Вы тут

Цёплы пакой


Малыя, якія недаатрымліваюць любові ў сям'і, часцей становяцца ахвярамі гвалту

У 2012 годзе эксперты правялі даследаванне сярод нашай моладзі 18—26 гадоў, вынікі якога прымушаюць не задумацца, а біць ва ўсе званы. Звесткі, якія атрымалі даследчыкі, шакіруюць: 7% апытаных заявілі, што самай траўматычнай падзеяй іх дзяцінства быў сексуальны гвалт, амаль 25% цярпелі ад фізічнага гвалту і больш за 60% падвяргаліся эмацыйнаму. У 2013 годзе ў краіне зафіксавана амаль 400 злачынстваў супраць палавой свабоды дзяцей. Гэтую лічбу можна смела памнажаць на дзесяць, як сцвярджаюць спецыялісты, бо іх узровень прыкладна аднолькавы ва ўсіх краінах. У нас гэтая з'ява мае схаваны характар з шэрагу прычын: неэфектыўнасць сістэмы выяўлення, нізкая даступнасць экстраннай, ананімнай і якаснай псіхалагічнай дапамогі, сорам перад грамадствам. А яшчэ страх, што следства і суд стануць больш моцным ударам, чым само злачынства...

14-27

Шкло-люстэрка, праз якое бачны дружалюбны да дзяцей пакой

Дружалюбная гутарка пад... відэакамерай

Між тым каля 10% псіхічных расстройстваў у дзіцяці, над якім учынілі сексуальны гвалт, узнікаюць не ў выніку самога гвалту, а ў выніку траўматычнай працэдуры расследавання. Для таго, каб атрымліваць праўдзівыя паказанні падчас разбору крымінальных спраў, а таксама мінімалізаваць псіхалагічную траўму падчас следчых дзеянняў, у краіне з 2009 года існуюць дружалюбныя да дзяцей пакоі апытанняў. Малалетніх сведак ці ахвяр злачынстваў сюды прыводзяць следчыя органы і ў агульных рысах расказваюць спецыялістам-псіхолагам пра сітуацыю, якая здарылася.

— Перад намі ставяць задачу, што трэба высветліць у дзіцяці. А ўжо як мы будзем гэта рабіць — існуе спецыяльная працэдура. Мы не проста размаўляем, у нас ёсць пэўны план гутаркі, — распавядае эксперт-псіхолаг Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Наталля МАХНАЧ. — Галоўнае, для чаго існуе пакой, — гэта стварэнне дружалюбнай для дзіцяці атмасферы, у якой яно можа раскрыцца і максімальна небалюча для сябе расказаць пра тое, што з ім адбывалася.

— Напрыклад, кажаш дзіцяці, што чула, быццам з ім нешта здарылася, і просіш расказаць пра гэта. Дэталі ўдакладняем, але не задаем наводзячыя пытанні. У размове абапіраемся толькі на тое, што чуем, — запэўнівае эксперт-псіхолаг Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Анжаліка НАЗАРАНКА.

Спецыялісты падстройваюцца пад кожнае дзіця ў адпаведнасці з яго ўзростам, развіццём, а таксама сітуацыяй, якая здарылася. Не робяць са слоў ніякіх высноў, а стараюцца вывесці свайго маленькага суразмоўцу на максімальна свабодны і шчыры расповед. Усё, што адбываецца ў пакоі, здымае відэакамера. Пра гэта дзяцей папярэджваюць. Запіс вядзецца для таго, каб пасля можна было выкарыстоўваць яго ў працэсе следства і суда, не апытваючы дзіця дадаткова.

— Відэазапіс у многіх выпадках з'яўляецца вычарпальнай інфармацыяй для суда, і гэта дазваляе не траўмаваць дзіця зноў, не весці яго ў залу, дзе сядзіць злачынца, — тлумачыць Анжаліка Назаранка.

Але ёсць у такім пакоі яшчэ адна «хітрасць» — на адной са сценак усталявана шкло, якое выглядае, як люстэрка. А калі паглядзець у яго з суседняга пакоя, можна ўбачыць усё, што адбываецца падчас апытання. Такім чынам у той час, калі дзіця і псіхолаг размаўляюць, за гутаркай могуць назіраць іншыя зацікаўленыя: напрыклад, следчыя.

