Вы тут

Ветэрану падарылі... танк


Дзякуючы ветэрану Вялікай Айчыннай, энтузіясту з Віцебскага раёна, у вёсцы Копці ёсць унікальны воінскі мемарыял

Віктар Дзям'янавіч Цярэшчанка спачатку сам збіраў «дзеравякі» для апалубкі, здабываў пясок, купляў або прасіў бетон, капаў ямы, рабіў пастаменты... З пенсіі аплачваў работы па вырабе помнікаў. Потым знайшоў аднадумцаў.

[caption id="attachment_83310" align="alignnone" width="400"]У цэнт­ры справа — Вік­тар Дзям'­я­на­віч Ця­рэ­шчан­ка. Ка­ля та­го са­ма­га тан­ка. У цэнт­ры справа — Вік­тар Дзям'­я­на­віч Ця­рэ­шчан­ка. Ка­ля та­го са­ма­га тан­ка.[/caption]

Расказаў, што ў розныя гады дапамогу яму аказвалі сённяшні старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, прэзідэнт Акадэміі ваенных навук Расійскай Федэрацыі, генерал арміі ў адстаўцы Махмуд Гарэеў. Падтрымлівалі і іншыя вядомыя людзі. А аднойчы настойлівы ветэран з беларускай глыбінкі папрасіў у міністра абароны... танк. І яму не адмовілі!

Карэспандэнт «Звязды» пабываў у гасцях у гэтага энтузіяста.

І адзін у полі воін

Ветэран чакаў мяне на тэрыторыі воінскага мемарыяла, што ў аграгарадку Копці. Там рыхтаваліся да мітынгу, прысвечанага юбілею Перамогі.

— А вось і мой даўні сябра Дзмітрый Сялюк. Ён апошнія некалькі гадоў жыве ў Швецыі, але не забываецца на мяне. Добра памятаю, як Дзіма прывёз цяжкую пліту, якую можна ўбачыць пад танкам. Ён спрыяў і візітам у нашу вёску французскіх дыпламатаў. Яны не раз прыязджалі да помніка ў гонар французаў, якія служылі ў знакамітым знішчальным авіяцыйным палку «Нармандыя — Нёман». І з Кубы журналісты тут былі. Перыядычна ў аграгарадку бываюць сваякі і нашчадкі тых, хто загінуў, вызваляючы наш край, — распавядае ветэран.

Дзякуючы яму, упершыню пабывалі ля помніка дочкі радавога Макарава Георгія Якаўлевіча: тут сярод іншых ёсць прозвішча іх таты.

— Ён нарадзіўся ў 1910 годзе, з Яраслаўля на вайну прызываўся. Пра тое, дзе загінуў, напісана было ў пахавальным лісце. Пасля таго, як гэта пацвердзілі ў ваенкамаце, мы звязаліся з Віктарам Дзям'янавічам... Сёння ўпершыню прыехалі. Вельмі ўдзячны ветэрану за тое, што летась ён паставіў помнік, — распавядае Надзея Георгіеўна.

У склад мемарыяла ўваходзіць ужо каля 60 помнікаў. Сярод іх і матросу «Аўроры», Піліпу Агеевічу Дзенісенка (гады жыцця: 1892—1978. — Аўт.), які штурмаваў Зімні палац. Наш зямляк вырас і жыў менавіта ў вёсцы Копці.

— Дзенісенка быў членам суднавага рэвалюцыйнага камітэта крэйсера. Вялікую Айчынную вайну скончыў у Берліне... Спачатку, калі я помнікі пачаў усталёўваць і мемарыял ствараць, на мяне многія, скажам так, скоса глядзелі. Але прадстаўнікі ўлады мяне зразумелі. Былы старшыня райвыканкама Іван Канстанцінавіч Вазьміцель, які цяпер узначальвае абласную федэрацыю прафсаюзаў, дапамог з пастаноўкай мемарыяла на дзяржаўны ўлік. У выніку камунальнікі рэгулярна займаюцца прывядзеннем яго ў парадак. Суботнікі тут праводзяцца, — працягвае ветэран.

