Вы тут

Цаніце тое, што заслужылі


Колькі разоў вам рабілі прапанову рукі і сэрца? Што тычыцца мяне, то ўжо збілася з ліку. Праўда, усе прапановы, акрамя адной, сыходзілі ад сваякоў патэнцыйных жаніхоў. Так, як гэта ні камічна гучыць, саміх прэтэндэнтаў на мае руку і сэрца я не бачыла. Але затое пачула пра іх столькі, што такое адчуванне, быццам ведаю не адзін дзясятак гадоў. Усе, як адзін, добрыя, разумныя, багатыя, але пры ўсім гэтым (парадокс!) адзінокія... Вось, напрыклад, у апошняга — два гаражы, прасторная кватэра з сучасным рамонтам у цэнтры Мінска. «Што яшчэ трэба для шчасця?» — рэкламуе свайго пляменніка чарговая сваха. І дадае: «Толькі з асабістым жыццём у яго нешта не складваецца. Паехаў у Амерыку па доўгі рубель. У гэты час жонка кінула-прамяняла яго на больш багатага і перспектыўнага. А ён жа ёй і кватэру падарыў, і машыну — як сыр у масле каталася». І такіх жанчын (ды і мужчын таксама), якія не ўмеюць цаніць тое, што маюць, вакол поўна. Дзіўная рэч: колькі чалавеку ні дай, яму ўсё роўна будзе мала: «гэта не так, тое не так». А тады атрымліваецца: маем — не беражом, страціўшы — плачам. Добра, вядома, калі інакш...

14-29

Я таксама, колькі сябе памятаю, трызніла старэйшым братам, які б мяне абараняў, хоць маю цудоўную малодшую сястрычку. Марыла пра вялікую шумную сям'ю, а нас у бацькоў толькі дзве. І ў школе, і ва ўніверсітэце з сяброўкамі абмяркоўвалі: колькі кожная з нас народзіць дзяцей. Тады я катэгарычна і без сумнення сцвярджала: у мяне будзе, як мінімум, трое. Мудрае ж жыццё пастаянна паказвае-даказвае, як важна навучыцца цаніць тое, што маеш. І цяпер на пытанне «колькі хочаш дзяцей?» адказваю: «Колькі Бог дасць!» Бо хто, як не Ён, лепш ведае, чаго ты заслугоўваеш.

Калі шчыра, для мяне вельмі нечаканай была прапанова «ўдачарыць» «Сямейную газету». З аднаго боку — адчуваеш удзячнасць за давер, з другога — разумееш, што «дзіця», а тым больш «чужое», — гэта вялікая адказнасць. Бачу, як перажывае за далейшы лёс «дачкі» яе маці — мая калега, якая дагэтуль адказвала за выпуск «Сямейнай газеты». Дастаткова сказаць, што, нават знаходзячыся ў дэкрэтным водпуску, за лічаныя дні да нараджэння свайго дзіцяці, Вікторыя Целяшук забягала і цікавілася: «Як яна, ці добра сябе адчувае, а, можа, патрэбна дапамога?» І па першай просьбе дапамагала і парадай, і справай. «Вось будуць у цябе свае дзеці, тады зразумееш», — кажа мне мая матуля, калі я чарговы раз незадаволена буркаю на яе заўсёднае «будзеш дома — скінь (у сэнсе патэлефануй), каб я спала спакойна». Мама ёсць мама, яна не можа не думаць, не перажываць, бо хоча для свайго дзіцяці толькі найлепшага. Я гэта разумею і вельмі радуюся Вікторынай падтрымцы, бо цалкам згодна з перакананнем дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Наталлі Паспелавай: «У выхаванні дзіцяці павінны ўдзельнічаць усе сем'і, якія яму па-сапраўднаму дарагія: сям'я, якая нарадзіла, прыёмная і сям'я ўсынавіцеляў. Чым больш людзей любяць дзіця, тым яму лепш».

Сімвалічна і знакава для мяне тое, што гэта «ўдачарэнне» адбылося цяпер. Менавіта тады, калі прыйшла да ўсведамлення: я гатова і хачу стварыць сям'ю, бо сустрэла свайго чалавека. Таму першыя крокі ў нязведанае сямейнае жыццё буду рабіць разам з «Сямейнай газетай» і з вамі, дарагія чытачы. І інтуіцыя мне падказвае, што нас чакае надзвычай цікавае, напоўненае новымі адкрыццямі, падарожжа.

Надзея ДРЫЛА.

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.