...лепш працуеце нападпітку;

...вам цяжка заснуць без алкаголю;

...можаце не памерці і пасля 2 бутэлек гарэлкі;

...выдатна ведаеце, што такое пахмелле;

...вы эксперт па прывядзенні сябе ў нармальны стан;

...лечыцеся тым, чым атруціліся — алкаголем;

...выпіваеце некалькі дзён запар, але здольны пайсці на працу;

...ваш партнёр па шлюбе сышоў ці збіраецца гэта зрабіць;

...ёсць пэўныя праблемы на працы;

...сярод сяброў — толькі пітушчыя.

Поўная дэградацыя, калі...

...вы часта бачыце чорцікаў, мышэй, НЛА;

...ведаеце, што такое белая гарачка;

...бывалі ў наркааддзяленні бальніцы;

...вам бывае вельмі дрэнна;

...здольны напіцца з бутэлькі піва;

...абсалютна не хочацца есці;

...вага ніжэйшая, чым у маладосці;

...у вас няма працы;

...вы ходзіце ў брудным адзенні;

...падалі і засыналі там, дзе ўпалі;

...вы яшчэ не ў шэрагу бамжоў;

...не замерзлі зімой на вуліцы;

...калі б гэта здарылася, вашы блізкія ўздыхнулі б з палёгкай.

У канфлікце з сабой

Многія людзі, якія пакутуюць ад алкагалізму ці бытавога п'янства, не атрымліваюць задавальнення ад алкаголю. Гэта залежнасць для іх пакутная, хваравітая. Залежны ад алкаголю можа залежаць ад інтэрнэту ці нават іншых людзей, бо гэта дапамагае пераадолець нейкі стрэс — эмацыянальны, інтэлектуальны, фізіялагічны... Пры гэтым для залежнага алкаголь — не проста спосаб пераадолець нейкі дыскамфорт, вырашыць бытавыя праблемы. Як правіла, мае месца глыбокі канфлікт унутры асобы, моцнае ўнутранае напружанне, якое спрыяе прывязанасці да этанолу.

Вялікае жаданне

Выпівайце рэдка. І не шмат. Не хавайцеся за адгаворкамі, што выпіваеце, «як усе». Усе п'юць па-рознаму. Калі вы не здольныя кантраляваць алкаголь, значыць, звяртайцеся па дапамогу да ўрача. Не скаціцца ў самы ніз можна толькі пры вялікім жаданні «не піць».

Не налівай ёй!

Жанчыны пачынаюць злоўжываць на 5-8 гадоў пазней за мужчын, а таму ўзрост фарміравання алкагольнай залежнасці прыпадае ў іх на 35-50 гадоў. Раней адна жанчына з алкагольнай залежнасцю сустракалася сярод 11-12 мужчын-алкаголікаў, цяпер — сярод 5-6.

Прывыканне ў прыгожага полу адбываецца хутчэй, чым у мужчын (у сярэднім пасля 8 і 16 гадоў злоўжывання адпаведна). На тое ёсць свае прычыны.

У жаночым арганізме менш вады, чым у мужчынскім, што прыводзіць да больш высокай канцэнтрацыі алкаголю ў крыві.

У перадменструальны час алкаголь хутчэй усмоктваецца са страўніка.

Актыўнасць некаторых ферментаў, якія расшчапляюць алкаголь, ніжэйшая.

Абстынентны сіндром (пахмелле) выяўляецца не так моцна, што дазваляе доўгі час не звяртацца па дапамогу да нарколага.

Жанчыны часта пачынаюць піць па прычыне дрэннага настрою, хранічнай дэпрэсіі, неўрозаў.

У жанчыны, чые бацькі злоўжывалі, больш шанцаў захварэць на алкагалізм, чым у мужчыны з нядобрай спадчыннасцю.

У 70 працэнтаў жанчын-выпівох муж — алкаголік.

Лечыцца жаночы алкагалізм не горш і не складаней за мужчынскі, бо галоўнае ў кожным асобным выпадку — жаданне змагацца з праблемай.

Адно слова — атрута

Вы верыце, што існуюць спосабы «абясшкоджвання» алкагольных напояў? Атрымання ад іх карысці? Што ж, вы нічога не ведаеце пра алкаголь, а гэта недаравальна.

Асноўнае «актыўнае» рэчыва любога алкагольнага напою — этанол. Дзейнічае ён абсалютна аднолькава. Значэнне маюць толькі тры рэчы: у якой канцэнтрацыі вы ўжылі этанол, як менавіта вы яго ўжылі і наколькі лёгка «градусы» засвойваюцца вашым арганізмам.

Вучоныя ўжо даўно не бачаць неабходнасці ў тым, каб даказваць відавочнае: алкаголь — гэта алкаголь. У розны час у свеце было праведзена шмат выпрабаванняў адносна ўздзеяння алкагольных напояў на арганізм чалавека. Так, у 1970-м замежныя даследчыкі некалькі дзён запар давалі бамжам-алкаголікам спачатку гарэлку, а пасля яшчэ некалькі дзён бурбон. Нейкіх істотных адрозненняў у паводзінах выяўлена не было. Абодва напоі спачатку рабілі паддоследных больш кантактнымі, а пасля паглыблялі ў трывогу, дэпрэсію і варожасць.

У 1990-х адзін псіхолаг звярнуў увагу на тое, што людзі, якім прапануюць выпіць незнаёмы напой (у межах эксперымента гэта была сумесь блакітнага колеру з канцэнтратам мяты), перажываюць больш моцнае ап'яненне.

Наогул добра вядома, што ў алкагольных напоях ёсць не толькі этанол, але і іншыя рэчывы. Яны таксама ўплываюць на наша самаадчуванне. Некаторыя са згаданых рэчываў больш таксічныя, што прыводзіць да больш цяжкага пахмелля. Некаторыя хімічныя злучэнні, якія ўтвараюцца падчас вырабу віскі, піва, чырвонага віна, выклікаюць даволі моцныя непрыемныя адчуванні на наступны дзень пасля ўжывання. Адным з гэтых рэчываў з'яўляецца метанол, які не метабалізуецца, пакуль арганізм не выведзе этанол. Урэшце метанол ператвараецца ў фармальдэгід і мурашыную кіслату — нейратаксіны, якія выклікаюць дрэннае самаадчуванне.

Адной з прычын пахмелля вучоныя сапраўды называюць колькасць пэўных злучэнняў у кожным канкрэтным напоі. Устаноўлена, што алкаголь з невялікай колькасцю такіх злучэнняў і больш высокай колькасцю этанолу — джын, гарэлка — выклікае меншае адчуванне пахмелля, чым брэндзі або чырвонае віно.

Так, удзельнікі аднаго эксперымента паведамлялі пра больш інтэнсіўнае адчуванне пахмелля пасля ўжывання віскі «Бурбон» (з вялікай колькасцю згаданых злучэнняў), чым пасля гарэлкі. Але абодва напоі аднолькава ўздзейнічалі на сон, адчуванне часу, маторыку, памяць і ўвагу на наступны дзень пасля ўжывання.

Пераканаўчых даных адносна сродкаў для папярэджвання пахмелля або яго лячэння па-ранейшаму не існуе. Адзіным эфектыўным спосабам застаецца ўмеранае ўжыванне або поўнае адмаўленне ад алкаголю! Гэта няцяжка, калі памятаць, што алкаголь — адзін з самых небяспечных прадуктаў, які забівае велізарную колькасць людзей; што гэта атрута для ўсіх сістэм арганізма, асабліва для печані, сэрца і мозга

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.