Вы тут

Вайна вачыма 10-гадовага


Леў Леанідавіч Коласаў — вядомы ў нашай краіне і за яе межамі філатэліст. Доўгі час ён узначальваў Беларускі саюз філатэлістаў, сёння з'яўляецца намеснікам старшыні гэтага грамадскага аб'яднання. Чытачы часопісаў «Полымя» і «Нёман» пазнаёміліся са шматлікімі экспанатамі яго калекцыі і калекцый яго сяброў, прысвечаных Беларусі. Так, напрыклад, у часопісе «Полымя» (№ 4, 2015 года) быў надрукаваны невядомы ліст Якуба Коласа, што захоўваецца ў прыватным зборы ў Германіі.

Аднак нашы рэдакцыйныя размовы з Львом Леанідавічам часта выходзілі за «філатэлістычныя» межы, і мяне заўсёды здзіўляла яго здольнасць разгледзець і апісаць гэты свет, пражытае (якім бы цяжкім яно ні было), падрабязна і дакладна, як экзэмпляр калекцыі. Так у рэдакцыі часопіса «Полымя» з'явілася «Акупацыя» — самабытная дакументальная проза, расповед Льва Леанідавіча пра пачатак вайны і тры гады жыцця на тэрыторыі, захопленай фашыстамі, у маленькім Лунінцы. Цалкам успаміны надрукаваны ў №5 і №6 часопіса «Полымя» за 2015 год.

Алена Мальчэўская

Ужо ў кастрычніку 1941 года акупацыйныя ўлады на чале з бургамістрам Якубікам урачыста адкрылі ў Лунінцы кінатэатр. Ён працаваў для насельніцтва некалькі дзён на тыдзень, сеансы заканчваліся да каменданцкай гадзіны, якая не асабліва вытрымлівалася. У вызначаныя дні кіно паказвалі толькі для немцаў. Некаторы час сеансы для лунінчан былі бясплатнымі. З дзяцей грошы не бралі ніколі. Хлопчыкі часцей за ўсё ўладкоўваліся на падлозе перад экранам. Паказвалі толькі нямецкія фільмы. Большасць гледачоў не разумела мовы, не ведала пра што ідзе размова, дзе адбываецца дзеянне і калі. Але некалькі фільмаў усё ж запомніліся. Каляровая стужка пра барона Мюнхгаўзена. Фільм з сюжэтам, падобным да «12 крэслаў». Фільм пра нямецкіх падводнікаў. Былі і рускамоўныя карціны. Двухсерыйны фільм «Жыд» — пра злых яўрэяў-масонаў у акружэнні прускага караля. Былі прапагандысцкія фільмы на рускай і ўкраінскай мовах — пра «цяжкую долю савецкіх людзей пад прыгнётам камуністаў і пра шчаслівае жыццё партыйцаў, нкусаўцаў, палітработнікаў-яўрэяў». Былі фільмы пра калгасы. Нешта паказвалі пра Катынь. Вялікім поспехам у немцаў карыстаўся тыднёвы агляд ваеннай кінахронікі. Калі на экране паказвалі савецкія аэрадромы з грудамі разбітых самалётаў, дарогі Беларусі, забітыя згарэўшай тэхнікай, палаючыя вуліцы захопленых гарадоў, натоўпы палонных, разгубленых чырвонаармейцаў і камандзіраў, забітых савецкіх байцоў каля разбітых гармат, а на гэтым фоне пераможны марш нямецкай тэхнікі — зала дружна апладзіравала. Няшмат мы, тады дзесяцігадовыя хлапчукі, разумелі ў гэтай вайне. Занадта многа падзей адбылося, пачынаючы з 1939 года. Але тое, што мы бачылі на экране, выклікала ў нас незразумелыя, можа, нам самім слёзы, крыўду, злосць. Так здаралася і са мною.

Аднак апладысменты ў кіназале паступова замоўклі, калі фашысты атрымалі першае паражэнне пад Масквой, калі ў Лунінецкі шпіталь паступілі абмарожаныя параненыя салдаты з-пад савецкай сталіцы.

Пасля выбуху партызанскай міны ў Мікашэвіцкім кінатэатры ў лістападзе 1942 года (тады загінула больш як 200 акупантаў) у Лунінцы адмянілі кінасеансы выключна для немцаў. Цяпер фільмы, калі былі жадаючыя з мясцовых, глядзелі на роўных. Аднак насельніцтва стала радзей хадзіць у кінатэатр, нават хлапчукі. Да таго часу ў свядомасці людзей шмат змянілася. Праўда, на кіначасопісы тыднёвай хронікі, дзе паведамлялася пра Сталінград ці Курск, лунінчан не пускалі — мясцовыя жыхары маглі ўвайсці ў залу толькі пасля іх дэманстрацыі. Але ж зразумець тое, што адбываецца, можна было і без хронікі: пасля разгрому фашысцкіх войскаў пад Сталінградам і палону фельдмаршала Паўлюса ў Германіі быў аб'яўлены жалобны «дзень герояў», у Лунінцы таксама былі прыспушчаны сцягі з прышпіленымі да іх чорнымі стужкамі...

