Вы тут

На «ЭКСПА-2015» мы мяжуем з... Малайзіяй


У найбліжэйшыя паўгода можна з'ездзіць у Італію і пакаштаваць кухню 140 краін.

1 мая ў Мілане (Італьянская Рэспубліка) адкрылася сусветная выстава «ЭКСПА-2015», якая будзе працаваць да 31 кастрычніка пад дэвізам «Накарміць планету. Энергія для жыцця». Гэта самая вялікая міжнародная выстава, прысвечаная тэматыцы харчавання, дзе будуць раскрыты многія праблемы і прадэманстраваны традыцыі, творчасць і інавацыі ў харчовай сферы. Удзельнічае больш за 140 краін свету, 10 міжнародных арганізацый і 30 карпарацый, чакаецца каля 20 мільёнаў наведвальнікаў. Пра беларускі павільён карэспандэнту «Звязды» расказвае намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Вячаслаў Брыль.

12-16

— Чаму наша краіна ўдзельнічае ў выставе?

— Тэматыка яе адпавядае знешнегандлёвым інтарэсам Беларусі. Асноўная мэта ўдзелу нашай краіны ў выставе — звярнуць увагу наведвальнікаў на вялікі вопыт Беларусі ў сферы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і якасных прадуктаў харчавання. На нашу краіну прыпадае 1,4% сусветнай вытворчасці малака і 5% сусветнага экспарту малочнай прадукцыі. Акрамя таго, Беларусь уваходзіць у тройку лідараў сярод краін свету па вытворчасці калійных угнаенняў, якія, як вядома, акрамя павелічэння ўраджайнасці, паляпшаюць якасныя характарыстыкі прадукцыі.

— Як выглядае беларускі павільён?

— Наша краіна прадстаўлена ўласным павільёнам у цэнтральнай частцы пляцоўкі «ЭКСПА-2015» побач з Літвой і Малайзіяй. Канцэпцыя павільёна «Кола жыцця», які выкананы ў выглядзе ўзгорка, разрэзанага колам вадзянога млына, перамагла ў спецыяльным конкурсе. Камісіі гэтая канцэпцыя здалася найбольш цікавай. Тым больш што агранізатары патрабуюць, каб большая частка плошчы павільёна і пляцоўкі была менавіта зялёнай зонай. На нашым узгорку на працягу ўсёй выставы будзе расці, квітнець і зелянець натуральны газон з сапраўднымі кветкамі. Па канцэптуальным напаўненні павільён складаецца з дзвюх частак. Рэстаран нацыянальнай кухні, сувенірная крама, зала правядзення дзелавых мерапрыемстваў, форумаў, сустрэч, перамоў, а таксама невялікая VІP-тэрыторыя, дзе размешчана фотагалерэя, якая перыядычна змяняецца, — усё гэта знаходзіцца ў адной палове павільёна. У другой палове мы прапануем наведвальнікам вандроўку па Беларусі, калі з дапамогай мультымедыйных прылад і тачскрынпанэляў яны на кароткі час апынуцца ў атмасферы гасціннасці і аўтэнтычнасці нашай краіны, змогуць пазнаёміцца з яе гісторыяй, культурным, эканамічным і прыродным патэнцыялам.

— Як наша краіна будзе шукаць партнёраў?

— Пошук партнёраў — гэта не галоўная задача. «ЭКСПА» — іміджавая выстава. Наша мэта — зрабіць Беларусь яшчэ больш пазнавальнай, цікавай. Як непрамы эфект, мы хочам зрабіць так, каб у людзей пасля наведвання нашага павільёна з'явілася жаданне прыехаць у Беларусь. Разам з тым сёння наш павільён — гэта куток Беларусі ў Еўропе. На працягу 6 месяцаў гэтая пляцоўка можа выкарыстоўвацца любым прадпрыемствам альбо арганізацыяй Беларусі, каб паказаць сябе.

— Бачна, што наша культура прадстаўлена на выставе добра, а як справа з эканамічнымі магчымасцямі?

— Культуры і сапраўды будзе шмат. Кожны месяц новая вобласць будзе прэзентаваць сваю культурную разнастайнасць. Аднак, акрамя культурнай, пастаянна абнаўляецца і дапаўняецца дзелавая праграма. Адбудуцца таксама дні рэгіёнаў, дзе прадставяць эканамічныя, турыстычныя магчымасці. Будуць таксама праходзіць дні эканомікі, дні навукі. Асноўнае мерапрыемства — дні рэспублікі, якія пройдуць 9 і 10 верасня.

— Ці ёсць сэнс ехаць нашым людзям на выставу?

— Я думаю, што ёсць. Тым больш што «Белавія» павялічвае колькасць рэйсаў у Мілан. Калі ёсць магчымасць і няма іншых планаў, то варта наведаць. Уваход на выставу платны і залежыць ад таго, колькі дзён вы хочаце яе наведваць. Такія мерапрыемствы праходзяць толькі раз на пяць гадоў. Гэта своеасаблівая алімпіяда сярод выстаў. Гэтая выстава не нагружана нейкімі спецыфічнымі тэматыкамі і прысвечана прадуктам харчавання, што дае магчымасць у адным месцы пакаштаваць кухню любой краіны свету. Бо асноўнае патрабаванне арганізатараў заключаецца ў тым, каб у павільёне абавязкова прысутнічаў рэстаран нацыянальнай кухні. Многія краіны вязуць свае аўтэнтычныя прадукты. Мы таксама пастараліся максімальна прадставіць нашых вытворцаў. Асабліва тых, хто ўжо мае сертыфікацыю на рэалізацыю ў Еўрасаюзе.

— Гэта ўжо пэўны экспарт атрымліваецца...

— Мы спадзяемся, што па выніках дзелавых сустрэч нашы вытворцы пашыраць кола партнёраў з Еўрасаюза, бо гэты кірунак трэба развіваць. Мяркуем, што эканамічны эфект ад гэтага ў будучыні атрымаем. Тым больш, арганізатары лічаць, што наш павільён адзін з найлепшых па прыцягальнасці і архітэктуры.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Дарэчы

Выставы «ЭКСПА» з'яўляюцца найбуйнейшымі міжнароднымі некамерцыйнымі мерапрыемствамі, якія праводзяцца з мэтай дэманстрацыі апошніх тэхнічных і тэхналагічных дасягненняў краін-удзельніц у рамках зададзенай тэматыкі. Першая сусветная выстава была праведзена ў 1851 годзе ў Гайд-парку ў Лондане па ініцыятыве прынца Альберта. Галоўнай славутасцю выставы быў хрустальны палац, пабудаваны Джозефам Пакстанам з жалеза і шкла.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.