Вы тут

Выстаўленне платы за вываз смецця — і без дагавора


«Прывітанне, паважаная рэдакцыя газеты «Звязда»! Да вас звяртаецца пастаянная падпісчыца. У спадчыну мне дастаўся дом у вёсцы Калюга Жодзінскага сельскага Савета. У яго мы наведваемся толькі летам на выхадныя ці жывём зноў жа летам падчас адпачынку. У асенне-зімовы перыяд нават на выхадныя не прыязджаем у вёску. Колькі гадоў таму заключылі дагавор на летні перыяд на ваду, у дачыненні да вывазу бытавога смецця, указалі, што забіраем яго з сабой у Мінск. І да 01.10.2014 ніякіх праблем не ўзнікала. А калі прыехалі паглядзець дом, убачылі «жыроўку». Пазванілі ў Смалявічы ў разліковы цэнтр, дзе нам расказалі пра палажэнне, згодна з якім цяпер плата за вываз бытавога смецця налічваецца цягам усяго каляндарнага года. Пра дагавор нават слухаць не сталі. Але ў суседзяў, якія прыязджаюць у свой дом гэтак жа, як і мы, летам, ніякіх «жыровак» няма. Кантэйнеры ў вёсцы для смецця не ўсталяваны, а прыязджае трактар і забірае яго. Ці правільна нам налічваюць плату, калі наша смецце ніхто не вывозіць?»

Галіна Мікалаеўна СІЗ, г. Мінск

Каб разабрацца ў сітуацыі, мы звярнуліся да спецыялістаў разлікова-касавага цэнтра г. Смалявічы. Але спачатку варта нагадаць, што яшчэ колькі гадоў таму была прынята пастанова Савета Міністраў аб 100-працэнтным ахопе сельскага насельніцтва паслугай па вывазе цвёрдых бытавых адходаў. У свой час мы неаднаразова пісалі на гэтую тэму, даючы адказы на шматлікія пытанні абураных чытачоў. Тыя, як правіла, прыводзілі аднолькавыя аргументы, падобныя да слоў нашай заяўніцы. Маўляў, бытавога смецця няма: што можна спаліць, спальваецца, што можна закапаць, тое закопваецца, а астатняе вывозіцца самастойна. Але ў нашым сучасным жыцці бытавых адходаў стала так шмат, што наіўным было б сцвярджэнне, быццам іх можна цалкам утылізаваць самастойна (бо ёсць стыхійныя звалкі паблізу садаводчых таварыстваў, вёсак, у лясных угоддзях, каля дарог). Ды і пра пытанні экалогіі нельга забывацца: не ўсё смецце можна закапаць ці спаліць без наступстваў для прыроды.

— Калі раней, спасылаючыся на пастанову Савета Міністраў аб 100-працэнтным ахопе насельніцтва паслугай па вывазе цвёрдых бытавых адходаў, мы прапаноўвалі грамадзянам заключыць адпаведны дагавор, многія ўсё роўна адмаўляліся, — распавяла нам бухгалтар разлікова-касавага цэнтра г. Смалявічы Таццяна Завадская. — 12 чэрвеня 2014 года была прынята пастанова Савета Міністраў №571, згодна з якой па ўсіх жылых і нежылых памяшканнях выстаўляецца плата па асноўных жыллёва-камунальных паслугах. Вываз цвёрдых бытавых адходаў у ліку іншых адносіцца менавіта да названых асноўных паслуг. Прычым цяпер, згодна з главой 6, пунктам 5, адмова ўласніка жылога памяшкання ад заключэння дагавора не з'яўляецца падставай для неўнясення платы за вываз цвёрдых бытавых адходаў. Апошняя выстаўляецца цягам усяго каляндарнага года ў залежнасці ад колькасці пражываючых, прычым па сабекошце. У месяц гэта складае 17 тысяч рублёў. Калі прапісаны адзін чалавек — на аднаго, калі два — на дваіх і г.д. Калі ў жылым памяшканні не прапісаны ніхто, плата за вываз цвёрдых бытавых адходаў бярэцца, як з аднаго чалавека. Выстаўленне кантэйнераў для збору смецця не з'яўляецца абавязковай умовай. Па зацверджаным графіку яго можа забіраць спецаўтатранспарт.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.