Вы тут

Іх забрала вайна...


«Мяне завуць Каця Брыкава. Жыву ў аграгарадку Цяхцін, што ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці. Вучуся ў 9-м класе. Мая бабуля Ганна і дзядуля Пеця жывуць непадалёку ад нас, у вёсцы Пільшычы. Разам з татам, мамай і братам Дзянісам часта наведваю іх. Дапамагаю ва ўсім.

14-2

Бабуля Марыя і дзядуля Сафрон прыблізна ў 30-я гады 20-га стагоддзя

Бабуля любіць чытаць вашу газету, выпісвае яе. Менавіта яна мне расказала пра сваіх сваякоў — сям'ю Кіпцікавых. Дзядуля Сафрон і бабуля Марыя жылі ў вёсцы Пільшычы. Было ў іх 7 дзяцей: 5 дачок і 2 сыны. Старэйшы сын Андрэй нарадзіўся ў 1890 годзе, малодшы Пётр — у 1904-м. Дочкі — Крысціна, Поля, Ганна, Фёкла, Хіма — усе выйшлі замуж, жылі асобна. Сын Андрэй яшчэ да вайны працаваў доктарам у Магілёве. А Пётр застаўся жыць з бацькамі. У яго яшчэ да вайны нарадзіліся 2 дачкі.

14-1

Браты Андрэй (сядзіць) і Пётр

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, немцы многіх жыхароў вёскі Пільшычы расстралялі 29 жніўня 1941 года. Трапіў у гэты чорны спіс і Пётр. Сястра Хіма папала пад бамбёжку і загінула.

Нікога ўжо з вялікай калісьці сям'і не засталося, акрамя дачкі Пятра — Ніны. Яна жыве ў вёсцы Пільшычы, ёй 82 гады.

Мая бабуля ходзіць яе праведваць. Гэта Ніна Пятроўна ёй усё расказала пра сваю сям'ю і аддала даваенныя фотаздымкі, якія ўцалелі ў час вайны, бо Пільшычы фашысты спалілі 22 сакавіка 1943 года...»

* * *

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры) дасылайце з адпаведнай пазнакай на паштовы адрас (220013,
г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10 а) або электронны — іnfo@zvyazda.mіnsk.by. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны прызам. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?