Вы тут

«Вяршыня»... не на вышыні


Сялянская фермерская гаспадарка ўтрымлівае на вясковым падворку больш як 2300 свойскіх птушак. Але не ўсім гэта падабаецца

«Не пазайздросціш людзям, што пражываюць у вёсцы Лагаза Лагойскага раёна. Справа ў тым, што па вуліцы Падгорнай, дом 9 самавольна размясцілі птушкаферму. Гаспадар абяцаў перанесці яе да вёскі Чырвоны Бор яшчэ летась, але, як кажуць, воз і сёння тут. Калі ж усталёўваецца цёплае надвор'е, то тут немагчыма дыхаць. Побач з маім домам знаходзіцца дача аднаго з вядомых музыкантаў, дык вось яго жонка адмаўляецца сюды прыязджаць, таму што смурод выклікае ў яе моцную алергію. Ды і ваду з водаправода тут бралі ў вялікіх аб'ёмах, хаця ён разлічаны толькі для патрэб людзей вуліцы Падгорная», — напісаў у газету жыхар вёскі Лагаза Уладзімір Гваздзецкі.

Дадам, што ў жніўні мінулага года да нас ужо звярталіся з гэтай нагоды. У выніку для будаўніцтва птушнікаў быў адведзены зямельны надзел каля вёскі Чырвоны Бор. У людзей з'явілася надзея, што ферму перавядуць на новае месца да пачатку маразоў, а ўчастак расчысцяць ад памёту і перааруць.

— Участак аформлены на маці Алега Сафроненкі — Ніну Данілаўну Капусціну. Тут пабудаваны дом і зарэгістравана сялянская фермерская гаспадарка «Вяршыня» на імя Алега Іванавіча, — распавёў старшыня Лагойскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Вабішчэвіч. — Сапраўды, яму выдзелілі іншы ўчастак каля вёскі Чырвоны Бор, і мінулай восенню далі прадпісанне перанесці туды ферму, пакаралі штрафам. Частку птушкі ён перавёз на новае месца, але не ўсю.

Старшыня Гайненскага сельвыканкама Андрэй Свібовіч некалькі разоў выклікаў спецыялістаў ветэрынарнай станцыі і санэпідэмстанцыі на незаконна створаную ферму. Таму добра ведае сітуацыю. Разам з ім, са старшынёй райсавета, а таксама прадстаўнікамі санітарнай і экалагічнай службаў накіроўваемся да аб'екта. Па дарозе Андрэй Андрэевіч тлумачыць, што ў мінулым годзе Алег Сафроненка самавольна захапіў зямельны ўчастак памерам 0,15 гектара. Распараджэннем сельвыканкама была створана камісія для разгляду гэтага факта. Як сцвярджаў гаспадар, дазвол на карыстанне зямлёй дала яму суседка, што пражывае ў Мінску. Аднак спецыялісты не пагадзіліся з яго довадамі, палічылі, што гэта самавольны захоп участка і землеўладкавальная служба райвыканкама склала на грамадзяніна Сафроненку адміністрацыйны пратакол. Пасля чаго ён зняў агароджу і адмовіўся ад надзела. Што тычыцца незаконнага вырошчвання птушкі ў колькасці 2300 галоў і парушэння санітарна-гігіенічных правіл, сельвыканкам накіроўваў звароты ў санэпідэмстанцыю, якая прымала ў дачыненні да парушальніка адпаведныя меры ўздзеяння.

На імправізаванай ферме падчас нашага прыезду знаходзіліся двое мужчын, якія дапамагаюць даглядаць жыўнасць. Адзін з іх выходзіць насустрач.

— Колькі тут засталося птушкі? — пытаецца ў яго Пётр Вабішчэвіч.

— Дзесьці 200 галоў, астатнюю перавезлі на новую ферму, — адказвае той.

— А колькі каштуе адна асобіна? — цікаўлюся я ў хлопца.

— Адно гусяня, напрыклад, 120 тысяч рублёў. Ды што вы ў мяне дапытваецеся, — незадаволены мужчына. — Я наёмны работнік, шукайце гаспадара.

— А дзе яго знайсці? Падкажыце, калі ласка!

— Не ведаю, — не хоча размаўляць хлопец.

У старшыні сельскага Савета Андрэя Свібовіча ёсць нумар тэлефона фермера, але на настойлівыя званкі «абанент» не адказвае.

— Куды вывозіце памёт? — цікавімся ў суразмоўцы.

— На палігон, — не міргнуўшы вокам адказвае той.

— На які?

Хлопец запінаецца...

Супрацоўніца санэпідстанцыі, прымасціўшыся ў машыне, выпісвае прадпісанне і павестку на імя гаспадара, каб той з'явіўся ва ўстанову. У яго адсутнасць нельга скласці адміністрацыйны пратакол за парушэнне санітарнага стану дваровай тэрыторыі і ўмоў утрымання птушкі.

Дарэчы, на асабістым падворку ўласнік мае права ўтрымліваць не больш за 50 свойскіх птушак. А, згодна з санітарнымі нормамі, птушкаферма павінна быць размешчана як мінімум за 500 метраў ад населенага пункта.

Чырвоны Бор — наступны пункт нашага маршруту. У вёсцы пастаянна пражывае толькі адзін пенсіянер. А вясной і летам прыязджаюць тыя, хто набыў пустуючыя дамы пад дачы: тут надзвычай маляўнічыя мясціны... І раптам пры лясной дарозе натыкаемся на звалку: мяшкі, пер'е, нежывая птушка. Смурод, няма чым дыхаць. Спецыялісты ўсё карпатліва занатоўваюць, фатаграфуюць, каб прад'явіць Алегу Сафроненку неаспрэчныя факты.

Непадалёку ад самавольнага сметніка — новая ферма. Дакладней, адзін птушнік і разрытыя катлаваны. Гаспадара тут таксама мы не заспелі, а на тэлефонныя званкі ён не адказваў. Сустрэў нас мужчына, які прадставіўся галоўным па будоўлі.

— Чаму ў недазволеным месцы зрабілі звалку? — цікавіцца Пётр Вабішчэвіч.

Але «галоўны» аднекваецца:

— Нічога не ведаю, нічога не бачыў.

— Сёння да вечара закапайце ўсе адходы! — патрабуе старшыня раённага Савета.

Усяго ж каля Чырвонага Бору плануецца пабудаваць 7 птушнікаў. А пакуль маладняк утрымліваецца ў двух рэфрыжэратарах. Побач з імі складзіраваны аўтамабільныя шыны, якія таксама трэба ўтылізаваць, дровы...

— Мы вітаем тых, хто адкрывае бізнес, і, калі трэба, акажам усялякае садзейнічанне ў станаўленні. Працуйце, зарабляйце грошы, плаціце падаткі, карміце сваю сям'ю. Але рабіце справу цывілізавана, паводле заканадаўства. Перадайце свайму наймальніку, каб да канца мая навёў парадак і перавёз усю птушку. У адваротным выпадку мы знойдзем меры ўздзеяння на яго, — сказаў на развітанне Пётр Вабішчэвіч.

— Сітуацыя ў нас на кантролі. І да гэтага пытання вернемся праз пэўны час, абавязкова праверым, як выконваюцца нашы прадпісанні, — заверыў старшыня райсавета.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.