Вы тут

Нізкі паклон!


Святкаванне Дня Перамогі ў Магілёве пачалося яшчэ напярэдадні, калі на набярэжнай Дняпра развярнулася вялікае тэатралізованае прадстаўленне з удзелам самалётаў і парашутыстаў. Паглядзець яго прыйшлі каля 120 тысяч гараджан. А 9 Мая тысячы магіляўчан разам з маленькімі дзецьмі віталі ўдзельнікаў святочнага шэсця. Ветэранаў Вялікай Айчыннай, якія ехалі па галоўнай вуліцы горада — Першамайскай — на рарытэтных аўтамабілях, сустракалі апладысментамі.

11-40

Цяжка было стрымаць слёзы, калі па горадзе прайшоў «Бессмяротны полк». Дзеці і дарослыя неслі ў руках партрэты сваіх гераічных продкаў, многія з якіх не вярнуліся з вайны і дагэтуль значацца зніклымі без звестак. А яшчэ навучэнцы 42 магілёўскіх школ і гімназій зрабілі палотнішчы памяці агульнай працягласцю 300 метраў і на кожным сантыметры гэтых сцягоў напісалі прозвішчы сваіх ваяваўшых прадзедаў. Неслі іх 850 навучэнцаў.

— Роўна 70 гадоў таму над Рэйхстагам узвіўся сцяг Перамогі, якая каштавала нам мільёны жыццяў, — звярнуўся да магіляўчан губернатар Магілёўскай вобласці Уладзімір Даманеўскі. — Да вайны ў нашай вобласці жыло каля 1,4 мільёна чалавек, пасля яе лічба зменшылася ўдвая. Мы ніколі не забудземся пра вялікі подзвіг нашых бацькоў і дзедаў, якія развеялі міф аб непераможнасці нямецкай арміі. Нізкі паклон вам, ветэраны!

Памяць загінулых удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання, у іх гонар прагучалі трохразовыя ружэйныя залпы. Да Вечнага агню і мемарыяльных пліт на плошчы Славы паклалі кветкі. Падарункам для ветэранаў стаў святочны канцэрт, які адбыўся пасля мітынгу.

Не засталіся без увагі і тыя ўдзельнікі вайны, якія сустракалі Дзень Перамогі на бальнічных ложках. Напярэдадні свята прадстаўнікі абласнога і гарадскога кіраўніцтва наведалі шпіталь ветэранаў. Яны атрымалі падарункі і віншаванні, а медустановы — сертыфікаты на медабсталяванне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.