Вы тут

Лю Мяо: «Беларусь — краіна з вялікай культурай...»


Візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь суправаджаецца цэлым шэрагам важных творчых, інфармацыйных праектаў, якія дазваляюць выбудаваць больш трывалыя масты ў стасунках Беларусі з Кітаем. У Пекіне, у прыватнасці, завяршыліся Дні культуры Беларусі ў КНР. Гасцямі адразу некалькіх гарадоў Кітая — Пекіна, Ланьюнгана і Сюйчжоу — былі журналісты вядучых СМІ нашай краіны. Не выпадковай у гэтым шэрагу аказалася сустрэча карэспандэнта «Звязды» з кіраўніком Цэнтра беларускай культуры ў Кітаі, вядомым кітайскім мовазнаўцам спадарыняй Лю Мяо. І вось пра што ішла гаворка.

[caption id="attachment_82917" align="alignnone" width="600"]11-20 Перакладчык і мастак Гао Ман (злева) — вядомы арганізатар беларуска-кітайскага культурнага пабрацімства.[/caption]

— Раскажыце, калі ласка, як даўно працуе Цэнтр беларускай культуры?

— Адразу заўважу, што гэты сапраўды творчы асяродак у 2-м Пекінскім дзяржаўным універсітэце нам дапамагло стварыць Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітаі. Мы вельмі ўдзячны за прадастаўленыя матэрыялы. Студэнты, выкладчыкі нашай, трэба заўважыць, немалой ВНУ зараз маюць магчымасць адкрываць для сябе далёкую краіну, беларускі народ. Рэпрадукцыі партрэтаў дзеячаў культуры, мастацтва, навукі, асветнікаў, палітыкаў, герояў Беларусі, змешчаныя ў нашым цэнтры, адлюстроўваюць дзяржаўныя інтарэсы, гісторыю багатай на традыцыі і памяць краіны. Лётчык Карват і легендарныя пясняр Мулявін, кіраўнік рэспублікі Машэраў і пісьменнік Купала — усе ахвотныя могуць угледзецца ў іх твары, прачытаць у іх вачах лёсавызначальныя для Беларусі падзеі, любоў да роднай краіны.

— Але ж, пагадзіцеся, да ілюстрацый трэба дадаваць інфармацыйную работу. Толькі тады краіна, яе народ па-сапраўднаму адкрыюцца...

— Так. Я гаварыла пра першаштуршок цікавасці. У нас на рускім аддзяленні ўніверсітэта займаецца каля 300 студэнтаў. Вось руская мова і становіцца мастом для пранікнення ў Беларусь, для азнаямлення з вашай гісторыяй і культурай, літаратурай, а пасля і з беларускай мовай. Тым болей, што я ведаю: у вашай краіне дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская.

— Спадарыня Лю, і ўсё ж, калі гэта магчыма, пра канкрэтныя крокі ў вывучэнні Беларусі...

— Мы знаходзімся на самым пачатку шляху да спасціжэння Беларусі, адкрыццяў, звязаных з вашай краінай. Спадзяюся, у многім гэтай рабоце паспрыяе ўжо сам факт візіту Старшыні Сі Цзіньпіна ў вашу краіну. Мы зараз спланавалі штоквартальны выпуск своеасаблівага беларуска-кітайскага альманаха, куды збіраемся ўключыць матэрыялы нашых студэнтаў і выкладчыкаў, прысвечаныя самым розным аспектам гісторыі і культуры Беларусі. Збіраемся расказаць пра найболей яркія факты ў падзеях Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі вашай краіны, пра герояў і дзяржаўных дзеячаў. Будзем рады, калі аўтарамі гэтага праекта стануць і беларускія даследчыкі. Каму, як не самім беларусам (няхай сабе і ў кітайскім друку), расказваць пра Беларусь. Падштурхне да хутчэйшай рэалізацыі ідэі з выданнем альманаха і правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі па вывучэнні беларуска-кітайскіх гістарычных і культурных стасункаў. Дарэчы, у нас ужо з'явіліся кантакты з лінгвістычным універсітэтам у Мінску. І мяркую, што будучая канферэнцыя не абыдзецца без выкладчыкаў і студэнтаў гэтай ВНУ.

— Тым больш, што падобныя канферэнцыі ў самой Беларусі наладжваліся ўжо некалькі разоў. Іх, як правіла, арганізуе факультэт міжнародных адносінаў БДУ і Інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ...

— Мы ведаем, што стасункі Кітая і Беларусі ў галіне адукацыі набылі досыць маштабны характар...

