Вы тут

Нам і не снілася...


Рэпартаж з мінулага стагоддзя

Чарніла з бурачнага соку, сшыткі з абгортачнай паперы і некалькі класаў разам у адным пакоі ў школе, да яе трэба дабірацца пехам 3-4 кіламетры — калі пашанцуе, трэсціся ў кузаве грузавіка суседа, які едзе на працу... Так вучыліся нашы бабулі, што абыходзіліся без сучасных прыладаў накшталт камп'ютара, плазменных экранаў ды спецыяльных сшыткаў на кожны прадмет.

13-20

Вясковым настаўнікам канца мінулага стагоддзя таксама было не соладка — управіўшыся з гаспадаркай, на працу ішлі пешшу, а ў пачатковых класах яны выкладалі ўсе прадметы: ад спеваў і фізкультуры да геаграфіі і гісторыі. За 45 хвілін трэба было паспець даць новы матэрыял і праверыць веды з папярэдняга ўроку трох розных груп, ад першага да трэцяга класаў. Пасля чатырох урокаў — рэпетыцыі дзіцячых ранішнікаў, потым зноў пешшу дадому, запоўніць журналы, падрыхтавацца да новага дня, дагледзець скаціну і хату, а назаўтра ўсё па новым коле...

Падручнікі ў торбах

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, працу сваю настаўнікі любілі і працавалі сумленна. Неаніла Маркаўна Мацко, якая жыве ў вёсцы Браносава Карэліцкага раёна, адпрацавала настаўніцай больш за 40 гадоў, прычым першы год яна выкладала, калі сама толькі скончыла дзевяць класаў. Шэсць першых класаў (з 1934 па 1939 год) жанчына вучылася, калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы.

Неаніла Маркаўна пра тыя часы ўспамінае:

— Падручнікі мы куплялі і насілі іх у торбах, якія матулі шылі. Настаўнікі былі добрыя. Толькі адзін, што прыходзіў да нас выкладаць, калі ты не вывучыў малітвы, казаў: «Давай лапу!» — лупіў па руцэ лінейкай. Мне-то не перападала, але хлопцам даставалася часцяком. Не думаю, што гэта было надта балюча, але ж скура чырванела.

Выкладаць яна стала ў школе ў роднай вёсцы Вялікая Слабада, скончыўшы дзевяць класаў. Праз год, паколькі ёй не хапала адукацыі, вярнулася ў школу вучаніцай. Хадзіла займацца ўжо не ў вёску, а ў гарадскі пасёлак Карэлічы — за 8 кіламетраў пешшу.

Пасля дзесяці класаў дзяўчына завочна скончыла Брэсцкі дзяржаўны настаўніцкі інстытут імя
А.С. Пушкіна з правам выкладання беларускай мовы і літаратуры з першага па сёмы класы і працавала ў Качыцкай пачатковай школе. Выйшаўшы замуж, Неаніла Маркаўна пераехала з мужам у Ярэмічы.

— Тады мне было цяжка працаваць: 18 гадзін беларускай мовы і літаратуры на поўную стаўку мне не хапала, таму дабавілі розных прадметаў — гісторыю, геаграфію, маляванне, працу і іншае.

Пабудаваўшы сваю хату, сям'я Мацко зноў пераехала, і настаўніца змяніла месца працы на пачатковую школу-чатырохгодку ў Браносаве.

Падлогу падмяталі самі

Спачатку тут было два выкладчыкі і ў двух пакоях школы адначасова займаліся па два класы. Калі вучняў паменшала, засталося тры класы (12-15 чалавек), якія ўсе перайшлі да Неанілы Маркаўны.

Як выглядаў тады звычайны вясковы клас? На партах стаялі чарнільніцы-невылівайкі — невялічкія шкляныя бутэлечкі з адтулінай, куды якраз пралазіла пяро ручкі. Чарніла дзеці прыносілі ў школу сваё. Маці дома разводзіла парашок вадой — і гатова. Каб ручка пісала добра, у кожнага была перачыстка — пяць кругленькіх анучак (асабліва добра падыходзіла фланель), сшытых пасярэдзіне. На сцяне вісеў каляндар прыроды, куды штодня ўпісвалі звесткі пра тэмпературу паветра, моц ветру, ападкі і іншае.

Дзяўчаты апраналіся ў сінія сукенкі з белымі манжэтамі і каўнярамі, хлопцы — у штаны і пінжак, на каўняры якога таксама былі белыя нашыўкі-каўнерыкі. На фізкультуру дзеці не пераапраналіся, але ж тады амаль усе насілі пад сукенкамі шаравары, так што гэта нікому не перашкаджала. У школе быў вялікі калідор, дзе ўзімку часта праходзілі ўрокі фізкультуры, або, калі надвор'е дазваляла, ляпілі снежную бабу ў двары.

