Вы тут

Карэйка адпачывае...


Жыхар Міншчыны заплаціў па дэкларацыі за мінулы год амаль 28 млрд рублёў падаходнага падатку.

Якія даходы фізічнай асобы з'яўляюцца аб'ектам абкладання падаходным падаткам? У якіх выпадках ужываецца вызваленне ад яго? Ці мае і калі фізічная асоба права на падатковыя вылікі? Пра асноўныя навіны ў парадку вылічэння падаходнага падатку на сайце БЕЛТА расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Святлана Шаўчэнка.

12-151

Студэнты — утрыманцы?

Галоўнай навіной стала тое, што сёлета з першых дзён года стаўку падаходнага падатку з фізічных асоб павялічылі з 12% да 13%. Гэтая мера накіравана на стварэнне ў бюджэце дадатковай крыніцы сродкаў дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей (лічыць спецыяліст). Акрамя таго, праіндэксаваны памеры стандартных і сацыяльных падатковых вылікаў для насельніцтва, а таксама павялічаны ўзровень некаторых льгатуемых даходаў. Напрыклад парадак прадастаўлення стандартных падатковых вылікаў на дзяцей рэгулюецца падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 164 Падатковага кодэкса (ПК). Такі вылік прадастаўляецца ў памеры 210 тысяч рублёў у месяц на дзіця да васямнаццаці гадоў або на кожнага ўтрыманца. Атрымліваецца, што на падобны вылік маюць права і бацькі студэнтаў (старэйшых за 18 гадоў), якія атрымліваюць першую вышэйшую адукацыю пры дзённай форме навучэння. Такія студэнты для мэт вылічэння падаходнага падатку прызнаюцца ўтрыманцамі.

Чаргавікам лізінг без падаткаў

Змены закранулі і парадак прадастаўлення фізічным асобам маёмаснага падатковага выліку, як паведамляе спадарыня Шаўчэнка. Так, Указам № 99 «Аб пытаннях рэгулявання лізінгавай дзейнасці» ад 25 лютага 2014 года прадугледжваецца магчымасць прадастаўлення ў лізінг маёмасці, у тым ліку жылых памяшканняў, фізічным асобам не дзеля прадпрымальніцкіх мэт. У сувязі з гэтым з 1 студзеня сёлета фізічныя асобы, якія стаяць на ўліку па паляпшэнні жыллёвых умоў, маюць права на маёмасны падатковы вылік у выпадку набыцця аднакватэрнага жылога дома або кватэры ў адпаведнасці з дагаворам фінансавай арэнды (лізінгу), абавязковай умовай якога з'яўляецца выкуп прадмета лізінгу. Падатковы вылік устаноўлены ў памеры кошту прадмета лізінгу, што паказваецца ў дагаворы лізінгу.

Для рэалізацыі права на маёмасны падатковы вылік плацельшчык і члены яго сям'і дадаткова павінны прадаставіць падатковаму агенту або падатковаму органу копію дагавора лізінгу, які прадугледжвае выкуп прадмета лізінгу, акт прыёмкі-перадачы такой маёмасці, дакументы, што пацвярджаюць фактычныя выдаткі на аплату лізінгавых плацяжоў. Акрамя маёмаснага выліку ў суме выдаткаў на набыццё альбо будаўніцтва жылля, фізічныя асобы цяпер маюць права на маёмасны вылік пры продажы маёмасці (у тым ліку жылых памяшканняў, зямельных участкаў) у суме фактычна зробленых і дакументальна пацверджаных расходаў, звязаных з набыццём і (або) адчужэннем за грошы такой маёмасці. У сувязі з тым, што людзі цяпер могуць набываць маёмасць па дагаворах фінансавай арэнды, пры продажы атрыманай такім чынам маёмасці будзе ўжывацца вылік у памеры расходаў плацельшчыка на набыццё маёмасці згодна з умовамі дагавора.

Нулявая адказнасць у дзейнасці

Святлана Шаўчэнка адзначыла, што сёлета з 19 красавіка даходы ў выглядзе грашовых сродкаў, якія кампенсуюцца банкамі фізічным асобам пры іх крадзяжы з карт-рахункаў, ужо не будуць абкладацца падаходным падаткам. Гэта прадугледжана падпунктам 2.38 пункта 2 артыкула 153 ПК. Такая норма ўведзена з мэтай прывядзення ПК у адпаведнасць з указам № 493 «Аб развіцці безнаяўных разлікаў».

Задэклараваны крэдыт прызнаюць даходам

Як лічыць спецыяліст, гэта даволі важная змена. Такім чынам, у асобных выпадках кліенты будуць абавязаны аплачваць падаходны падатак з даходаў, якія атрыманы імі ў выглядзе пазык ці крэдытаў ад беларускіх фізічных асоб. Гэта датычыцца выпадкаў, калі такія пазыкі, крэдыты паказваюцца ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці, якая прадастаўлена плацельшчыкам па патрабаванні падатковага органа, або існуюць у тлумачэнні аб крыніцах даходаў, што дае чалавек пры ажыццяўленні кантролю ў сферы дэкларавання даходаў і маёмасці. Больш за тое, падаходны падатак бярэцца толькі з тых крэдытаў, якія не пагашаны чалавекам на дату прадастаўлення такіх тлумачэнняў. Потым падаходны падатак з фізічных асоб аплачваецца на падставе паведамлення па-датковага органа.

