Вы тут

Жылібер у Гародні.


Падарожжа-рэканструкцыя

У адзін з кастрычніцкіх дзён 1775 года межы Гародні, якая ўяўляла з сябе мешанку драўляных пабудоў, мураванак і палацаў на розных стадыях узвядзення і разбурэння, перасек экіпаж, нагружаны цяжкімі куфрамі. У куфрах тых — кнігі ды медыцынскае абсталяванне, насенне ды саджанцы розных раслін, гербарый, прылады для астранамічных (гэта значыць, за прыроднымі з'явамі) назіранняў. Гаспадар экіпажа, стомлены (ці натхнёны?) амаль трохмесячным пераездам ажно з Ліёна, зірнуўшы за фіранку, усклікнуў: «J'avaіs bіen besoіn de!» Ну, або нешта падобнае. І незразумела, ці азначала гэта: «Чорт мяне паблытаў!» Ці ўсё ж трошкі іншае кшталту: «Даволі мілы гарадок, трэба сказаць».

14-8

Слаўны доктар Жылібер

Такім уяўляўся прыезд Жылібера ў Гародню нам, валацугам з ХХІ стагоддзя, якія (праўда, на аўтамабілі) добраахвотна перамясціліся ў часы толькі што забароненага езуіцтва, набрынялага прагай таямніц масонства і медыцынскіх рэформ, вартых гонару і пераймання. Парк імя Жылібера для нас пакуль што не парк, а фігура, што сустракае пры ўваходзе. Ніякі не гараджанін XVІІІ стагоддзя, як афіцыйна пазначана, а менавіта той, хто нам патрэбен, — месье Жан Эмануэль Жылібер, 34-гадовы доктар з Францыі, які заклаў вось тут, на месцы, дзе пасля будуць круціцца каруселі, найлепшы ў Еўропе батанічны сад з экзотамі кшталту д'ябальскага муштука, або кораня аднарога.

Трошкі ўбаку стаіць будынак у стылі барока, прыдуманы італьянцам Джузэпэ дэ Сака, прыдворным архітэктарам Тызенгаўза. Гэты ружовы трохпавярховік з «крыламі», «адсечанымі» шасціграннымі вежамі, і ёсць заснаваная месье Жыліберам медыцынская школа. У вежах размяшчаюцца аўдыторыі, у якіх дзеці сялян з ваколіц Гародні вывучаюць лаціну, анатомію і хірургію. Чуеце, як адз'юнкт Вірыён цытуе некага з класікаў? «Чаго не вылечвае жалеза, тое вылечвае агонь, чаго не вылечвае агонь, тое трэба лічыць невылечным». Праз два з нечым стагоддзі гэты будынак будзе аддадзены ваеннай камендатуры. Таму фатаграфавацца на яго фоне забаронена. Пойдзем хіба далей.

14-10

Жылібер ці гараджанін 18 стагоддзя

Вось езуіцкая аптэка, з якой у ХХІ стагоддзі зробяць аптэку-музей. Уваходам сваім яна павернута ў двор, бо яшчэ нядаўна належала ордэнскаму кляштару. Цяпер, калі дзейнасць езуітаў прыпынена, тут распараджаецца Жылібер — вучыць сваіх выхаванцаў атрымліваць з карэньчыкаў і лісця розных plantago ды taraxacum вохкія парашкі колеру мёртвай вады...

З французскім энтузіязмам узяўся Жылібер у Гародні за справу — і з гэткай жа французскай бескампраміснасцю пачаў ладзіць scandale. Выдзелены яму спадаром Тызенгаўзам асабняк — з прыслугай і тройкаю коней, прадуктамі, дровамі, свечкамі (прынамсі, выдаткі за тры гады склалі 17 785 злотых) — аказаўся, мякка кажучы, «не вельмі». Мы не ведаем, дзе той асабняк стаяў дакладна, але чамусьці верым, што ён быў «не вельмі». Між тым, на мяса месье Жан таксама скардзіўся: маўляў, нясвежае. Ды хто тое мяса цяпер праверыць? Па звестках на 1779 год, калі Жылібер «разгарнуўся», у заходняй частцы рынку, паблізу колішняй Мастовай, стаялі так званыя «яткі хрысціянскія мясныя». Трымалі іх нейкія браты Януцэвічы, Андрэй і Міхал, а таксама Пётр Барташэвіч. Дык яткі тыя, як даследчыкі пішуць, мала што былі мураваныя, дык яшчэ мелі агароджу і вароты. Гэта значыць, цывілізаваны гандаль у цывілізаваным горадзе цывілізаванай краіны. «А што ўяўляў з сябе гандаль мясам у Францыі?» — спытаеце вы. А я адкажу, і вельмі дакладна. Словамі Дзяніса Фанвізіна, бо якраз тады ён выправіўся ў родны для Жылібера французскі Ліён, каб выгнаць з жонкі «чарвяка». Французскія эскулапы напаілі жанчыну арэхавым маслам — і дапамагло! Дык вось што Дзяніс Іванавіч, уражаны Ліёнам і ім жа абураны, пісаў тады сваёй сястры: «Скажу тебе один пример, а по сему и прочее разумевай: шедши по самой лучшей улице в Лионе, увидел я вдруг посреди ее много людей и несколько блистающих факелов среди белого дня. Я думал, что это какое-нибудь знатное погребение, и подошел посмотреть поближе. Вообрази же, что я увидел? Господа французы изволят обжигать свинью! Подумай, какое нашли место, и попустила ли б наша полиция среди Миллионной улицы опаливать свинью! Словом сказать, господа вояжеры лгут бессовестно, описывая Францию земным раем».