[caption id="attachment_83311" align="alignnone" width="500"]Сёст­ры з Маск­вы ля пом­ні­ка з проз­ві­шчам іх та­ты. Сёст­ры з Маск­вы ля пом­ні­ка з проз­ві­шчам іх та­ты.[/caption]

На тэрыторыі мемарыяла ёсць помнікі і сынам Сталіна. Старшы лейтэнант Якаў Джугашвілі, камандзір артылерыйскай батарэі, у ліпні 1941 года ваяваў на Віцебшчыне. А лётчык Васілій Сталін у 1944 годзе ў званні палкоўніка быў камандзірам 3-й гвардзейскай знішчальнай дывізіі. Апошняя біла ворагаў у віцебскім кірунку на 3-м Беларускім фронце...

Скептыкі, здараецца, за вочы гавораць, што гэтыя і некаторыя іншыя помнікі — «лішнія». Але ж ветэран лічыць: усё, што звязана з барацьбой з фашыстамі ў Віцебскім раёне, трэба ўвекавечыць.

Распіска за... Т-76

Усё пытаўся ў ветэрана, адкуль жа гэтая браніраваная машына ў аграгарадку.

— Спачатку — у 1994 годзе — па ініцыятыве партызанскага камбрыга Данілы Фядотавіча Райцава зрабілі курган. У тым годзе святкавалася 50-я гадавіна вызвалення Віцебска. Нас запрасілі ў горад, у палац — на імпрэзу. У мяне з'вілася думка папрасіць міністра абароны, які там прысутнічаў, каб танк падарыў — на кургане ўсталяваць.

Тады ж з Германіі выводзілі нашу армію. Ды так хутка, што танкі літаральна безгаспадарчымі стаялі на палях Расіі і Беларусі. А ў Барысаве іх рэзалі і потым ужо як металалом адпраўлялі ў тую ж Германію. Міністр спачатку падумаў, што мы жартуем. А зразумеўшы, навошта нам танк, даручыў начальніку артылерыйскага ўзбраення, каб з цэха ўтылізацыі «машыну» прыгналі. Праз пару тыдняў старшына на трале танк і прыцягнуў. І ўзяў распіску, што Т-76 дастаўлены па прызначэнні, — узгадвае Цярэшчанка.

— Так атрымалася, што пад старасць падтрымліваю таварыскія сувязі з генераламі. Напрыклад Махмуд Ахметавіч Гарэеў у госці прыязджаў. Яшчэ капітанам ён вызваляў Віцебскі раён (напрыканцы 1943 года — у пачатку 1944-га). У сваіх мемуарах ён таксама ўзгадваў, што быў дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі. Тут нарадзіліся яго дзеці. Разам з Сіманавым ён дамагаўся стварэння мемарыяла ў Брэсцкай крэпасці... Наведваючы наш мемарыял, ён пакланіўся памяці баявых таварышаў, — гаворыць ветэран.

[caption id="attachment_83319" align="alignnone" width="235"]Вік­тар Дзям'­я­на­віч Ця­рэ­шчан­ка не шкадуе пенсіі на помнікі. Вік­тар Дзям'­я­на­віч Ця­рэ­шчан­ка не шкадуе пенсіі на помнікі.[/caption]

Легендарны генерал Гарэеў — ініцыятар ушанавання памяці загінулых аднапалчан. Аказаў матэрыяльную дапамогу на выраб помніка са схемай вызвалення вёскі Копці — у дзень майго прыезду яго якраз рыхтавалі да ўсталявання.

— Яшчэ хацелася б праз «Звязду» звярнуцца да ўплывовых, багатых людзей, каб дапамаглі ўвекавечыць памяць 1128 чырвонаармейцаў, якія загінулі, вызваляючы Копці. Тры гады мы займаліся ўдакладненнем спісаў забітых герояў і нарэшце выйшлі на агучаную лічбу. На 15 помніках будуць пазначаны прозвішча, імя і імя па бацьку і год нараджэння кожнага... Потым трэба будзе зрабіць сцяну памяці і смутку, — дзеліцца планамі ветэран.

Насамрэч, мы гаворым пра тое, што ніхто не забыты, пра неабходнасць захоўваць памяць пра тых, дзякуючы якім мы не сталі рабамі акупантаў. Дык ёсць шанц унесці лепту ў добрую справу!

• • •

На развітанне дамовіліся, што сустрэнемся яшчэ. Паабяцаў ветэрану, што «Звязда» падзякуе на старонках газеты тым, хто дапаможа пашыраць музейную экспазіцыю пад адкрытым небам. Не старэюць душой ветэраны — гэта і пра нашага энтузіяста. Дай Бог яму яшчэ шмат гадоў жыцця.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.