Вы тут

Лета танных кватэр


Эксперты сталічнага рынку арэнды прагназуюць далейшае зніжэнне цэннікаў

Сёння на рынак арэнды паўплываюць адначасова і наступствы змены валютных курсаў, а таксама сезонны спад актыўнасці арандатараў. Да традыцыйнага летняга ажыўлення яшчэ далёка, а прапанова кватэр застаецца на максімуме апошніх гадоў. Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку ў сегменце доўгатэрміновай арэнды і прагнозы на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» паведаміла спецыяліст аддзела жыллёвай арэнды цэнтра гандлю нерухомасцю «ПАКАДАН» Алена Агрызка.

14-38

14-38

 

Прапанова перавышае попыт у 2-3 разы

Менавіта красавік-май ужо традыцыйна лічыцца перыядам з самай нізкай актыўнасцю будучых кватарантаў. Не стаў выключэннем і гэты год, бо пачынаючы са студзеня попыт на здымнае жыллё ў Мінску толькі зніжаўся.

Новыя валютныя курсы даволі адчувальна ўдарылі па даходах арандатараў. Многія з іх апынуліся не ў стане плаціць па цэнах (у валюце) 2014 года і з'язджалі, калі ім не ўдавалася дамовіцца з уласнікамі аб зніжэнні платы за кватэру. Таму ў студзені спецыялісты назіралі даволі незвычайную карціну, калі адначасова працягвала павялічвацца прапанова, але рос і попыт на арэнднае жыллё. Амаль на працягу двух першых месяцаў года ў сталіцы назіраліся масавыя «пераезды» арандатараў. Частка з іх вярталася назад у кватэры бацькоў, іншагароднія часам развітваліся з марай аб вялікіх заробках у сталіцы і ад'язджалі ў свае невялікія гарадкі і вёскі. Аднак самая вялікая колькасць кватарантаў шукала на рынку больш таннае жыллё. І не толькі шукала, але і знаходзіла.

У маі падобныя пераезды ўжо скончыліся, а попыт вярнуўся ў звычайны для гэтай пары года стан. Што тычыцца прапановы, то ў красавіку колькасць свабодных кватэр нават трохі скарацілася. Паводле інфармацыі спецыялізаванага партала Realt.by, агульнае зніжэнне прапановы кватэр за мінулы месяц склала 1,6%. У залежнасці ад колькасці пакояў дынаміка прытоку ці адтоку аб'ектаў адрознівалася кардынальным чынам. Так, прапанова аднапакаёвых кватэр вырасла на 2,4%, трохпакаёвых стала большай адразу на 17,1%. У той жа час колькасць двухпакаёвых кватэр на рынку зменшылася на 10,7%. Аднак, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, прапанова кватэр на рынку арэнды павялічылася на 9%.

— Заўважу, што такое павелічэнне прапановы агульную карціну на рынку не паказвае, — лічыць Алена Агрызка, — бо сёння колькасць рэальных кліентаў ажно ў 2-3 разы меншая за існуючы аб'ём прапановы.

З'явіліся аднапакаёўкі і за 250 долараў

А выбар стандартных і недарагіх аднапакаёвых кватэр у сталіцы цяпер унушальны. Звычайную невялікую кватэру па цэнніку ў межах 250-300 долараў спецыялісты агенцтваў нерухомасці адшукаюць кліенту на працягу 2-3 дзён. Такое жыллё будзе мець прапіску панэльнага дама аднаго са спальных раёнаў. Зрэдку зараз сустракаюцца і таннейшыя варыянты бюджэтнага жылля.

Не вельмі якасныя кватэры ў Шабанах, Курасоўшчыне або ў зусім «свежай» новабудоўлі магчыма знайсці цяпер і за 220-250 долараў (3,15-3,6 млн рублёў). Гэта таксама немаленькія грошы, але іх у Мінску магчыма зарабіць.

Цяпер цалкам «упакаваныя» сучаснай мэбляй і бытавой тэхнікай аднапакаёвыя кватэры нават у цэнтры горада маюць цэннік ад 350 да 400 долараў. Яшчэ летась падобнае жыллё каштавала ў дыяпазоне ад 500 да 600 долараў.

