Вы тут

У Беларусі можа быць створана Міністэрства прамысловай палітыкі


А таксама ў нашай краіне можа з'явіцца вытворчасць сучасных спартыўных самалётаў

Пра ўсё гэта стала вядома на Беларускім прамысловым форуме, які пачаў работу ўчора ў Мінску. Больш за 240 арганізацый з васьмі краін бяруць удзел у гэтай выставе.

«Асноўная мэта форуму — знайсці прарыўныя праекты, якія далі б імпульс развіццю нашай эканомікі, а таксама паказаць нашым новым партнёрам, у першую чаргу замежным, тыя распрацоўкі прамысловай прадукцыі, якія ў нас ёсць», — адзначыў намеснік міністра прамысловасці Павел Уцюпін. У якасці прыкладу ён прывёў сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства — завод «БелДжы». «За падобнымі праектамі ў Беларусі будучыня. З аднаго боку, мы арганізоўваем вытворчасць легкавых аўтамабіляў, якой у нас не было, з другога — зможам арганізаваць спадарожныя вытворчасці аўтакампанентаў», — растлумачыў ён.

13-39

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка падкрэсліў, што гэты форум — выдатная пляцоўка, дзе беларускія вытворцы змогуць прадэманстраваць свае дасягненні і расказаць пра задачы, якія ставяць перад сабой.

Між іншым, ёсць адзін праект, што таксама можа прынесці ў Беларусь новыя вытворчасці. Славацкая кампанія «Tomark Aero» гатова на лакалізацыю ў нашай краіне вытворчасці сучасных малых самалётаў. «Мы вырабляем самалёт Vіper SD-4, — гаворыць Францішак Мэн, менеджар па продажах. — Яго можна выкарыстоўваць для навучання пілотаў, аховы дзяржаўнай мяжы. Ён цэльнаметалічны, таму больш бяспечны ў параўнанні са шкловалаконнымі. Акрамя гэтага, для пілота прадугледжаны парашут. Мы яго можам стварыць як у асноўнай камплектацыі, так і ў прэміум-выкананні. Нашым партнёрам будзе Мінскі авіярамонтны завод. Цалкам магчыма, што гэты самалёт будуць збіраць тут. Рэалізацыя задумы можа заняць год-два. Беларусь для нас цікава не толькі як рынак, але і як пляцоўка для выхаду на расійскі рынак».

Ва ўсім свеце вельмі шмат старых самалётаў, таму такая вытворчасць вельмі актуальная. Расход паліва старых машын — да 200 літраў на гадзіну лёту. У гэтага самалёта — толькі 15 літраў. Прычым звычайнага аўтамабільнага паліва.

Кансультант-пілот па эксплуатацыі Васіль Радкевіч гаворыць, што гэтыя самалёты вельмі лёгка збіраць і нашы інжынеры спакойна змогуць асвоіць такую вытворчасць. «Беларусі патрэбна каля 25-30 такіх самалётаў, каб замяніць старыя савецкія. Каштуе ён каля 100 тысяч еўра. Пры пэўнай лакалізацыі вытворчасці ў Беларусі ён будзе каштаваць нам каля 70 тысяч еўра».

Што ж да стварэння Міністэрства прамысловай палітыкі, то яно абмяркоўваецца цяпер на ўзроўні экспертаў. Пры гэтым гаворка ідзе пра тое, што яно, магчыма, будзе створана на базе Мінпрама. Павел Уцюпін удакладніў, што ў структуру Мінпрама ўваходзіць цяпер каля 250 прадпрыемстваў. Намеснік міністра адзначыў, што Міністэрства прамысловай палітыкі магло б аб'яднаць намаганні ўсіх прадпрыемстваў, канцэрнаў і ведамстваў. «Тады выпрацоўваліся б рашэнні, у якіх улічваліся б інтарэсы ўсіх суб'ектаў гаспадарання», — адзначыў ён.

XІX Беларускі прамысловы форум будзе працаваць да 15 мая. Сёлета ён праходзіць пад эгідай прамысловай кааперацыі на рынку ЕАЭС. У дзелавой праграме форуму больш за 15 мерапрыемстваў, галоўным з якіх стане пленарнае пасяджэнне з удзелам Еўразійскай эканамічнай камісіі. Таксама адбудуцца 12 міжнародных форумаў, традыцыйны конкурс зваршчыкаў Беларусі і 5-я біржа субкантрактаў.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Фота БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.