Вы тут

Справа сумлення


Пакуль даглядаюць помнікі — жыве памяць

Калі часам мінаю месца памяці — магілу ці мемарыяльны знак — і бачу, што ля яго перакуліўся вянок ці выпадкова заляцела смецце, абавязкова папраўлю і прыбяру. І не мае значэння, усталяваны гэты знак у гонар вядомага чалавека ці не, блізкага ці чужога. Перад вечнасцю ўсе роўныя.

Вось і нашы чытачы клапоцяцца пра тое, каб памяць пра гераічна загінулых захоўвалася. У рэдакцыю патэлефанавала Людміла Леанідаўна Бярозкіна з Ваўкавыска, пляменніца аднаго з выдаўцоў падпольнай «Звязды» Вячаслава Кандратавіча Нікіфарава. Прыехаўшы ў Мінск, яна наведала помнік, усталяваны на плошчы Незалежнасці ля Чырвонага касцёла ў гонар расстралянага фашыстамі рэдактара газеты Уладзіміра Амельянюка і іншых журналістаў-падпольшчыкаў. Спадарыня Бярозкіна была непрыемна ўражана станам помніка: яго закрывала вецце кустоў, напісаных чорнымі літарамі на чорным фоне прозвішчаў не было бачна, на помніку адбілася плітка. Але больш за ўсё нашу чытачку абурыла тое, што пад кустамі наўпрост над плітой мемарыяла ў зямлю былі ўтыркнуты недакуркі, пакінутыя работнікамі гандлёвага цэнтра «Сталіца», якія зрабілі тут месца для курэння. Пры гэтым побач хадзілі турысты, у тым ліку і замежныя, фатаграфавалі плошчу і гэты помнік таксама...

Мы звярнуліся ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт з просьбай прыняць меры па добраўпарадкаванні памятнага месца. Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць. «Зроблены рамонт пліткі, абрэзана вецце, якое закрывала літары, сам помнік памыты ад бруду і пылу, недакуркі вымецены», — паведамілі рэдакцыі ў лісце з Мінгарвыканкама. Апроч таго, усім арандатарам «Сталіцы» пад подпіс былі ўручаны лісты з інфармацыяй аб недапушчэнні курэння ў пэўных месцах горада, у тым ліку побач з помнікам У.С. Амельянюку. Усім адказным службам было даручана ўдасканаліць работу па доглядзе помніка, а таксама ўключыць тэрыторыю каля мемарыяла ў маршрут штодзённага патрулявання.

Яшчэ адзін наш чытач Уладзімір Голубеў з Мінска напісаў пра сваю занепакоенасць станам мемарыяльнага знака «Канспірацыйная кватэра ўдзельнікаў мінскага падполля», што на вуліцы Маякоўскага. А памятнага знака на рагу вуліц Маякоўскага і Аранскай, дзе пры адступленні чырвонаармейцаў у першыя дні вайны адбыўся крывавы бой, увогуле няма.

На гэты зварот рэдакцыі прыйшоў адказ з адміністрацыі Ленінскага раёна. У прыватнасці нам паведамілі, што за мемарыялам у гонар удзельнікаў мінс-
кага падполля і прылеглай да яго тэрыторыяй цягам усяго года наладжаны догляд. Штодзённа збіраецца смецце, косіцца трава, прыбіраецца лістота і снег... А вось на пытанне па ўсталяванні абеліска на скрыжаванні вуліц Маякоўскага і Аранскай нам адказаць не змаглі, бо яно не ўваходзіць у кампетэнцыю адміністрацыі раёна.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.