Вы тут

«Камандны пункт»


І іншыя пабудовы былога ваеннага гарадка

Як складваецца лёс аб'ектаў, прададзеных за адну базавую велічыню?

Прадпрымальнік Наталля Забалоцкая ў 2010 годзе купіла на аўкцыёне адзін з аб'ектаў былога ваеннага гарадка Сасноўка, што пад Брэстам. Паводле афіцыйных дакументаў, памяшканне называецца «Камандны пункт №40». Камунальная ўласнасць Брэсцкага раёна прадавалася з умовамі: стварыць не менш за адно рабочае месца і правесці рэканструкцыю памяшкання.

[caption id="attachment_83307" align="alignnone" width="500"]Былы камандны пункт №40, прададзены за адну базавую велічыню. Былы камандны пункт №40, прададзены за адну базавую велічыню.[/caption]

 

Паводле слоў Наталлі Сяргееўны, пяць гадоў таму ў яе былі планы перанесці з горада ў Сасноўку майстэрню па вытворчасці рэкламнай прадукцыі. Тагачасны бізнес-план складаўся зыходзячы са спрыяльнай эканамічнай сітуацыі. Потым былі крызісныя з'явы 2011 года, адчуваюцца цяжкасці і цяпер. Такім чынам, пакуль што ажыццявіць задуманае не ўдалося.

Былы ваенны гарадок Сасноўка надзейна схаваны ў лесе. Неспрактыкаваны чалавек не адразу здагадаецца, што тут ёсць нешта, акрамя густой расліннасці. Прымацаваная да дрэва таблічка «Бярозавы сок» са стрэлкай указвае на тое, што лясніцтва не так даўно вяло нарыхтоўку бярозавіку.

З галоўным спецыялістам упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы і дзяржорганаў КДК Брэсцкай вобласці Наталляй ЛЯВОШКА прабіраемся ўглыб лесу і заўважаем пабудову, падобную да бункера, праўда, з сучаснымі драўлянымі дзвярамі.

Звяраемся з дакументамі: укрыццё, якое таксама прададзена прадпрымальніку за адну базавую. А дзверы, падпёртыя каменем, указваюць на нядаўнюю прысутнасць чалавека. Але мой гід прапаноўвае не спыняцца, настойліва рушым далей і нарэшце знаходзім памяшканне з двума вялікімі ўваходамі. Гэта і ёсць былы камандны пункт пад нумарам 40. На падлозе заўважаем сляды рамонту: невялікая зацэментаваная пляцоўка яўна больш позніх часоў, чым ваенны гарадок. Больш нічога сучаснага ўнутры каманднага пункта няма.

Наталля Забалоцкая кажа, што рабіць рамонт яны спрабавалі, але іх два разы абкрадвалі. Зламыснікі вынеслі будаўнічыя матэрыялы, інструменты, генератар — усё, што завезлі для рамонту. У міліцыі заяву прынялі, але нічым дапамагчы не змаглі.

[caption id="attachment_83320" align="alignnone" width="500"]Такое вось «мазутасховішча» у Кавярдзяках. Такое вось «мазутасховішча» у Кавярдзяках.[/caption]

Каб падвесці святло ў былы КП, гаворыць прадпрымальнік Забалоцкая, трэба затраціць прыкладна 10 тысяч долараў. У яе такіх грошай няма, бо зараз прадпрыемства адчувае цяжкасці з асноўнай дзейнасцю. Але вярнуць аб'ект у камунальную ўласнасць раёна, аб чым гаварылася на апошняй калегіі КДК Брэсцкай вобласці, Наталля Сяргееўна не спяшаецца. Яна лічыць, што крызісы не бываюць вечнымі. Пройдзе некаторы час, і фінансава-эканамічная сітуацыя стабілізуецца. У яе, як прадпрымальніка па выпуску рэкламнай прадукцыі, з'явяцца заказы, стане больш грошай, і да рэканструкцыі аб'екта дойдзе чарга, Так, у свой час ён быў набыты за адну базавую. Хоць, адна базавая ў гэтым кантэксце — паняцце ўмоўнае. Пасля набыцця лота за ўказаную суму спатрэбілася афармленне зямельнага ўчастка, выраб дакументаў, што абышліся прыкладна ў дзве тысячы долараў. Акрамя таго, прадпрымальнікі штогод плацяць немалы зямельны падатак. Таму страчваць укладзеныя сродкі ніхто не хоча.