Першы дружалюбны пакой для апытання дзяцей — ахвяр гвалту і сведак злачынстваў быў створаны экспертамі міжнароднай грамадскай арганізацыі «Разуменне» ў 2009 годзе. Цяпер іх 17 (шэсць — у Мінску). З 2009 года праз пакоі дружалюбнага апытання прайшло 781 дзіця (паводле звестак на 1 студзеня 2015 года). Самаму маленькаму было менш за чатыры гады. Па падліках спецыялістаў, у Беларусі неабходна каля 50 такіх пакояў.

За апошні час раскрывальнасць злачынстваў супраць палавой свабоды дзяцей у Беларусі ўзрасла на 45% — дзякуючы якасным зменам следства ў адносінах да непаўналетніх ахвяр. Многія перастаюць баяцца заявіць пра здарэнне, у тым ліку, гэтаму паспрыялі апытанні дзяцей з удзелам псіхолагаў. Пакуль што апошнія праводзяцца на ўзроўні рэкамендацый Следчага камітэта. Аднак эксперты ўжо накіравалі ў парламент свае прапановы па зменах у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, дзе гаворыцца аб абавязковым аднаразовым апытанні следчымі органамі пацярпелага дзіцяці падрыхтаваным спецыялістам-псіхолагам у спецыяльным дружалюбным пакоі, абсталяваным відэакамерай.

сумны вопыт: з мінулага ў будучыню?

Даказана, што дзеці, у якіх не сфарміраваны даверлівыя адносіны з бацькамі, часцей становяцца ахвярамі сексуальнага гвалту. Малеча не можа супраціўляцца, бо, па-першае, дарослы чалавек — як правіла, аўтарытэт, якога трэба слухацца. А па-другое, у дзяцей яшчэ не выпрацаваны механізм супраціўлення, бо ўсё сваё жыццё чалавек вучыцца гаварыць «не». У той жа час яны павінны ведаць, што з любымі праблемамі могуць прыйсці да бацькоў. Асабліва давер важны ў падлеткавым узросце. Калі такіх адносін няма, ахвяры могуць гадамі не распавядаць пра тое, што з імі адбываецца.

— Дзяўчынка пасля таго, як яе згвалтавалі на вуліцы, прыйшла дадому, вымыла вопратку, у якой была, і села рабіць урокі. Яе выхоўвалі бацька і мачыха, з якой падчарыца ладзіла, але даверу не адчувала, — прыводзіць прыклад начальнік аддзела псіхолага-фізіялагічных даследаванняў галоўнага ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Людміла МУН.

А вось ахвяры сямейнага гвалту нярэдка маўчаць праз страх помсты, праз няпоўнае ўсведамленне ўчыненых з імі дзеянняў, праз недавер да навакольных або боязь разбурыць сям'ю, у якой жывуць. Часам гвалтаўнік прымушае ахвяру маўчаць перакананнем ці пагрозамі. Пры гэтым, як адзначыла Людміла Мун, дзеці ў большасці выпадкаў хочуць расказаць пра тое, што здарылася, і знаходзяцца на мяжы таго, каб гэта зрабіць.

Напрыклад, іншая васьмігадовая дзяўчынка, якую згвалціў айчым, распавяла пра здарэнне адразу пасля яго. Паспрыяла гэтаму тое, што ў дом якраз зайшлі мама і старэйшая сястра. Дзяўчынцы паверылі, выклікалі міліцыю, Людміла Мун правяла апытанне. Аднак гвалтаўніку ледзь не ўдалося пазбегнуць пакарання: раптоўна маці дзяўчынкі адмовілася ад сваіх першапачатковых паказанняў. Справа ў тым, што айчым быў адзіным карміцелем у сям'і. Дзякуючы доказам, атрыманым падчас апытання, усё ж удалося прыцягнуць яго да адказнасці.

Адметна, што не толькі эканамічная залежнасць не дае жанчынам станавіцца на бок сваіх дзяцей. Ёсць розныя псіхалагічныя прычыны. Напрыклад, рэўнасць да дзіцяці як да сексуальнага канкурэнта, спроба пазбегнуць пачуцця віны (маўляў, недагледзела дачку). А яшчэ нярэдка маці трапляюць пад уплыў навакольных. Начальнік аддзела псіхолага-фізіялагічных даследаванняў прыгадала выпадак: у шматдзетнай сям'і бацька ўступаў у палавую сувязь з кожнай са сваіх дачок па дасягненні імі пэўнага ўзросту. Калі праўда адкрылася і мужчына панёс пакаранне, аднавяскоўцы сталі абвінавачваць дзяўчат у тым, што яны «пасадзілі бацьку за краты».

