Вы тут

За сацыяльную арыентаванасць


21-22 мая адбудзецца 7-ы з'езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Зараз спецыяльная працоўная група рыхтуе праект праграмы дзейнасці прафсаюзаў на 2015-2020 гады, які ў найбліжэйшы час з'явіцца на сайце федэрацыі. «Мы будзем займаць цвёрдую крытычную пазіцыю пры прыняцці планаў і практычных дзеянняў, што супярэчаць законным інтарэсам работнікаў. Прафсаюзы, як гэта было і ў папярэднія гады, падтрымліваюць толькі эфектыўныя, сацыяльна арыентаваныя структурныя змены ў эканоміцы», — заявіў старшыня федэрацыі Міхаіл Орда на пленуме Савета ФПБ.

Тарыфную стаўку — павысіць

Падчас мінулай пяцігодкі ў рамках Генеральнага пагаднення паміж урадам, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў штогод забяспечваўся рост намінальнай і рэальнай заработнай платы. З 2010-га па 2014-ы сярэднямесячны рэальны заробак павялічыўся на 143 працэнты (з 347 да 619 долараў). Атрымалася падняць памер «мінімалкі» да мінімальнага спажывецкага бюджэту.

— Разам з тым заробак работнікаў дзяржаўных арганізацый складае толькі 75 працэнтаў (замест запланаваных 90) ад сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы, — каментуе сітуацыю намеснік старшыні ФПБ Аляксандр МІКША. — Не змаглі дамагчыся значнага павышэння памеру тарыфнай стаўкі першага разраду. Нізкі аклад замінае істотна пабольшыць заробкі медыкам і настаўнікам. Перагляду патрабуе сённяшняя сістэма карэктуючых каэфіцыентаў, якія прывялі да дыспрапорцыі ў аплаце кваліфікаваных спецыялістаў і нявопытных работнікаў. Гэта неабходна ўлічваць пры распрацоўцы праграмы на 2015-2020 гады.

Каэфіцыент суадносінаў пенсіі і сярэдняга заробку склаў 43,5 працэнта, што перавышае ўзровень, устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы. Удасканальвалася прафесійнае пенсійнае страхаванне персаналу, занятага на працах з асаблівымі ўмовамі. Гэтыя пытанні былі адлюстраваны ва Указе Прэзідэнта № 441 ад 25 верасня 2013 года. Работнікі, якія падлягаюць такому страхаванню, могуць выбраць спосаб кампенсацыі: скарыстацца правам на прафесійную пенсію (датэрміновую ці дадатковую) ці атрымліваць штомесячную даплату да заробку ў памеры, не меншым за суму ўзносаў. Самі тарыфныя ўзносы выраслі амаль у два разы.

Рэгулярна пераглядаліся памеры дапамогі на дзяцей. Цяпер на догляд першага дзіцяці штомесяц выплачваюць 35 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы па краіне, за другім і наступнымі — 40 працэнтаў. Адметна, што маці атрымлівае дапамогу незалежна ад таго, працавала яна да нараджэння малога ці не.

Прафсаюзы пастаянна шэфствуюць над дзіцячымі дамамі і школамі-інтэрнатамі. З 2010 па 2014 гады на такія ўстановы выдаткавалі амаль 12 мільярдаў рублёў. Дапамагаюць таксама сем'ям рыхтаваць школьнікаў да навучальнага года (на гэтыя мэты з прафсаюзнага бюджэту штогод ідзе каля 10 мільярдаў). Яшчэ 46 мільярдаў падчас мінулай пяцігодкі пайшло на аздараўленне дзяцей у летніках (у тым ліку 41 мільярд — на змяншэнне кошту пуцёвак).

Дагавор для ўсяго калектыву

За 2010-2014 гады прафсаюзы выявілі 163 тысячы парушэнняў працоўнага заканадаўства. У 96 працэнтах выпадкаў правапарушэнні ліквідавалі. Па патрабаванні прафарганізацый работнікам вярнулі суму ў 77 мільярдаў рублёў.

На сёння ў рэспубліцы зарэгістравана больш за 16 тысяч калектыўных дагавораў. З улікам сучаснага стану на рынку працы асаблівую ўвагу ў лакальных дакументах прафсаюзы надаюць дадатковай сацыяльнай падтрымцы работнікаў, што знаходзяцца пад рызыкай звальнення.

Па прапанове федэрацыі ўнеслі змяненні ў Падатковы кодэкс, згодна з якім выхадная дапамога, якая выплачваецца па калектыўным дагаворы, вызваляецца ад падаходнага падатку, калі не перавышае дзевяць працэнтаў ад сярэднямесячнага заробку супрацоўніка.

Міхаіл Орда адзначыў, што калектыўнымі дагаворамі карыстаюцца не толькі члены прафсаюза. На думку старшыні, каб такая сітуацыя не выклікала абурэння ў плацельшчыкаў узносаў, якія заключылі дамову, трэба скарэктаваць заканадаўства. Напрыклад, даваць магчымасць іншаму персаналу карыстацца правамі і гарантыямі дагавора толькі пры згодзе бакоў, што падпісалі гэты дакумент (вопыт Даніі). Ці дазволіць наймальніку кожны месяц пералічваць на рахунак прафарганізацый сродкі з заробку работнікаў — не членаў прафсаюза, на якіх распаўсюджваецца дзеянне дагавора, як гэта робяць у Турцыі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

У галіне

Падводзячы вынікі працы на 8-м з'ездзе Беларускага прафсаюза работнікаў культуры за мінулую пяцігодку, старшыня Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза Наталля АЎДЗЕЕВА адзначыла, што адмоўныя наступствы аптымізацыі, праведзенай у галіне, былі мінімізаваны. Скарацілі ў асноўным вакантныя пасады, асоб пенсійнага ўзросту, адміністрацыйна-кіраўнічы і абслуговы персанал. У арганізацыях Міністэрства культуры замест запланаваных 20 працэнтаў штатных адзінак скасавалі 9,5 працэнта. Прафсаюз звяртаўся ў Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях з просьбай змяніць заканадаўства, каб захаваць аб'ём дзяржаўнага фінансавання ў памеры, што быў да аптымізацыі. Грошы, якія вызваляцца, можна было б накіраваць на павышэнне заробкаў бюджэтнікаў.

— Важна ўстанаўліваць надбаўкі асобным дзеячам, — кажа Наталля Пятроўна. — Так, летась Мінпрацы прыняло пастанову № 67, якая прадугледжвае істотнае павелічэнне тарыфных ставак за падрыхтоўку пераможцаў і ўдзельнікаў афіцыйных міжнародных спартыўных спаборніцтваў. Пашырылі дыяпазон месцаў, занятых на гэтых спаборніцтвах, па восьмае ўключна, за якія ўстанаўліваецца надбаўка.

Дарэчы, само прафаб'яднанне плануецца перайменаваць у Беларускі прафсаюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, паколькі ў шматгаліновую арганізацыю, акрамя прадстаўнікоў сферы мастацтва, сёння ўваходзяць супрацоўнікі тэлерадыёвяшчання, кнігавыдавецтва, паліграфіі, СМІ, фізічнай культуры.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».