Вы тут

З вышыні Кургана (+відэа)


Гісторыя аднаго тосту пра каханне.

Пачалося ўсё з нечаканага прыезду да бацькоў жонкі іх старой сяброўкі. Паварушыцца ў патрэбны момант гэта дапамагло, бо для сябе заўсёды лянуешся, а для госця хочацца ўсё зрабіць.

P1010043

Надвор'е было выдатнае, таму пасля парада вырашылі ўсе разам ехаць на лецішча. Прыгажосць: усё цвіце і пахне, як той казаў. Дачка бегае па ўсім участку і хоча памацаць кожную кветачку, кожны кусцік, кожнае дрэўца — гэта яе першая свядомая вясна. Дарослыя заняты гаспадарчымі справамі і прыгатаваннем ці то абеду, ці то вячэры. Карацей, нейкай смачнай трапезы.

Селі за стол. Адкаркавалі святочную бутэльку шампанскага. Але надта келішкамі не працавалі. Тры разы іх толькі паднялі. Па-першае, за Перамогу. Потым госця падзякавала за добры прыём гаспадарам — і выпілі «за нас за ўсіх». А пасля кожнага прымусіў задумацца мой цесць.

— Чамусьці трэці тост прынята піць «за каханне», — сказаў ён. — Тады варта выпіць за тых, хто кахаў, але каму дакахаць не дала вайна. Былі ж тыя хлопцы і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны, што закахаліся, сустракаліся, а можа быць, ужо і ажаніліся да пачатку вайны. І раптам згубілі адно аднаго. Мажліва, нехта ўсё жыццё працягваў кахаць таго, хто загінуў, знік без вестак...

Выпілі моўчкі. Потым патрошку, як гэта звычайна бывае, сум некуды знік. Наноў усе ажывіліся, пайшлі тое-сёе яшчэ па гаспадарцы зрабіць, пакуль не сцямнела. А ўвечары вырашылі паехаць на блізкі да нас Курган Славы, каб паглядзець з яго вышыні салют, які будуць даваць у Мінску. Добра, што жонка мая «з правамі» — завезла нас.

Мы пад'язджалі і думалі, што будзем ледзь не адны на Кургане сярод ночы. Але памыліліся. Не было куды паставіць машыну. «Як думаеце, адсюль будзе відаць салют?» — пытаўся нехта, выходзячы з аўто і спяшаючыся ў бок знакамітага мемарыяла.

Першы залп адбыўся, калі мы толькі падыходзілі да Кургана. Натоўп, які расцягнуўся па ўсіх лесвіцах і пляцоўках, а таксама земляным схіле, узрадавана загуў. Пад другі залп далучыліся да народу і мы. Дзеці крычалі: «Перамога!» Народ спяваў «Катюшу». «А ў нас на лецішчы і сапраўды «Расцветали яблони и груши...» — падумалася мне.

Прыйшла і іншая думка: усе гэтыя людзі прыехалі сюды парадавацца. Таму што яны маюць магчымасць быць шчаслівымі. Таму што перамагла любоў, а не нянавісць. Нездарма людзі кажуць пра каханне, а не бязлітасць да ворага. Бо зло нараджае зло. Уся наша бязлітаснасць скончылася 70 гадоў таму. І, будзем спадзявацца, што ніхто не захоча яе абудзіць.

Відаць былі залпы з усіх пляцовак у Мінску. І прыемна станавілася, што гэта былі залпы салюту, а не сапраўдных гарматных стрэлаў. Бо на такой адлегласці мы б і не заўважылі розніцы. Усё гэта насамрэч выглядала так, як паказваюць у сюжэтах тэлебачання пра вайну. Карэспандэнт стаіць на нейкім узвышшы, а за ім горад, па якім страляюць. Снарады ўзрываюцца ў горадзе, і такім жа чынам відаць светлавыя ўспышкі. Вось гэтак жа далёка мы знаходзімся ад той Перамогі. І каб убачыць святло ад яе, трэба троху падняцца. А каб убачыць, што гэта святло ад салюту, а не ад выбухаў, варта напружыцца і ўстаць зусім высока.

Я не думаю, што тыя дзеткі, якія крычалі «перамога!», пакуль што самую сутнасць гэтага слова разумеюць. Так, толькі паўтараюць за дарослымі. Але паўтараюць правільныя рэчы. ПЕРАМОГА. Любові над нянавісцю.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».