14-9

Медыцынская акадэмія Жылібера на малюнку Наполеона Орды

Рамантыкам

Большасць падарожжаў на аўтамабілі адбываецца пры непасрэдным удзеле Сонца і яго актыўнай падтрымцы: ранкам едзеш насустрач усходу, вечарам вяртаешся, сузіраючы захад. Сонца — сведка ўсіх нашых вандровак. І, напэўна, яны яму даспадобы, іначай не перадавала б яно нам такі крэатыўны настрой. Неяк, назіраючы разлітую па лініі гарызонту чырвань, пяцігадовы на той час Сяргейка зрабіў выснову, вартую асаблівай сімпатыі. «Гэта Сонейка папраўляе коўдрачку», — сказаў ён.

Наш Жылібер, відаць, таксама прыхарошваўся, выдаючы сябе за цывілізаванага месье ў краіне зуброў і мядзведзяў. Але мы сімпатызуем яму як нашаму герою. Мы даруем Жыліберу легкадумны апломб за ўсе яго тутэйшыя дасягненні. Ды і зуброў нашых ён вывучаў, надзвычайнейшым чынам, у анатамічным тэатры. Такія таямніча-жахлівыя ўстановы з надпісам на франтоне пра смерць, якая ў гэтым месцы прызвана дапамагаць жыццю, мела кожная паважаная медыцынская акадэмія. І мясцовая не адставала. Тут прэпаравалі не толькі памерлых людзей, але — нашмат часцей — і жывёл. І доктар Жылібер лічыў, што скура з ілба зубра, маючы характэрны мускусны пах, можа выкарыстоўвацца для «паскарэння родаў у нервовых жанчын».

14-11

Гародня часу Жыліберу. Злева ад касцёла - аптэка і адначасова вучэбная база.

Вы ж хаця не верце тым, хто прыпісвае памяць пра Жылібера будынку ў Тэлеграфным завулку, так званаму Дому масонаў. Так, Жылібер быў масонам. Але дом гэты пабудаваны не менш як праз дзесяць гадоў пасля таго кастрычніцкага дня, калі межы Гародні перасек экіпаж, нагружаны цяжкімі куфрамі. І дакладна пазней, чым Жан Эмануэль Жылібер у суправаджэнні 76 павозак з бібліятэкай, гербарыем і калекцыяй мінералаў выехаў з Гародні назаўсёды.

Падарожнічала Святлана Дзянісава.

Адкрыцці

Закон пераходу колькасных змен у якасныя ў дачыненні да вандроўных асоб сцвярджае наступнае: інфармацыйна-эстэтычнае ўздзеянне наведаных мясцін і ўбачаных экспанатаў пасля пэўнай колькасці перадапошніх і апошніх праходзіць «кропку біфуркацыі» (раздваення) — частка яго адбіваецца на стане душы вандроўніка адразу, непасрэдна ў момант сузірання, другая ж, значна большая, стварае элемент адтэрміноўкі, з-за чаго закон атрымлівае назву Закона інфармацыйна-эстэтычнага паслядзеяння.

Такая вось разумная думка аформілася ў маёй галаве праз пэўны час пасля наведвання чарговага музея і сузірання новай безлічы рарытэтаў. Кажучы прасцей, калі вы не вельмі ўражаны падарожжам, то гэта, магчыма, часова. Прыйдзе час, калі вам захочацца яго паўтарыць.

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.