Вы тут

Галоўнае, каб купілі


Практычныя рэкамендацыі для кіраўнікоў па арганізацыі рэкламнай кампаніі ў сярэднім і малым бізнесе.

Успрымаючы важнасць рэкламы як аксіёму, уласнікі і кіраўнікі бізнесу па-рознаму падыходзяць да прасоўвання сваіх тавараў і паслуг на рынку. Некаторыя звяртаюцца ў прафесійныя агенцтвы, хтосьці стараецца вырашыць усе пытанні самастойна. Адны выкарыстоўваюць максімальную колькасць рэкламных каналаў, іншыя абмяжоўваюцца расклейкай аб'яў на пад'ездах. А як заявіць пра сябе правільна?

Працуе — і добра

Часта малому бізнесу варта прыглядацца да дзеянняў буйных кампаній, лідараў рынку, але ў рэкламе гэтае сцверджанне не заўсёды справядлівае. У першую чаргу трэба ўлічваць адрозненне ў памерах рэкламнага бюджэту. Акрамя таго, мэты рэкламы буйных і дробных кампаній могуць моцна адрознівацца. Задача ж малога бізнесу толькі адна — прыцягнуць кліентаў. Менавіта на такую рэкламу і варта звяртаць увагу.

Адназначна адказаць на пытанне, якая рэклама і які канал яе прасоўвання лепш за ўсё спрацуе менавіта для вашага бізнесу, мабыць, не зможа ніхто. Адказ можна атрымаць, толькі спрабуючы, тэстуючы розныя варыянты. Прычым, не абавязкова вышукваць тое, што спрацуе лепш за ўсё, дастаткова выкарыстаць тое, што працуе добра. Памылковым дзеяннем з'яўляецца адмова ад рэкламы, якая працуе, у пошуках больш дзейснай.

Складаем аб'яву

Існуе некалькі агульных правілаў, прытрымліванне якіх дазваляе дамагчыся больш высокага выніку. Першае — гэта загаловак. Улічваючы колькасць рэкламы, якую чалавек у сярэднім бачыць і чуе за дзень, задача загалоўка — зацікавіць, выклікаць жаданне дачытаць тэкст. Добра працуюць наступныя элементы загалоўка і іх спалучэнні: пытанне (чаму? навошта? як?), словы «лёгка», «проста», «хутка», выкарыстанне ў якасці загалоўка гісторыі («мне раней здавалася ... але калі я зрабіў (паспрабаваў, скарыстаўся»), прамы зварот да праблемы кліента (не надакучыла...? стаміліся...? не атрымліваецца...?).

Лепш за ўсё прыдумаць некалькі загалоўкаў і пратэсціраваць іх. Часта больш выйгрышным атрымліваецца зусім не той загаловак, які больш за ўсё спадабаўся вам. Для тэсціравання можна выкарыстоўваць, напрыклад, сэрвіс Яндэкс.Дырэкт.

Другое — у аб'яве недастаткова толькі пазначыць інфармацыю пра паслугу або прадукт. Гэта павінна быць сапраўды цікавая прапанова для мэтавай аўдыторыі. Напрыклад, большая колькасць тавару за меншую цану, зніжкі, падарункі.

Трэцяе правіла — прапанова абавязкова павінна мець абмежаванне. Можна выкарыстоўваць абмежаванні па часе, колькасці тавару або іх спалучэнне. Прапанова можа дзейнічаць некалькі дзён, у пэўныя гадзіны дня, для першых 20 кліентаў, пакуль не скончыцца партыя тавару.

Чацвёртае — заклік да кліента, які тлумачыць, што ён павінен зрабіць, прачытаўшы аб'яву. Калі вы хочаце, каб кліент патэлефанаваў, аформіў заказ, зарэгістраваўся на сайце, абавязкова скажыце пра гэта ў тэксце.

Не варта забывацца на некаторыя элементы, якія ўзмацняюць рэкламу: якаснае фота прадукту, указанне нумара тэлефона буйным шрыфтам, выява тэлефона каля нумара, выкарыстанне бонусу, выкрэсліванне старых цэн, апісанне выгады або эканоміі кліента.

І яшчэ: трэба выкарыстоўваць не тую рэкламу, якая падабаецца знешне, а тую, якая заахвоціла да пакупкі.

Варыянты дастаўкі

Спачатку варта выпісаць усе даступныя платныя і бясплатныя спосабы размяшчэння рэкламы: сайты, друкаваныя СМІ, партнёры, раздача флаераў, шчыты і расцяжкі, рэклама ў грамадскім транспарце, на тэлебачанні і гэтак далей. Пасля адбіраем тыя, якія можам выкарыстоўваць у дадзены момант (пажадана выбраць не менш за дзесяць варыянтаў).

Нельга выдаткоўваць усе сродкі рэкламнага бюджэту на правядзенне кампаніі толькі па адным канале, нават калі ён здаецца найлепшым. Для вызначэння эфектыўнасці рэкламы спатрэбіцца ўкараненне вымяральных паказчыкаў. Часцей за ўсё выкарыстоўваецца апытанне кліентаў пра тое, як яны даведаліся аб вашым бізнесе. Аднак гэта працуе дрэнна. Людзі часта не памятаюць або кажуць тое, што ад іх хочуць пачуць. Больш дзейсныя спосабы — пазначыць розныя тэлефонныя нумары для розных каналаў альбо выкарыстоўваць кодавыя словы для атрымання зніжкі. Каб ацаніць вынікі рэкламы, трэба ведаць: выдаткі, колькасць тых, хто звярнуўся, колькасць пакупнікоў наогул і колькі іх было за перыяд, прыбытак.

Памятайце, бюджэт на прыбытковыя каналы і аб'явы можа быць павялічаны не больш чым у два разы. Гэта тлумачыцца наступным: метад, які працаваў учора, можа заўтра стаць не такім паспяховым ці нават стратным, што пацягне за сабой марнаванне рэкламнага бюджэту. Таму важна выкарыстанне і тэсціраванне многіх каналаў.

Яўген СТАЦЭНКА, бізнес-кансультант.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.