Слабенькія двухпакаёўкі — 300 долараў

У апошнія два-тры тыдні на рынку доўгатэрміновай арэнды ў Мінску часам пачалі з'яўляцца бюджэтныя варыянты двухпакаёвых кватэр па кошце ад 300 долараў. Гэта звычайна невялікія «хрушчоўкі» са старой мэбляй або ўвогуле пустыя. Самы запатрабаваны ў кліентаў дыяпазон коштаў на падобныя кватэры вагаецца ад 300 да 350 долараў. Зразумела, што гэта будзе сціплае жыллё, але менавіта на такія кватэры цяпер існуе ўпэўнены попыт. Сярэдні кошт сапраўды якасных двухпакаёвых кватэр у спальных раёнах ці звычайных двушак у цэнтры складае ад 350 да 500 долараў. Спецыялісты адзначаюць, што за 500 долараў сёння прапануецца элітнае жыллё. Аднак на яго попыт цяпер мінімальны.

У самае складанае становішча трапілі ўладальнікі трохпакаёвых і шматпакаёвых кватэр. Прапанова гэтага сегмента з пачатку года павялічылася найбольш, а попыт нават крыху знізіўся. Цяпер сярэдні кошт такіх кватэр складае ад 350 да 450 долараў. Атрымліваецца, што часам гаспадары шматпакаёвак вымушаны здаваць сваё прасторнае жыллё па кошце двухпакаёвак. Калі цэннікі на трохпакаёўкі не зніжаюцца, гэтае жыллё на працяглы час застанецца пустым.

Патанненне працягнецца да восені

Эксперты рынку жыллёвай арэнды паведамляюць, што сёння ў гэтай сферы працягваецца карэкціроўка цэннікаў, аднак адбываецца падобнае патанненне ў больш спакойным становішчы. Так здарылася, што асобныя гаспадары яшчэ зімой істотна знізілі свае кошты і больш на гэты конт не турбуюцца. Астатнія згаджаюцца з працяглай тэндэнцыяй і памяншаюць свае апетыты. Нейкай ажыятажнай нервознасці на рынку ўжо няма. Сёння амаль усе адэкватныя гаспадары жылля разумеюць, што максімальны кошт стандартнай аднапакаёвай кватэры не можа быць большы за 350 долараў, а двухпакаёвай — большы за 400 долараў. З гэтым усё зразумела. Цяпер удакладняюцца мінімальныя кошты ў гэтых сегментах арэнды жылля. Магчыма, што цанавое дно па аднапакаёвых кватэрах якраз і акрэсліваецца цэннікам у 250-300 долараў, аднак спецыялісты ў гэтым яшчэ не ўпэўнены.

Менавіта цяпер з рынку арэнды пачынаюць сыходзіць студэнты апошніх курсаў, якія атрымалі размеркаванне ў другія рэгіёны. А на іх месца новыя арандатары яшчэ не прыйшлі. Часткова знікненне такіх кліентаў летам кампенсуе павелічэнне ў сталіцы сезонных работнікаў будаўнічых аб'ектаў і рынкаў. Аднак сёлета назіраецца памяншэнне даходаў у гэтай сферы дзейнасці.

Магчыма, што пэўны штуршок да ажыўлення рынку жыллёвай арэнды ў Мінску зробяць новыя першакурснікі. А яны з'явяцца ў сталіцы ў сярэдзіне жніўня. Мяркуецца, што падобнае ажыўленне працягнецца і ў верасні. Разам з тым, свабоднага жылля (здымных прыватных кватэр і пакояў у інтэрнатах) у Мінску дастаткова. Таму кошты на прыватную арэнду нават у жніўні павялічвацца не павінны, лічыць Алена Агрызка.

Другім фактарам, які паўплывае на актыўнасць рынку арэнды, з'яўляецца сітуацыя на другасным рынку жылля. Цяпер, паводле інфармацыі партала Realt.by, індэкс даходнасці арэнды носіць ілюстрацыйны характар. Купляць тыпавую аднапакаёвую кватэру ў панэльным доме, каб здаваць яе за 250-300 долараў за месяц, як мінімум, непрадбачліва, ведаючы, што толькі за адзін красавік яе кошт на рынку продажу знізіўся адразу на 1,5-2 тысячы долараў. Патэнцыйныя інвестары звернуць увагу на рынак арэнды толькі пасля таго, як цэны на кватэры ў Мінску перастануць зніжацца. А вось калі гэта адбудзецца, не ведае пакуль ніхто.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».