Вы тут

Асобны падыход да адходаў,


або Горад навучылі, на чарзе — раён

Жыхары Кобрына ўжо асвоіліся з сістэмай збору адходаў па асобных кантэйнерах. «Абкатаць» тэхналогію стала магчыма дзякуючы праекту «Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь», які фінансаваўся са сродкаў Еўрасаюза і ПРААН і праводзіўся на працягу 2011-2014 гадоў.

— Мы закупілі лінію сарціроўкі адходаў, чатыры смеццявозы, пагрузчык, бульдозер, прэс на 50 тон, а таксама 852 кантэйнеры для макулатуры, шкла і пластыку, — пералічвае дырэктар камунальнага ўнітарнага шматгаліновага вытворчага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Кобрынская ЖКГ» Сяргей ЯЛЕЦ. — У горадзе з'явілася 27 новых пляцовак для збору змешаных адходаў.

Суразмоўца прыводзіць лічбы: калі ў 2011 годзе на аднаго жыхара Кобрына выходзіла па 7 кілаграмаў атрыманай другаснай сыравіны, летась гэтая лічба вырасла да 30 кілаграмаў. Па словах Сяргея Яльца, сёння горад цалкам ахоплены раздзельным зборам адходаў. Гэта добры паказчык, улічваючы, што ў Кобрыне пражывае каля 60 тысяч чалавек. Усе 270 шматпавярховых дамоў забяспечаны пляцоўкамі для адходаў — адна прыпадае на 6-7дамоў. Сяргей Пятровіч узгадвае, што спачатку гарадскія жыхары скардзіліся на наяўнасць пляцовак, маўляў, не хапае месца ў двары. Пазней скаргі замяніліся просьбамі аб усталяванні спецыяльных месцаў з кантэйнерамі: людзі зразумелі зручнасць прапанаванай тэхналогіі. Ва ўсялякім разе, палова з атрыманых адходаў ідзе на перапрацоўку. Метал здаецца ў прадпрыемства «Другчормет», шкло ідзе ў таварыства «Брэстоблрэсурсы», астатнія віды адходаў пакуль не запатрабаваны.

Праўда, не ўсё так гладка з новай сістэмай: напрыклад, у кантэйнерах са шклом капаюцца асобы без пэўнага месца жыхарства. Яны выносяць большую частку сыравіны на нарыхтоўчыя пункты. Для іх гэта выдатны заробак: кілаграм шкла каштуе 600 рублёў, далёка хадзіць не трэба, калі на пляцоўцы поўны кантэйнер шклабою. Такія начныя ператрусы непакояць жыхароў — жудасныя гукі не даюць спаць, людзі скардзяцца. Рашэнне пакуль не знайшлі: прыбраць кантэйнеры — значыць перакрэсліць паспяховы праект. Пакінуць — людзі застануцца незадаволенымі.

Супрацоўнікі Кобрынскай ЖКГ сумесна з латышскімі калегамі намагаюцца выкарыстаць магчымасці колішняга палігона для захавання адходаў, тэрмін эксплуатацыі якога скончыўся яшчэ пятнаццаць гадоў таму. Яны спрабуюць вылучыць са старога смецця як мага больш другаснай сыравіны. Выходзіць шмат шкла, металу, але многа і «хвастоў» — так называюць цэлафан, упакоўку, шыны, драўніну. У кіраўніка ЖКГ ёсць думка выкарыстоўваць «хвасты» як паліва, хаця з пункту гледжання экалогіі гэта не самае правільнае рашэнне. Таму пакуль што пытанне, што рабіць з гэтымі рэшткамі, застаецца адкрытым.

Што датычыцца сельскай мясцовасці, то ў раён тэхналогія прасоўваецца павольней: пакуль абсталявана толькі 10 кантэйнерных пляцовак. Прадумваюцца варыянты па наладжванні сістэмы збору. Ёсць спакуса прыбраць ужо амаль не выкарыстоўваемыя міні-палігоны. З іншага боку, існуе вялікая верагоднасць таго, што смецце апынецца ў лясах альбо на фермах. Старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Тамара ЯЛКОЎСКАЯ бачыць такое рашэнне праблемы: не ўводзіць сістэму з кантэйнерамі, а вывозіць смецце на сарціроўку, палігоны закрыць. Як гэта атрымаецца на справе, пакуль цяжка прадбачыць. Зразумела адно: Кобрын мае вялікія зрухі па раздзельным зборы адходаў, тым больш што ў планах прадпрыемства значыцца набыццё смеццеперапрацоўчага завода.

Кацярына РАДЗЮК. Фота аўтара.

Мінск — Кобрын — Мінск

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.