Дарэчы, Людміла Мун адзначае, што палавыя злачынствы супраць дзяцей (пераважна  дзяўчынак) з аднолькавай частатой здзяйсняюць як айчымы, так і родныя бацькі. Большасць з гэтых мужчын не маюць псіхічных ці сексуальных расстройстваў. Але, як справядліва заўважае псіхолаг, адсутнасць сумлення таксама не з'яўляецца захворваннем. Пры тым, што інцэст (палавыя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі) забаронены ў большасці культур, такое здараецца паўсюдна, а адрозненне статыстычных даных — пытанне якасці выяўлення злачынстваў супраць палавой свабоды.

— Наш абавязак і адказнасць як бацькоў заключаецца ў тым, каб ствараць з дзецьмі адносіны, у якіх будзе любоў і цяпло. Той, хто недаатрымлівае іх у сям'і, мае большую рызыку быць уцягнутым у гвалтоўныя адносіны, — пераканана Людміла Мун.

Яшчэ адна небяспека сямейнага гвалту ў тым, што ён можа працягвацца з пакалення ў пакаленне. Кожнае дзіця, якое расце ў атмасферы штодзённых здзекаў, мае шматразовы траўматычны вопыт, і невядома, якім чынам ён праявіцца ў будучыні.

Як выявіць злачынства і дапамагчы

З праблемай дзіцячага гвалту любога характару можна звяртацца па тэлефоне агульнанацыянальнай дзіцячай лініі: 8-801-100-1611. Званкі бясплатныя з любога нумара і прымаюцца кругласутачна.

Тэлефонны апарат і камп'ютар, на якія паступаюць звароты, цяпер знаходзяцца ў прыёмным аддзяленні Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя (далей РНПЦ). На камп'ютары ўсталявана спецыяльная праграма, якая дазваляе весці статыстыку званкоў. Першапачаткова на працягу трох гадоў лінія абслугоўвалася двума аператарамі, якія знаходзіліся ў спецыяльным пакоі. Сённяшняе знаходжанне лініі ў РНПЦ — своеасаблівы кампраміс: пакуль што Міністэрства аховы здароўя не можа вылучыць асобную стаўку для спецыяліста, які б займаўся выключна кансультаваннем па тэме дзіцячага гвалту, а ва ўрача ці медсястры, якія дзяжураць у прыёмным пакоі, абавязкі іншыя...

14-26

Так ідзе кансультаванне на агульнанацыянальнай дзіцячай лініі дапамогі

Тым не менш, на лінію штодня паступае па некалькі званкоў. Тэлефануюць суседзі, якія заўважаюць факты гвалту ў адносінах да дзятвы, бацькі кансультуюцца па праблемах у выхаванні. Звяртаюцца і самі дзеці.

— Тыповы званок: вечарам у пятніцу ці суботу, калі бацька сямейства прыходзіць п'яны і пачынае цікавіцца справамі ў школе, правяраць урокі, так бы мовіць. Далей — прэтэнзіі, якія даходзяць да рукапрыкладства, — распавядае пра самыя распаўсюджаныя звароты намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей ОСІПЧЫК.

— Калі дзіця гаворыць, што над ім учынілі гвалт, як правіла, яно гаворыць праўду, — кажа кіраўнік «Разумення», член камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Андрэй МАХАНЬКО. — Таму яму трэба, у першую чаргу, паверыць. А далей ёсць канкрэтны алгарытм дзеянняў: трэба звярнуцца з заявай у органы ўнутраных спраў ці раённы аддзел Следчага камітэта.

Калі дзіця само не распавядае, што з ім нешта здарылася, трэба звярнуць увагу на яго паводзіны: напрыклад, яно можа раптоўна стаць замкнёным ці, наадварот, гіперактыўным, яго дзеянні могуць стаць сексуалізаванымі (калі гэта не характэрна для ўзросту дзіцяці).

— Мы вельмі хочам, каб у нас была створана асобная сацыяльная служба па справах дзяцей, — працягвае Андрэй Маханько. — Каб там былі сканцэнтраваны ўсе сэрвісы, якія займаліся б і сацыяльным сіроцтвам, і гвалтам, здзейсненым у адносінах да непаўналетніх — усімі відамі парушэння правоў дзіцяці. Гэта павінна быць структура, што будзе мець статус міністэрства і забярэ свае функцыі ў міністэрстваў аховы здароўя, адукацыі, унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны. Вядома, усімі пералічанымі органамі гэтыя функцыі выконваюцца, але ж застаецца пытанне якасці...

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.