Недалёка ад названага КП мы заўважылі яшчэ адзін аб'ект, які праходзіць пад назвай «КП №39» — яго ў памянёным 2010 годзе набыло на такіх жа ўмовах брэсцкае прадпрыемства «Барыра». Там назіраецца прыкладна такая ж карціна з адной розніцай: каля ўвахода ў першы КП (№40) растуць маладыя сосны, а тут прыгожа квітнее дзікая сліва.

...Варта адзначыць, што некаторымі аб'ектамі названага ваеннага гарадка, якія прадавалі ў розны час, карыстаюцца. У адным, як нам удалося высветліць, прадпрымальныя людзі фасуюць семкі, у другім — наладзілі вытворчасць хрэну. Тут таксама працуе адзін з цэхаў прадпрыемства па вырабе матрацаў. А некалькі камандных пунктаў (з моманту продажу якіх ідзе пяты год) так і засталіся ў ранейшым выглядзе. Таму на калегіі Дзяржкантролю вобласці па пытаннях работы Брэсцкага райвыканкама і ўзнікла прапанова вярнуць іх у камунальную маёмасць раёна для паўторнага продажу.

Базы былых ваенных гарадкоў даўно сталі галаўным болем, і не аднаго толькі Брэсцкага раёна. З моманту сыходу вайсковых часцей прайшло больш за дваццаць гадоў. Усё, што можна было раскрасці каштоўнага з маёмасці, як правіла, раскралі. У той жа Сасноўцы, калі прыгледзецца, заўважыш траншэі, якія нехта капаў, каб забраць кабель, што пралягаў фактычна да кожнай з пабудоў і забяспечваў іх святлом. Па роўных раўках можна вызначыць: капалі не рукамі, працэс быў механізаваны, і рабаванне праведзена «якасна». Цяпер абабраныя да ніткі былыя ваенныя аб'екты скарыстаць няпроста.

Намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама Міхаіл БАЦЭНКА лічыць, што забіраць прададзеныя ў Сасноўцы аб'екты пакуль рана і немэтазгодна. «Па-першае, — разважае Міхаіл Леанідавіч, — паставіць любую з пабудоў на баланс раёна з вырабам усёй патрэбнай дакументацыі абыдзецца не менш чым у 6 мільёнаў рублёў». У тым ліку маюцца на ўвазе судовыя выдаткі, бо зрабіць апошняе можна толькі праз суд. Потым давядзецца шукаць новых пакупнікоў і прадаваць ім той жа аб'ект зноў за адну базавую. Пры гэтым няма ніякай гарантыі, што новы гаспадар павядзе справу лепш, чым папярэдні.

На думку намесніка кіраўніка раёна, у гэтай сітуацыі варта працаваць з сённяшнімі гаспадарамі аб'ектаў, аказваць ім пэўную дапамогу і дабівацца выкарыстання памяшканняў. У Міхаіла Бацэнкі ўвогуле аптымістычны погляд на праблему. Ён прывёў прыклад другога ваеннага гарадка, размешчанага на поўдзень ад Брэста каля вёскі Камяніца Журавецкая. Там ужо фактычна ўсе памяшканні прададзены на аўкцыёнах зацікаўленым карыстальнікам. Праўда, ля Камяніцы Журавецкай крыху лепшыя ўмовы. У лесе ж пад Сасноўкай — ні дарогі, ні электрычнасці.

Пакуль пытанне з аб'ктамі былога ваеннага гарадка застаецца адкрытым. Спецыялісты Дзяржкантролю лічаць, што варта прытрымлівацца літары закона: прайшоў указаны тэрмін, умовы не выкананы — трэба забіраць памяшканні і шукаць новых гаспадароў. Наталля Лявошка прыводзіць прыклад з адным з бункераў усё таго ж гарадка Сасноўка. Яго забралі ў аднаго нядбайнага пакупніка, ацанілі ў 100 мільёнаў рублёў і ўжо знайшлі новага, які гатовы адкрыць там вытворчасць. Паводле меркавання начальніка ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы і дзяржорганаў КДК Брэсцкай вобласці Мікалая БОБЕЛЯ, раёну трэба больш настойліва і паслядоўна шукаць прадпрымальнікаў, якія змогуць вярнуць да жыцця пабудовы ваеннага гарадка.

І ўжо ніяк нельга пакідаць без увагі былы сельгасаб'ект — мазутасховішча ў вёсцы Кавярдзякі, які за адну базавую набыло прадпрыемства «Гранітны двор». Арганізацыя, якая паспяхова працуе, такім чынам проста пашырыла сваю тэрыторыю за кошт атрымання кавалка зямлі. А тое сховішча як стаяла, так і стаіць...

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара.

Брэсцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.