Вы тут

Адклікана ліцэнзія яшчэ ў двух банкаў


У трэцяга — прыпынены дазвол на ажыццяўленне асобных банкаўскіх аперацый

Праўленнем Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб адкліканні спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) у закрытага акцыянернага таварыства «Банк Інвестыцыйных тэхналогій» (ЗАТ «БІТ-Банк) і ў закрытага акцыянернага таварыства «ІнтэрПэйБанк» (ЗАТ «ІнтэрПэйБанк»).

Гэта зроблена па выніках комплексных праверак банкаў, якія сведчаць пра высокія рызыкі ў дзейнасці і нездавальняючую якасць кіравання, а таксама ў сувязі з невыкананнем ліцэнзійных патрабаванняў да велічыні нарматыўнага капіталу, адсутнасцю выразных перспектыў па яго нарошчванні, парушэннем іншых патрабаванняў банкаўскага заканадаўства, што можа прывесці да стварэння пагрозы інтарэсам укладчыкаў і іншых крэдытораў банкаў.

Па памеры актываў ЗАТ «БІТ-Банк» займае 27-е месца ў банкаўскай сістэме краіны. Доля актываў неістотная і на 1 мая 2015 года складае 0,07%. ЗАТ «ІнтэрПэйБанк» займае 28-е месца ў нашай банкаўскай сістэме. Доля актываў таксама неістотная і на 1 мая складае 0,05%. Аб'ём прыцягнутых сродкаў на бягучыя (разліковыя) рахункі фізічных асоб нязначны і складае ў эквіваленце 25 млн рублёў. Прыцягнутых сродкаў фізічных асоб ва ўклады (дэпазіты) не маецца.

«Вяртанне фізічным асобам грашовых сродкаў у беларускіх рублях і замежнай валюце, прыцягнутых на рахункі ў ЗАТ «ІнтэрПэйБанк», будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 2008 года «Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб». Інфармацыя аб месцы, часе і парадку вяртання фізічным асобам грашовых сродкаў будзе апублікавана Агенцтвам па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у сродках масавай інфармацыі. Банкам-павераным, які ажыццяўляе прыём заяў ад фізічных асоб па выплаце кампенсацыі і выплату гэтай кампенсацыі, вызначана адкрытае акцыянернае таварыства «Банк Масква—Мінск», — паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка.

Праўленне Нацбанка таксама прыняло рашэнне аб прыпыненні да 6 жніўня 2015 года дзеяння спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) закрытага акцыянернага таварыства «Еўрабанк» (ЗАТ «Еўрабанк») на ажыццяўленне асобных банкаўскіх аперацый. Гэта не прывядзе да ўзнікнення ў ЗАТ «Еўрабанк» абавязацельстваў па датэрміновым выкананні дагавораў з укладчыкамі і іншымі крэдыторамі. Усе абавязацельствы будуць выконвацца ў адпаведнасці з раней заключанымі дагаворамі. Пры гэтым банку забараняецца заключаць новыя дагаворы і перазаключаць на новы тэрмін раней заключаныя дагаворы, выкананне абавязацельстваў па якіх звязана з банкаўскай аперацыяй, у частцы ажыццяўлення якой дзеянне ліцэнзіі прыпынена.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.