Вы тут

Што галоўнае ў загартоўцы?


Дашкалят можна і трэба загартоўваць. Неабходна толькі ўлічваць стан здароўя дзіцяці і... яго жаданне. Вядома, малому можа не спадабацца нейкая працэдура, значыць, трэба на пэўны час ад яе адмовіцца. Загартоўванне павінна прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі! Яшчэ дзве важныя ўмовы — паступовасць і сістэматычнасць.

Самая вядомая загартоўка ў паўсядзённым жыцці — хада басанож, «шырокае» ўмыванне, праветрыванне кватэры. Аднак існуюць і спецыяльныя методыкі: абліванні ног, кантраснае абліванне, абціранне і купанне ў адкрытых вадаёмах, нагадвае ўрач-рэнтгенолаг 3-й дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Віялета МЯЦЕЛЬСКАЯ.

14-28

Паветраныя ванны. Самае тое, з чаго варта пачынаць. Тэмпература паветра павінна быць не вышэйшай за +26 і не ніжэйшай за +17 градусаў, іначай гэта будзе або перагрэў, або прастуда. Вельмі добра спалучаць паветраныя ванны з ранішняй зарадкай. Праветрыце памяшканне, апраніце дзіця ў майку, трусікі і шкарпэткі (калі дзіця прызвычаіцца займацца ў халаднаватым памяшканні, можна будзе займацца басанож).

Як умываемся? Тэмпературу вады можна зніжаць паступова. Умыванне павінна быць «шырокім» — не толькі кісці і твар, але і рукі да локцяў, шыю, верхнюю частку грудзей.

Як спім? Тэмпература паветра падчас сну павінна быць на 2-3 градусы ніжэйшай, чым тая, што была ў пакоях днём. Перад сном памяшканне трэба праветрыць або пакінуць фортку адчыненай, калі на вуліцы не надта холадна. Важна, каб не было скразняку. Для дзяцей да 3 гадоў тэмпература падчас сну павінна быць каля 21-23 градусаў, у 3-5 гадоў — 20-21, 5-7 гадоў — 19-21.

Як апранаемся? Пры тэмпературы ў кватэры вышэйшай за 23 градусы дастаткова бялізны і тонкага баваўнянага адзення. 18-22 градусы — можна апрануць калготкі і кофту з больш грубай бавоўны з доўгім рукавом, 16-17 — цёплая кофта, калготкі і цёплыя тапачкі.

Як ходзім? Некаторыя дзеці вельмі любяць хадзіць басанож. Аднак зусім малым шкодна хадзіць падоўгу па цвёрдай паверхні: у іх яшчэ фарміруецца звод ступні, а жорсткая апора можа ўзмацніць нейкія парушэнні, паспрыяць плоскаступнёвасці. Бегаць з голымі ножкамі падчас выканання фізічных практыкаванняў лепей або па тоўстым дыване, або летам — па зямлі і траве.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.