Вы тут

Слуп пасярод... хаты


Якіх толькі дзівосаў не ўбачыш на будоўлі. Але каб такое!.. На адным з участкаў у Брэсцкім раёне ўжо залілі фундамент пад новы дом. Абазначылі перагародкі для будучых пакояў, зрабілі падсыпку пад падлогу. І недзе акурат пасярод спальні пакінулі... апору лініі электраперадач, якая падтрымлівае правады з электратокам.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Участак гэты, як аказалася, вельмі дагледжаны, па перыметры растуць маладыя садовыя дрэўцы. Ніякага беспарадку альбо будаўнічага смецця... і — слуп, які нібы расце пасярод дома.

У Знаменскім сельвыканкаме ўдалося высветліць, што ўчастак пад будаўніцтва быў выдзелены жыхару вёскі Страдзеч у 2013 годзе Страдзецкім сельвыканкамам. Страдзецкі сельсавет затым скасавалі, тэрыторыю аб'ядналі са Знаменскім. Кіраўнік апошняга Сяргей ГАЛАВЕЙКА згадвае, што быў здзіўлены не менш нашага, калі прыняў справы. Фундамент ужо быў заліты, слуп стаяў. Сталі разбірацца. У праектнай дакументацыі на будаўніцтва паўсюль ёсць паметкі: «пасля пераносу лініі электраперадач». А хто і ў якія тэрміны павінен займацца пераносам лініі, нідзе не ўказана.

Старшыня сельвыканкама лічыць, што грамадзяніну трэба было ўзгадніць перанос дома ў іншае месца. Участак даволі вялікі, мае прамавугольную форму, і дом можна было ўзводзіць у іншай яго частцы, над якой гэтая злашчасная лінія нават не праходзіла б. Гаспадар жа, відаць, разлічыў інакш, падумаў, што слуп хутчэй знясуць, калі ён пачне будаўніцтва па першапачатковым плане.

Цяпер Знаменскі сельвыканкам сваім рашэннем прыпыніў дзеянне ранейшых дакументаў. Будоўля на пэўны час замарожана. Хто будзе займацца пераносам лініі, пакуль невядома. Для гэтага трэба рабіць праектна-каштарысную дакументацыю. І паводле прыблізных падлікаў, уся работа абыдзецца ў 80-100 мільёнаў рублёў.

Вельмі эмацыйна на калегіі КДК пракаментаваў сітуацыю старшыня Брэсцкага райвыканкама Уладзімір Мацука. Але ж эмоцыі да справы не прыкладзеш. Адказу на пытанне, хто вінаваты ў тым, што адбылося, не прагучала. Як і не было сказана, хто і за якія сродкі мусіць выпраўляць памылку.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Брэсцкі раён.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.