Вы тут

Як сэканоміць «на ёгурце»?


Каля 60% пакупнікоў, для якіх цана з'яўляецца ключавым крытэрыем выбару, пры куплі прадукту ў імпартнай упакоўцы неўдакладнялі розніцу ў кошце на аналагічныя беларускія тавары.

12-18

Беларусь актыўна праводзіць палітыку імпартазамяшчэння. Гэта значыць, каб максімальна засцерагчы эканоміку краіны ад знешніх хваляванняў, вытворцы ўсё часцей укараняюць айчынныя аналагі звыклых тавараў. За апошнія пяць гадоў на рынак выйшла каля 350 навінак з пазнакай «Зроблена ў Беларусі». Аднак беларускі прадукт чамусьці кладуць у імпартную ўпакоўку. Дык якое гэта імпартазамяшчэнне? На гэтую тэму зрабіла даследаванне студэнтка факультэта маркетынгу і лагістыкі БДЭУ Крысціна Рамановіч.

— Ці падабаецца спажыўцам беларускі тавар?

— На аснове звестак маіх маркетынгавых даследаванняў было выяўлена, што больш за палову спажыўцоў аддаюць перавагу менавіта беларускаму тавару. Абумоўлены гэты выбар не толькі нізкім коштам прадукцыі айчынных вытворцаў, але і выдатнай якасцю. Дадзеная дынаміка назіралася пры аналізе малочнай прадукцыі ў трох буйных гіпермаркетах горада Мінска. У якасці ўзораў для даследавання былі абраны ёгурты пяці беларускіх малочных заводаў. Пры аналізе я выявіла, што на выбар спажыўцоў уплываюць наступныя крытэрыі: цана (35%), прыхільнасць да гандлёвай маркі (23%), знешні выгляд (22%), смакавыя дабаўкі (15%), тэрміны вырабу (5%).

— Як доўга пакупнік звычайна выбірае прадукт?

— Спажыўцы затрачваюць не больш за 10 секунд на выбар неабходнага ёгурту. У асноўным час затрачваўся на пошук патрэбнага прадукту і праверку тэрмінаў прыдатнасці. Каля 60% пакупнікоў, якія сцвярджалі, што цана з'яўляецца ключавым крытэрыем адбору, пры ажыццяўленні пакупкі аддавалі перавагу ёгурту ў імпартнай упакоўцы, не ўдакладняючы розніцу ў кошце на аналагічны прадукт. Але хацелася б адзначыць, што беларускі ёгурт у імпартнай шклянцы не смачнейшы і не больш якасны за той, што мае айчынную ўпакоўку.

— І якая ж розніца ў цане?

— Чысты кошт самога прадукту аднолькавы, але пасля фасоўкі яго ў імпартную ўпакоўку ён становіцца да 20% вышэйшы. Хочам мы гэтага ці не, але цана на тавар узрастае праз набыццё ўпакоўкі за мяжой. Абумоўлена гэта тым, што рост коштаў на канчатковы прадукт наўпрост залежыць ад павелічэння выдаткаў на вытворчасць і дастаўку, а таксама з прычыны немагчымасці разліку ў нацыянальнай валюце з пастаўшчыкамі. Пры гэтым якасць тавару застаецца нязменнай. Незразумела, чаму ж сёння на прылаўках гіпермаркетаў сем з васьмі прадстаўленых беларускіх ёгуртаў маюць імпартную ўпакоўку. Дадзеная статыстыка не вытлумачальная, бо ў завозе шкляначак з Германіі, Фінляндыі, Індыі, Літвы няма патрэбы, паколькі на тэрыторыі Беларусі існуе мноства невялікіх фірмаў па вырабе ўпакоўкі і буйны барысаўскі завод «Паліміз», вядомы сваёй якаснай упакоўкай на замежных рынках.

— На ваш погляд, гэта нельга лічыць імпартазамяшчэннем?

— Прадукцыя беларускіх вытворцаў можа быць беларускай толькі пры ўмове імпартазамяшчэння на ўсіх стадыях працэсу вытворчасці. Робячы выбар на карысць беларускага тавару, пераканайцеся ў тым, што вас не змушаюць плаціць за імпартную ўпакоўку. Падтрымліваючы палітыку дзяржавы, вы ўмацуеце эканамічны эфект ад яе ўкаранення. Паверце, што толькі спажывец можа сфарміраваць попыт на беларускі тавар, гэтым прымусіўшы вытворцаў да поўнага імпартазамяшчэння. Да таго ж, калі раней некаторая ўпакоўка была ў спісе тавараў, якую немэтазгодна было вырабляць, то сёння на многіх беларускіх заводах праведзена мадэрнізацыя абсталявання і запушчана вытворчасць сучаснай упакоўкі.

— Можа быць, імпартнае «адзенне» больш падабаецца нашым пакупнікам у эстэтычным плане?

— Пры выбары тавару не варта забывацца, што ў першую чаргу спажывец купляе яго, а ўпакоўка — гэта ўсяго толькі магчымасць забяспечыць абарону прадукцыі ад пашкоджанняў і страт, навакольнага асяроддзя і забруджванняў. Заўсёды застаецца адно пытанне: навошта мы плацім больш? Мы часта запыняемся ля прылаўкаў, чытаючы на ўпакоўцы састаў прадукту. Усё гэта, вядома, правільна і добра, але, чытаючы пра ўласцівасці тавару, неабходна больш старанна вывучыць і саму ўпакоўку, яе знешні выгляд, матэрыял вырабу, краіну вытворчасці. Гэта дазволіць спажыўцу, як мінімум, на 10-20% скараціць штомесячныя выдаткі на набыццё харчовых тавараў. Да таго ж, прытрымліваючыся палітыкі «Купляйце беларускае», вы дапаможаце айчынным вытворцам адваяваць уласны рынак, а потым заваяваць знешні.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.