Вы тут

Калі страчваецца памяць


На жаль, дзіцячая памяць не ўмее вызначаць прыярытэты, таму часам нешта істотнае і важнае для цяперашняй сітуацыі застаецца не такім яркім, як эмацыйныя эпізоды далёкага дзяцінства.

11-21

Хацелася б мне сёння паслухаць яшчэ раз бабуліны аповеды, як яна з маленькім унукам і дачкой уцякалі з захопленых гітлераўцамі родных мясцін пад Шумілінам. Чатырнаццаць дзён без хлеба і вады прасядзела бабуля ў самаробным сховішчы, згубіўшы спадарожнікаў, потым здолела адшукаць іх і ўжо разам трапіць у эвакуацыю ў Саратаўскую вобласць Расіі.

Можна, вядома, і пасумнявацца наконт чатырнаццаці дзён, але ўсё астатняе — правераная жыццём праўда, пра што можа і пацвердзіць жывы, дзякуй Богу, бабулін унук, сірата Сямён, які стаў марскім афіцэрам, выгадаваў двух сыноў і сёння — на заслужаным адпачынку.

На жаль, не стала ўжо ні цёткі, у якой муж загінуў у ваенным эшэлоне на другі дзень пасля вяселля, ні мамы, якая ледзь выжыла ў ленінградскую блакаду, ні другіх маіх родных і блізкіх, якія перанеслі той жудасны ваенны час. Я падлічыў, што з сямі маіх родных дзядзькоў па мамінай і бацькавай лініі, што ваявалі на фронце, пяцёра загінула ў баях.

Адно толькі, што ніхто з родных, на шчасце, не трапіў у гета, у палон, у канцлагер...

Вызваленне Беларусі ад захопнікаў звяло ў разбураным амаль ушчэнт Полацку маіх бацьку і маці, каб у 48-м у старажытным чырвоным будынку раддома насупраць Сафійскага сабора нарадзіўся я.

Так вось асабісты лёс звязаў мяне з тым гераічным і шматпакутным часам, што некаму здаецца сёння далёкай гісторыяй, пра якую здымаюць і баевікі, і нават, што страшна, камедыі.

«Мёртвым не баліць» — назваў адзін са сваіх твораў былы франтавік, вялікі наш пісьменнік Васіль Быкаў. Не ведаю, як ім, але жывым павінна балець тая праўда пра страшную вайну, у якой гінулі мільёны, пра імкненні адных вяршыць суд над тымі, каго яны лічылі недачалавекамі, пра спаленыя гарады і вёскі, пра малых сірот і скалечаныя людскія лёсы.

Вайна — гэта тая бяда, якая не абыходзіць бокам ні багатых, ні бедных, ні хворых, ні здаровых. Нават тыя, хто нажываюцца на ёй, не застрахаваны ад выпадковых часам трагедыйных выпадкаў, бо малох смерці, выкліканы людзьмі, не выбірае ахвяр, ён пажырае ўсё, што трапляецца на яго шляху.

Колькі разоў у гісторыі пасля кровапралітных баёў ацалеўшыя і перамогшыя думалі ў шчаслівым спадзяванні, што ўсё страшнае закончана, што болей ніколі не будуць гаварыць з людзьмі кулі і гарматы...

І стараліся забыцца, не гаварыць, не ўспамінаць. Памятаю, як нават мой бацька-франтавік, які перанёс і акружэнне, і перадавую, і рукапашныя атакі, пачытаўшы «лейтэнанцкую прозу» Быкава, Бакланава, Бондарава ціха пытаўся ў мяне:

— А можа, не трэба для маладых такое? Дужа ж страшна, а хочацца нечага светлага і прыгожага.

— Дык гэта праўда, тата? — пытаўся я.

— Праўда, сынок, — адказваў бацька, — ды яшчэ якая!

Так, ад праўды і ад памяці не схавацца. Але можна яе перавярнуць, абылгаць, прынізіць. І тады з'яўляюцца новыя ідэі і новыя правадыры, у якіх галоўны аргумент — зброя.

І зноў гінуць людзі, і зноў палаюць дамы, і зноў сіроты блукаюць па знявечанай грозным жалезам зямлі...

І так, на жаль, заўсёды, калі хоць на момант чалавецтва страчвае памяць.

Усяго найлепшага, міру вам і шчасця!

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.