Вы тут

З нябёсаў — на зямлю


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра сенсацыйную перамогу беларускіх хакеістаў і іх не менш гучнае паражэнне, чарговы футбольны тур чэмпіянату краіны і трыумф брэсцкіх гандбалістаў.

12-14

1. Безумоўна, самай яркай падзеяй спартыўнага тыдня ў Беларусі стала перамога хакеістаў нашай зборнай над амерыканцамі на чэмпіянаце свету ў Чэхіі. Падапечныя Дэйва Льюіса ўпершыню ў гісторыі беларускага хакея адолелі зборную ЗША, ды яшчэ і з разгромным лікам 5:2.

Аднак у эйфарыі беларускім хлопцам доўга знаходзіцца не прыйшлося. Услед за гучнай перамогай адбыўся правал. У наступным матчы з дзейнымі чэмпіёнамі свету — зборнай Расіі — беларускія хакеісты саступілі 0:7. Галоўны трэнер беларусаў не стаў крытыкаваць хакеістаў: «Перыядычна прайграюць усе, у тым ліку і з буйным лікам, ніхто ад гэтага не застрахаваны. Пытанне ў тым, як на гэта рэагаваць. Трэба ўмець трымаць удар. Мы ўсё яшчэ ў барацьбе».

Калі вярстаўся нумар. Учора беларуская зборная сустракалася з сярэбраным прызёрам леташняга чэмпіянату свету зборнай Фінляндыі. За два перыяды каманды галоў не забілі, а ў трэцім выдалі вельмі вострую і цікавую гульню, забіўшы па дзве шайбы, прычым беларусы зраўнялі лік на апошняй хвіліне матча. Авертайм галоў не прынёс, а ў серыі пасляматчавых булітаў беларусы, на жаль, саступілі. Тым не менш наша каманда зарабіла адзін бал і па-ранейшаму засталася на чацвёртым радку групы В. Сёння — рашаючы матч са зборнай Нарвегіі.

2. Тым часам прыходзяць першыя весткі аб пераходах беларускіх гульцоў у КХЛ. Клубную прапіску памянялі Андрэй Стась і Аляксандр Кітараў — у наступным сезоне яны будуць выступаць за «Нафтахімік». Мінскае «Дынама» не стала працягваць пагадненне з беларускім абаронцам Ільёй Шынкевічам, ён адправіцца ў падмаскоўны «Віцязь». Уладзімір Дзянісаў застаецца ў «Ак Барсе», а ў сталічным «Дынама» з'яўляюцца першыя навічкі. Беларускі клуб заключыў кантракты з 29-гадовымі канадскім варатаром Джэфам Гласам і амерыканскім абаронцам Раянам Гундэрсанам.

3. БГК імя Мяшкова заваяваў Кубак Беларусі. Фінал з мінскім СКА выдаўся драматычным. Асноўны час сустрэчы завяршыўся ўнічыю — 29:29. Прычым брастаўчане зраўнялі лік за чатыры секунды да фінальнага свістка, для выяўлення пераможцы сапернікам спатрэбіўся авертайм. Такім чынам, брэсцкія гандбалісты другі раз запар выйгралі Кубак Беларусі.

4. У нядзелю стартаваў 5-ы тур чэмпіянату краіны па футболе. «Шахцёр» на сваім полі абыграў «Нёман», чэмпіён БАТЭ з мінімальным лікам адолеў «Белшыну», а брэсцкае «Дынама», якое добра пачало сезон, саступіла ў Наваполацку. «Гомель» не змог абыграць на выездзе жодзінскіх аўтазаводцаў, навічкі найвышэйшай лігі «Граніт» і «Славія» згулялі з лікам 3:2.

Адзначым таксама, што на мінулым тыдні мінскае «Дынама», «Шахцёр» і «Тарпеда»-БелАЗ атрымалі ліцэнзіі УЕФА на сезон-2015/16.

5. Вікторыя Азаранка не змагла абыграць першую ракетку свету Серэну Уільямс у трэцім раўндзе турніру ВТА ў Мадрыдзе. Беларуска ў трох сэтах саступіла амерыканцы 6:7 (5:7), 6:3, 6:7 (1:7). Пераможцай турніру стала чэшка Петра Квітава, у фінальным паядынку яна была мацнейшая за расіянку Святлану Кузняцову.

6. Аляксандр Сыман прызначаны старшым трэнерам мужчынскай зборнай па біятлоне. Алег Рыжанкоў, які займаў гэты пост у мінулым сезоне, узначаліў маладзёжную каманду. З ім у пары будзе працаваць Сяргей Сакалоўскі.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».