— Вось і ў адной з буйных карпарацый у горадзе Ланьюнгане я сустрэў былога студэнта філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Цзін Суна, які з вялікай цеплынёй расказваў мне, што чытаў па-беларуску і Васіля Быкава, і Уладзіміра Караткевіча...

— І такіх прыкладаў сёння ў Кітаі шмат. Важна ўжо кансалідаваць сілы, якія маюць цікавасць да Беларусі, беларускай гісторыі і культуры. А ў чымсьці і ранейшы вопыт узгадаць. Па бібліяграфіі я ведаю, як актыўна ў Кітаі перакладалі Васіля Быкава, Івана Шамякіна. Ведаю, што і працягвае працаваць шчыры руплівец на ніве прапаганды рускай, украінскай і беларускай літаратур перакладчык і каліграф Гао Ман. Мы збіраемся наладзіць ва ўніверсітэце выставу рэпрадукцый ці арыгіналаў зробленых ім партрэтаў беларускіх пісьменнікаў. Дарэчы, акрамя таго, што ён намаляваў Янку Купалу, Якуба Коласа, Алеся Адамовіча, у творчым арсенале вялікага сябра Беларусі — і выявы Святланы Алексіевіч, Навума Гальпяровіча. Ведаю, што зараз пекінскую кватэру Гао Мана не мінаюць беларускія пісьменнікі, журналісты, калі гасцююць у Пекіне. Дарэчы, нядаўна ў Пекіне перавыдалі адну з кніг Святланы Алексіевіч. Перакладчык — Гао Ман.

— Так, і адбылося гэта ў пярэдадзень ХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, дзе Кітай прысутнічаў у якасці ганаровага госця.

— Шкадую, што не наведала гэтую выставу, якая, па расповедах яе гасцей з кітайскага боку, была сапраўдным святам беларуска-кітайскага творчага пабрацімства. Тады ў Мінску пабывалі пісьменнікі з Кітая А Лай, Лаа Ма, Сі Чуань, Сюй Цзэчэнь. Мяркую, што ім ёсць што расказаць пра Беларусь нашым студэнтам. Вельмі спадзяюся на тое, што сустрэчы з імі будуць мець розгалас, а некаму дапамогуць развіць цікавасць да Беларусі.

Дарэчы, мы зараз шукаем партнёраў у Беларусі для прадстаўлення здабыткаў кітайскай літаратуры на беларускай мове. Мы маглі б нават падрадкоўнікі рабіць для тых, хто яшчэ не ведае кітайскую мову. Напрыклад: падрадкоўнікі — на рускую ці англійскую мовы, якія, зразумела, у значна большай ступені вядомы ў вашай краіне. Асабліва такую работу хацелася б хутчэй пачаць у адносінах да сучаснай паэзіі. Вось, напрыклад, ці ведаеце вы паэта Ван Гочжэня?..

— Прабачце, але тэст у маім выпадку дасць дрэнны вынік...

— А між тым, хаця і нядаўна ён пайшоў з жыцця, — гэта адзін з самых народных, самых папулярных лірыкаў, ды і філосафаў таксама, у сучаснай паэзіі Кітая. Маладыя людзі, калі закахаліся і вырашаюць, што падарыць адно другому на свята, найлепшым падарункам лічаць перапісаныя на паперках вершы Ван Гочжэня. Нядаўна Старшыня КНР Сі Цзіньпін у адным з выступленняў цытаваў радкі з яго верша «Любоў да жыцця». Сэнс іх прыкладна такі: «Няма гары, вышэйшай за чалавека. / Няма дарогі, даўжэйшай за ступню чалавека». А раман Лу Яо «Звычайны свет»... Ім зараз зачытваюцца ўсе кітайцы. Папулярнасць у кнігі для сённяшняга часу электронных тэхналогій проста неверагодная!..

— Дзякуй, спадарыня Лю Мяо, за размову. Будзем верыць, што Цэнтр культуры Беларусі зробіць шмат для паяднання нашых прастораў, для таго, каб нацыянальныя культуры, літаратуры Кітая і Беларусі спрыялі развіццю і палітычных, эканамічных зносінаў паміж нашымі краінамі.

— А я ў сваю чаргу разам з калегамі па 2-ім Пекінскім дзяржаўным універсітэце замежных моў разлічваю на падтрымку беларускіх сяброў — пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і культуры. І чакаем усіх у гасцях у нашым цэнтры. Да сустрэчы!

Гутарыў Кірыл Ладуцька.

Пекін, Кітай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».