Вы тут

Бульба пад саломай


У апошні час метад вырошчвання бульбы пад саломай набірае папулярнасць, таму што мае шэраг пераваг у адносінах да класічнага спосабу пасадкі і вырошчвання бульбы.

Па-першае, салома — экалагічна чысты матэрыял, здольны ў суадносінах 5 да 1 замяніць гной. Па-другое, выкарыстанне саломы дазваляе значна спрасціць пасадку і догляд бульбы, а таксама нашмат палегчыць збор ураджаю. Клубні не трэба чысціць ад зямлі, збіраць іх нашмат лягчэй, чым выкопваць з глебы. І па-трэцяе, слой саломы, які выкладваюць зверху, адыгрывае ролю мульчы, абараняючы бульбу ад пустазелля і шкоднікаў, галоўным з якіх з'яўляецца каларадскі жук.

Пасадка

Для пасадкі выбіраем сонечнае месца і перакопваем яго рыдлёўкай, віламі або мотаблокам. Выкарыстоўваем насенныя клубні памерам з курынае яйка. У глебу ўносім кампост або перагной з разліку вядро на 1 кв. метр. Затым глебу разраўноўваем і выкладваем насенную бульбу. Адлегласць паміж клубнямі ў радзе вытрымліваем 30 см, а паміж радамі — 70 см. Вакол кожнага клубня рассыпаем сталовую лыжку драўнянага попелу, каб у бульбы не было дэфіцыту калію. Зверху пасадкі бульбы закрываем чыстай саломай слоем 15—20 см. Некаторыя агароднікі замест саломы выкарыстоўваюць сена, але гэта менш эфектыўна.

Догляд

У месцах размяшчэння насенных клубняў бульбы саломы павінна быць больш, чым паміж імі. Калі парасткі маладой бульбы дасягнуць вышыні 15—20 см, вакол іх трэба сфармаваць пагорак з саломы. Гэта будзе свайго роду абганянне, паколькі клубні ўтвараюцца над глебай у саломе. Трэба сачыць, каб на клубні не трапляла святло, інакш яны пазелянеюць. Важна, каб глеба была досыць вільготная ўвесь час. Па меры росту бульбы трэба дадаваць саломы.

Маладую бульбу можна пакаштаваць ужо праз 12 тыдняў пасля высаджвання яе ў грунт.

Вырасціць бульбу пад саломай лягчэй, чым звычайным спосабам, догляд яе прасцейшы. Галоўнае — строга выконваць правілы агратэхнікі, не шкадаваць саломы і сачыць за вільготнасцю глебы.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.