Вы тут

«Байдарачная» вясна ў Прынямонні


«Аўгустоўскае колца» і іншыя маршруты чакаюць аматараў воднага турызму

Калі я некалькі гадоў таму ўпершыню ў жыцці сеў за вёслы байдаркі, то, шчыра кажучы, хваляваўся. Ці атрымаецца ў мяне, не надта маладога чалавека, кіраваць водным транспартным сродкам без спецыяльнай падрыхтоўкі?

13-21

Аднак дзякуючы інструктарам першы блін, так бы мовіць, камяком не аказаўся. Зразумела, мне далёка да вопытных майстроў водных паходаў. Але і тварам у глебу, дакладней у ваду, не трапіў. А асабліва запомніўся рытуал пасвячэння ў турыста-водніка па вяртанні з падарожжа па Аўгустоўскім канале і Чорнай Ганьчы, які завяршыўся ўдарам вясла па «пятай кропцы».

Сезон водных паходаў у раёне Аўгустоўскага канала ўжо традыцыйна стартуе на рацэ Асташанка. Нядаўна аматары воднага турызму з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Польшчы з'ехаліся туды ўжо ў саракавы раз!

Аляксандр ПЯТРОЎ, па прафесіі ён інжынер-канструктар, свой водпуск дзесяцігоддзямі прысвячаў водным падарожжам — у розных рэгіёнах былога СССР. Хадзіў у паходы рознай складанасці, але менавіта Аўгустоўскі канал даў яму «радасць першага ўзмаху вясла»:

— Гэтая водная «жамчужына» яднае нас ужо 40 гадоў. Нават у часы заняпаду воднага турызму тут усё роўна «кіпела» вада ад вёслаў! І цяпер душа радуецца, калі глядзіш на моладзь, якая творыць цуды на каяках і байдарках.

— Чым вас прывабіў водны турызм?

— Найперш прыродай. Хаця тут шмат граняў — і цудоўны адпачынак, і сустрэчы з цікавымі асобамі, і знаходкі на рачных берагах. Калі ёсць жаданне, то можна ўбачыць шмат унікальнага. Нейкіх драўляных «чорцікаў», «кракадзілаў»... Падчас аднаго з падарожжаў, напрыклад, мы заўважылі на беразе каменную глыбу, якая бліскацела, як золата. Праўда, аказалася, што гэта «ўсяго толькі» пірыт. Але для нашых вачэй тое было таксама ўнікальнай з'явай.

Водны турызм у Прынямонні — справа энтузіястаў. Сярод іх — старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» Сяргей ЦІХАНОВІЧ. З чаго пачалося для яго гэтае захапленне?

— Студэнтам пайшоў у паход — спадабалася, «зачапіла». Захацелася не толькі глядзець «Клуб кінападарожжаў» па тэлевізары, а падарожнічаць самому.

Вядома, у любой сферы чалавечай дзейнасці ўсё трымаецца на энтузіястах. Аднак і магчымасці для водных падарожжаў на ўчастку Нёмана да Аўгустоўскага канала зараз даволі някепскія. Турысты прыходзяць на пляж у Гродне і ў суправаджэнні інструктура, які адказвае за бяспеку, падарожнічаюць да Аўгустоўскага канала. Прычым можна не толькі любавацца прыродным хараством за вёсламі байдаркі, але і спыніцца — на берагах маршруту ўжо маюцца добра абсталяваныя месцы для адпачынку. Аднаму чалавеку гэты сплаў... падарыў сябар на дзень нараджэння.

— Ёсць інтарэс — можна звярнуцца ў Гродзенскі турысцка-інфармацыйны цэнтр, там падкажуць, якія фірмы працуюць у гэтым кірунку, — раіць намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» Сяргей КАЛЯДА.

Маршруты водных паходаў разлічаны на розныя запыты турыстаў. Напрыклад, «Аўгустоўскае колца» — гэта выдатная прапанова для пачынаючых байдарачнікаў. Маршрут невялікі (6 кіламетраў), доўжыцца прыкладна 4 гадзіны, але столькі ўражанняў! Спачатку — звілістая, маляўнічая рэчка Асташанка. Потым — спакойны, велічны Нёман. І на фінішы — Аўгустоўскі канал з праходжаннем самага вялікага ў сістэме гэтай воднай жамчужыны, чатырохкамернага, шлюза ў раёне вёскі Нямнова. Ёсць і іншыя маршруты, у тым ліку водна-веласіпедны.

Дарэчы, аматарам экстрыму сёлета на Асташанцы можна скарыстацца «тарзанкай» (канатам працягласцю каля 150 метраў) для «пралёту» над рэчкай з горнай амуніцыяй.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Фота Сяргея ГАЎРЫЦКАГА.

Да тэмы:

У рамках трансгранічнага супрацоўніцтва ў беларуска-літоўскім памежжы ствараецца водны маршрут «Нёманскі» працягласцю 51 кіламетр. Ён будзе пачынацца ад Старога моста ў Гродне і завяршацца ў Друскінінкаі. Маршрут прамаркіраваны знакамі, для турыстаў-байдарачнікаў абсталявалі 12 месцаў адпачынку — з альтанкамі, прыбіральнямі, кантэйнерамі для смецця, з лесвіцамі для сходу да ракі. У адным з месцаў зробяць прычал.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.