Адна з былых вучаніц Неанілы Маркаўны — Наталля Сініца — успамінае, што настаўніца была ветлівая, толькі імя яе падавалася вучням для вымаўлення надта цяжкім: «У першым класе мы пісалі ў сшытках спачатку алоўкамі, а калі Неаніла Маркаўна бачыла, што атрымліваецца ўжо акуратна, дазваляла пісаць ручкамі. Ад дзяўчынак патрабавалася насіць дзве касы з бантамі, а хлопцы хадзілі стрыжаныя «пад канадку». У класе з нас выбіраліся «санітарныя тройкі», якія насілі на рукаве павязку з чырвоным крыжыкам і правяралі чысціню рук, вушэй і даўжыню пазногцяў. Падлогу ў школе мы падмяталі самі, а летам былі адпрацоўкі на градах вакол школы. Мы іх даглядалі, увосень выкопвалі гародніну і складвалі ў хлеў — з гэтага нам гатаваліся абеды».

[caption id="attachment_83277" align="alignnone" width="600"]Не­ані­ла Мар­каў­на вядзе заняткі ў школе, 1968 г. Не­ані­ла Мар­каў­на вядзе заняткі ў школе, 1968 г.[/caption]

Пешшу, коньмі і ў грузавіку

Калі ў Браносаве стала зусім мала дзяцей, Неаніла Маркаўна пайшла настаўніцай у Лыкавічы. Ездзіла на ровары ў цёплы час, узімку можна было пад'ехаць на грузавой машыне, а пешшу заставалася «ўсяго нічога» — 1,5 кіламетра.

Некаторы час з ёй працавала жонка намесніка старшыні калгаса, і Неаніле Маркаўне дастаўся конь з возам. На ім яна заязджала па калегу і ехала на заняткі, пасля школы конь заставаўся ў гаспадарцы Мацко. Жанчыла распрагала яго, паіла, навязвала — даглядала, як свайго.

У Лыкавічах настаўніца працавала ўжо да самай пенсіі і спазнала ўсё «хараство» становішча школьнай гаспадыні.

— Школа ў Лыкавічах тапілася дровамі, а комін быў абгорнуты лёнам, і аднойчы ён заняўся гарэць, калі я была дома. Збегліся людзі, пажар патушылі, але ж прыехалі пажарныя і выпісалі мне штраф 200 рублёў, бо сказалі, што гэта я недагледзела, што ў школе не было бочкі ні з вадою, ні з пяском. На той момант мая зарплата была 273 рублі.

Другі раз жанчына сутыкнулася з пажарам у школе ў Лядках, дзе яна працавала ўжо на пенсіі і была адначасова загадчыцай установы. Школа была мураваная з паравым ацяпленнем, але ж аднойчы трубы замерзлі, апальшчык грэў іх паяльнай лампай і перастараўся.

— Я вяла ўрок, калі ў клас забег мужчына і закрычаў: «Вы толькі ціха, але ж школа гарыць». Дзеці павыскоквалі, я пачала хапаць і ратаваць дакументы і сціплы школьны скарб. На выклік прыехаў той жа пажарны і зноў выпісаў мне штраф. А як я магла сказаць, што п'яніца-апальшчык па гарэлку паехаў і я не пры чым?..

...Вучаніца Неанілы Маркаўны ўзгадвае, што пасля чатырохгодкі давялося хадзіць на заняткі ў суседнюю вёску Турэц пешшу тры кіламетры амаль у любое надвор'е. Перашкодзіць ім маглі толькі маразы, большыя за 20 градусаў або завіруха. Здаралася, што малых падвозілі мясцовыя шафёры, якія трымалі машыны каля хаты.

— Суседзі на сваю рызыку дазвалялі нам ехаць у кузаве звычайнага грузавіка, у якім маглі днём і гной вазіць, і бульбу, а раніцай нас, школьнікаў. Мы трымаліся адно за аднаго і барты — трэсла, але ж усё лепш, чым холадам пешшу, — успамінае Наталля Сініца.

Год яны вучыліся ў сінагозе, потым у калгаснай сталовай. І толькі ў Турцы з'явілася свая школа.

— Вакол новай школы ўжо не было град, але ж будынак «патануў» у кветках, якімі займалася наша настаўніца біялогіі Капіталіна Фёдараўна Зязюля, — успамінае Наталля Сініца. — На летніх адпрацоўках мы ўжо даглядалі клумбы, а гародніну і мяса на абеды, што каштавалі 3 рублі на месяц, даваў калгас. Завіхаліся мы ў школьнай сталовай самі: тыя, каму выпадала дзяжурыць, у той дзень не вучыліся, а накрывалі на стол, збіралі посуд, мылі яго...

Што і казаць, сённяшнім вучням і ў сне не ўбачыць тых цяжкасцей, з якімі сутыкаліся нашы бабулі. Але затое, мабыць, і не зведаць той рамантыкі і прагі да ведаў, што мелі тагачасныя школьнікі. Магчыма, таму старэйшае пакаленне зусім інакш успрымае цану атрыманых ведаў і прафесію школьнага настаўніка?..

Ірына Сідарок.

Фота аўтара і з архіва Н.М. Мацко

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.