Не аплачваецца падаходны падатак у тых выпадках, калі ўказаныя ў дэкларацыі пазыкі, крэдыты, атрыманыя ад іншых фізічных асоб, ужо цалкам вернутыя і гэта пацверджана дакументальна. Не абкладаюцца падаткам таксама пазыкі, атрыманыя ад блізкіх сваякоў або асоб, якія знаходзяцца ў адносінах сваяцтва.

Новаўвядзенне слушнае і ўжо працуе. Толькі сёлета ў першым квартале падатковымі органамі ўстаноўлена 366 фізічных асоб, якія паказвалі ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці звесткі аб атрыманні імі пазыковых (крэдытных) сродкаў ад іншых фізічных асоб. У адпаведнасці з заканадаўствам, такімі грамадзянамі на 1 красавіка аплачаны падаходны падатак у агульным памеры каля 4 млрд рублёў.

Беспраблемная кампенсацыя

Святлана Шаўчэнка адзначыла, што летась у Працоўны кодэкс быў унесены шэраг змяненняў і дапаўненняў, якія тычацца парадку прадастаўлення работнікам кампенсацый за выкананне імі працоўных абавязкаў. Да такіх кампенсацый у асобных выпадках аднесены аплата працы ў павышаным памеры, прадастаўленне дадатковых дзён адпачынку і г.д.

У прыватнасці з 1 студзеня 2015 года ад падаходнага падатку з фізічных асоб вызваляюцца кампенсацыі па вяртанні работнікам расходаў, якія звязаны з выкананнем працоўных абавязкаў (уключаючы выплаты, што робяцца ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць, кампенсацыяй расходаў пры службовых камандзіроўках).

У дачыненні да кампенсацыі работнікам камандзіровачных выдаткаў з улікам норм указа № 361 ад 21 ліпеня 2014 года ў Падатковым кодэксе сёлета ўстаноўлена вызваленне ад падаходнага падатку з фізічных асоб фактычна зробленых і дакументальна пацверджаных расходаў па праездзе да месца службовай камандзіроўкі і назад, а таксама па найме жылога памяшкання. Пры непрадастаўленні плацельшчыкам дакументаў, якія пацвярджаюць аплату такіх выдаткаў, сумы гэтых расходаў вызваляюцца ад падаходнага падатку ў межах памераў, вызначаных заканадаўствам. Сутачныя, як і раней, не абкладаюцца падаходным падаткам у суме пакрыцця названых расходаў, што не перавышаюць устаноўленыя нормы.

На дзіцячай працы дзяржава не заробіць

Сёлета ў спіс даходаў, якія цалкам вызваляюцца ад падаткаабкладання, трапілі грошы малых. Цяпер такі спіс дапоўнены даходамі, што атрымліваюцца дзецьмі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў за выкананую працу ў лагерах працы і адпачынку.

Цікавіла людзей пытанне і пра тое, ці шмат у нашай краіне такіх работнікаў, якія жывуць не зусім па сродках. Святлана Шаўчэнка паведаміла, што толькі ў першым квартале сёлета былі выяўлены парушэнні заканадаўства ў дэклараванні даходаў і маёмасці ў 1521 фізічнай асобы, што амаль у 1,8 раза больш, чым за той жа перыяд летась. Паводле вынікаў кантрольных мерапрыемстваў дадаткова паступіла ў бюджэт 10,7 млрд рублёў, або ў 2,7 раза больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Важна падкрэсліць, што дэкларацыю аб даходах і маёмасці запаўняюць толькі тыя грамадзяне, якім накіравана адпаведнае пісьмовае патрабаванне падатковага органа пры ажыццяўленні кантролю ў сферы дэкларавання даходаў і маёмасці. Такія патрабаванні накіроўваюцца тым, хто, паводле інфармацыі падатковых органаў, жыве не па сродках: не атрымлівае даходаў з афіцыйных крыніц альбо атрымлівае іх у нязначных памерах, але пры гэтым купляе дарагую нерухомасць, транспартныя сродкі, а таксама здзяйсняе іншыя фінансавыя аперацыі.

Бываюць у людзей і такія даходы

У сакавіку скончыўся тэрмін падачы падатковых дэкларацый па выніках года. Нас заўсёды цікавіла, колькі дэкларацый пададзена, якая самая вялікая сума падаходнага падатку налічана і каму. Дык вось, сёлета больш за 23,5 тысячы грамадзян прадаставілі падатковыя дэкларацыі (разлікі) па падаходным падатку з фізічных асоб за 2014 год. У выніку такім асобам дадаткова прад'яўлены да аплаты падатак у агульным памеры на суму 199,6 млрд рублёў, які неабходна пагасіць не пазней чым 15 мая. А вось найбольшая сума падаходнага падатку ў памеры 27,9 млрд рублёў прад'яўлена жыхару Мінскай вобласці, які атрымаў летась сур'ёзныя даходы з крыніц за межамі Беларусі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.