Восенню 1941 года акупанты выкарысталі закрыты брукаваны двор былога гарэлачнага склада для стаянкі палявых пякарняў. Частку склада прыстасавалі для захоўвання гатовай прадукцыі, у другой была абсталявана пякарня. Штодня з варот выязджалі дзясяткі машын, што развозілі хлеб па воінскіх часцях. Па нашай вуліцы стаяў дурманлівы пах свежага хлеба, і калі ў 1941-м ён асабліва не хваляваў, то ў галодных 1943—1944 гадах ад гэтага паху кружылася галава і вельмі хацелася есці. Да святаў (Вялікадня і Каляд, да Новага года і некаторых іншых дат) у пякарні рабілі «кухены» — булкі. Хлапчукі навучыліся красці з машын хлеб і гэтыя «кухены», асабліва зімой. На самаробных драўляных каньках мы даганялі машыну, чапляліся крукам з дроту за борт, а другім, больш доўгім, дротам імкнуліся падчапіць бохан хлеба ці «кухен» і, у выпадку ўдачы, хутка адчапіцца ад машыны ды збегчы са здабычай. Не заўсёды гэта ўдавалася. Красці ў немцаў хлеб (ці што іншае) было небяспечнай задумай. Бывала, што шафёр і яго напарнік спыняліся, выскоквалі з машыны, лавілі хлопчыка і збівалі яго. Цярпелі многія, але жаданне мець хлеб было мацнейшае за страх. Кожны думаў, што абыдзецца. Іншы раз у кузаве машыны сядзеў салдат, якога не было бачна, і тут жа біў хлопчыка прыкладам вінтоўкі. Так, сябар майго дзяцінства Цімафей Пракаповіч, самы смелы сярод хлопчыкаў нашага раёна, атрымаў пералом прадплечча. Мне пашанцавала двойчы — «канфіскаваў» з машыны два боханы хлеба. Аднак пасля выпадку з Цімафеем кінуў гэтую справу: сябар лячыўся ў гарадской бальніцы, яго бацькам даводзілася за гэта плаціць.

Нягледзячы ні на што, усе мы, хлопцы тых ваенных гадоў, адрозніваліся нейкай упартасцю, дзёрзкасцю, неабдуманасцю, безразважнасцю сваіх учынкаў, якія маглі закончыцца трагічна. Аднак пра гэта тады не думалі, не надавалі значэння словам папярэджання і забарон сваіх бацькоў. І калі ў аўтамабілі праходзячай праз Лунінец вайсковай часці, які спыніўся каля варот нейкага дома, а афіцэры, якія ў ім ехалі, выйшлі адпачыць, хтосьці з хлопчыкаў выяўляў пакінуты трохкаляровы ліхтарык, ці пачак цыгарэт, ці шафёрскі партсігар-аўтамат для згортвання самакрутак, ці трубачку цукерак «Бон-Бон», то прыкладвалі ўсе намаганні, каб убачанае неяк забраць. Удавалася нават «канфіскаваць» металічную скрынку з нямецкім салдацкім наборам інструментаў і прылад для чысткі вінтоўкі. Ухітрыліся каля царквы адкруціць фару з разбітага матацыкла і лямпачкі (яны былі асаблівай доўгай формы) з указальнікаў паваротаў на аўтамашынах. Аднойчы нават была ўзята з падаконня адчыненага акна венгерская граната. Але запаветнай марай любога з нас было скруціць працуючы акумулятар з матацыкла і аўтамабіля і прынесці яго дамоў, каб мець святло. Электрычнасць часта адключалі (летам яе наогул не было). У нашым доме было тры акумулятары, і зімовымі вечарамі сям'я мела святло.

Пасля знішчэння яўрэйскага гета нямецкія ўлады вырашылі знішчыць так званых «выхрыстаў», якія не былі змешчаны ў гета. Так у Лунінцы называлі сем'і, у якіх муж ці жонка былі яўрэямі, але па розных прычынах прынялі хрысціянскую веру, здзейснілі абрад хрышчэння. Іх было некалькі. У пачатку акупацыі немцы не цікавіліся гэтымі сем'ямі. Але летам 1943 года ўсе «выхрысты» былі арыштаваны і адразу ж расстраляны на «бензінцы».

Сярод ахвяр была сям'я вядомага ў горадзе гандляра Леана Цхаўрэбава (Цхаўрэбашвілі). Галава сям'і — былы афіцэр з каўказскага (татарскага) батальёна кавалерыі генерала Булак-Булаховіча — застаўся ў Лунінцы пасля заканчэння польска-савецкай вайны, закахаўся ў яўрэйку Троцкую, адзіную дачку небагатых бацькоў. Заснаваў сваю справу — магазін каланіяльных тавараў: апельсіны, бананы, разынкі, вінаград і фінікі. Найлепшыя фрукты ў Лунінцы! Гандляваў таксама мясам і каўбасой, якія былі выраблены асаблівым, «каўказскім», спосабам. Гэтыя прадукты карысталіся вялікім попытам у лунінчан. Яго жонка прыняла хрысціянства, была вельмі набожнай, часта наведвала царкву разам з мужам, нават удзельнічала ў царкоўным савеце. Дваіх дзяцей яны таксама пахрысцілі ў лунінецкім храме. Аднак гэта не выратавала сям'ю ад «канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання»...

Была яшчэ адна трагічная гісторыя, пра якую гаварылі, сцішыўшы голас. У Лунінцы чамусьці засталася жонка аднаго з работнікаў НКУС з 5-6-гадовым сынам. Хтосьці данёс пра гэта гестапа. Яе арыштавалі, трымалі разам з хлопчыкам у склепе былой павятовай гміны, на допытах збівалі. Потым па незразумелых прычынах адпусцілі. Пасля арыштавалі зноў. На расстрэл жанчыну з хлопчыкам вялі праз увесь горад. Сына яна несла на руках. Расправа гестапаўцаў над бездапаможнай маці і дзіцем вельмі паўплывала на жыхароў, пра гэта распавядалі са слязьмі на вачах. Ніхто не ведаў, што з намі будзе заўтра...

Леў Коласаў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.