Вы тут

Непераможныя?


Сапраўды, сёння нашу каманду чакае паядынак з самай выніковай зборнай на сёлетнім першынстве свету, якая літаральна ўшчэнт разносіла сваіх апанентаў. Асаблівае прадстаўляць гэтага саперніка не трэба. Канадцы ў хакеі, як бразільцы ў футболе, заўжды сярод лідараў, заўжды на слыху. 

Але мы падрыхтавалі пра іх некалькі займальных фактаў, з якіх вынікае, што...

1. На сёлетнім першынстве свету яны пакуль вызначаюцца ідэальным вынікам. Майстры хакея атрымалі перамогу ва ўсіх 7 матчах групавой стадыі. Зборную Германіі Канада наогул перайграла з лікам 10:0, а аўстрыйцаў — 10:1. Аднак гэта далёка не самыя разгромныя вікторыі для канадцаў. У 1949 годзе на чэмпіянаце свету ў Стакгольме Канада раструшчыла датчан з лікам 47:0!

2. Агулам «кляновыя лісты» 24 разы заваёўвалі залатыя медалі чэмпіянатаў свету. Праўда, у мінулы раз гэта здарылася 8 гадоў таму. Апошнія пяць гадоў канадцы наогул не могуць прайсці чвэрцьфінальны бар'ер. У Мінску, напрыклад, яны саступілі Фінляндыі (2:3). Пры гэтым на леташняй Алімпіядзе ў Сочы паўночнаамерыканцы сталі першымі.

3. Дарэчы, у Беларусь на першынство свету Канада прывезла даволі годны склад, але ў ім было больш за 15 дэбютантаў. Гэтым разам у склад зборнай трапілі адны з найлепшых форвардаў Нацыянальнай хакейнай лігі. А гэта і непаўторны Сідні Кросбі, двухразовы алімпійскі чэмпіён, і Клод Жыру, і Тайлер Сегін, які двойчы прымаў удзел у матчах усіх зорак НХЛ.

4. Мэт Дзюшэн і Джэйсан Спеца з'яўляюцца аднымі з найлепшых бамбардзіраў першынства свету. Яны дзеляць першы радок з расійскім хакеістам Яўгенам Дадонавым.

5. Узначальвае гэтую зорную каманду 47-гадовы Тод Маклелан. Гульнявая кар'ера ў яго не вельмі склалася. Маклелан правёў толькі 5 матчаў у НХЛ за «Нью-Ёрк Айлендэрс», але ў якасці трэнера 6 гадоў кіраваў «Сан-Хасэ Шаркс». Па выніках сезона 2014/2015 каманда ўпершыню з 2003 года не трапіла ў плэй-оф НХЛ і Тод пакінуў пасаду. Дагэтуль Маклелан ніколі не працаваў з нацыянальнай камандай. Толькі ў 2000 годзе быў памочнікам галоўнага трэнера ў маладзёжнай зборнай. «У нас новая група хакеістаў. Для кагосьці гэта першы падобны турнір, — адзначыў трэнер зборнай Канады. — Самае важнае, што мы хочам пісаць новую гісторыю і не збіраемся азірацца назад. Беларусы акажуць нам годнае супраціўленне. Трэба будзе добра вывучыць гэтую каманду».

6. Цікава, што зборныя Канады і Беларусі маюць сваяцкія сувязі. У камандах працуюць родныя браты. І калі Крэйг Вудкрафт дапамагае ў нашай зборнай Дэйву Льюісу, у канадскай дружыне працуе малодшы брат Джэй. А вось Тод, сярэдні з братоў Вудкрафтаў, таксама на чэмпіянаце свету. Ён знаходзіцца ў трэнерскім штабе зборнай Швейцарыі, якую ўзначальвае добра вядомы беларускім балельшчыкам Глен Хэнлан.

7. Зборная Беларусі яшчэ ніколі ў афіцыйных матчах не перамагала Канаду. На чэмпіянатах свету сённяшняму апаненту мы саступалі 6 разоў. Розніца шайбаў — 6:29. Але пакінем гэтыя лічбы. Сканцэнтруемся на хакеі.

Матч Канада — Беларусь пачнецца ў 17:15. Прамую трансляцыю глядзіце на тэлеканале «Беларусь 1». Прапануем вашай увазе астатнія пары чвэрцьфіналістаў: ЗША — Швейцарыя, Швецыя — Расія, Фінляндыя — Чэхія.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.