Вы тут

«Ваша краіна можа служыць добрым прыкладам для нас»


Па запрашэнні нашага парламента Беларусь наведала дэлегацыя Генеральнага кангрэса Мексікі. Дэпутаты пазнаёміліся з працай некалькіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а таксама прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных Дню Перамогі. Учора адбылася сустрэча мексіканскай дэлегацыі з беларускімі парламентарыямі.

Кіраўнік дэлегацыі Магдалена дэль Сакора Нуньес Манрэаль, старшыня групы сяброўства «Мексіка — Беларусь» Палаты дэпутатаў Генеральнага кангрэса Мексіканскіх Злучаных Штатаў, у размове з журналістамі падкрэсліла, што гэты візіт — першы з таго моманту, калі ў мексіканскім парламенце была створана група сяброўства «Беларусь — Мексіка».

— Галоўная мэта візіту — умацаваць сувязі паміж нашымі парламенцкімі групамі сяброўства, — адзначыла мексіканскі парламентарый. — Акрамя гэтага, умацаванне нашых узаемаадносін у сферах эканомікі, палітыкі і сацыяльнай сферы.

Адказваючы на пытанне наконт магчымых праектаў паміж Мексікай і Беларуссю ў розных сферах, Магдалена дэль Сакора Нуньес Манрэаль заўважыла, што трэба шмат чаго зрабіць для развіцця нашых эканамічных сувязяў. Яна таксама праінфармавала: у хуткім часе плануецца назначэнне Ганаровага консула Мексікі ў Беларусі.

— Мы бачым вельмі вялікі патэнцыял у эканамічным супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі. Нам вельмі спадабаліся ўзоры беларускай прамысловасці, яны ўяўляюць цікавасць для развіцця аграрнага сектара нашай краіны.

Мексіканскі парламентарый таксама падзялілася ўражаннямі ад наведвання Беларусі.

— Нам пашчасціла прымаць удзел ва ўрачыстасцях, прымеркаваных да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — паведаміла яна. — Тое, як краіна была адноўлена пасля той страшнай вайны, сапраўды ўражвае. Мы адзначылі для сябе сур'ёзныя дасягненні Беларусі ў галіне сельскай гаспадаркі. Для нашай краіны Беларусь можа служыць добрым прыкладам: мы бачым, які нізкі тут узровень беспрацоўя, як арганізавана сістэма сацыяльнай абароны насельніцтва — тут мы сапраўды можам назіраць сацыяльную роўнасць. Для нас гэта важна і цікава з той прычыны, што мы прыехалі адтуль, дзе, на жаль, і сёння маюць месца з'явы сацыяльнай няроўнасці і многія іншыя сацыяльныя праблемы.

У сваю чаргу Аляксей Кузьміч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, кіраўнік працоўнай групы Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтве з парламентам Мексікі, акцэнтаваў увагу на тым, што гэтая краіна ўяўляе цікавасць для Беларусі і ў палітычным, і ў эканамічным планах. Як падкрэсліў парламентарый, у Мексіцы пражывае 120 мільёнаў чалавек, і гэта робіць краіну асабліва перспектыўным партнёрам.

— Пакуль на ўзроўні парламенцкіх арганізацый Беларусь і Мексіка не супрацоўнічалі, — канстатаваў Аляксей Кузьміч. — Гэта толькі першы візіт парламенцкай дэлегацыі. Мы накіравалі туды запрашэнне, і мексіканскія дэпутаты адгукнуліся.

* * *

Мексіка — краіна, якая па аб'ёме ВУП займае 11 месца ў свеце. Гэта адна з найбольш развітых дзяржаў рэгіёна. У Мексіцы здабываюць нафту, прыродны газ, жалезную руду, серу, ртуць, графіт. Добра развіты такія сферы прамысловасці, як хімічная і нафтахімічная, баваўняная і харчовая, чорная і каляровая металургія, машынабудаванне. У той жа час нафтаперапрацоўка ў краіне развіта слаба: з'яўляючыся адным з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў нафты, Мексіка імпартуе вытворныя з «чорнага золата». З гэтай прычыны супрацоўніцтва з краінай у галіне нафтаперапрацоўкі ўяўляе для нашай дзяржавы асаблівую цікавасць.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.