Вы тут

Як прасіць, каб давалася нам


У дабрачынны «Клуб 5000» прыйшоў новы валанцёр. Дзянісу ўжо за трыццаць. Ён мае няўдалы вопыт шлюбу. Шукае новыя стасункі, але баіцца зноў апячыся. Псіхолаг параіла заводзіць знаёмствы ў кампаніях валанцёраў, а лепш — самому заняцца дабрачыннасцю. Маўляў, так і душу падлечыш, і пару сабе знойдзеш.

Без имени-10

Дзяніс прыйшоў на сход валанцёраў, сяброўскую сустрэчу, якую мы ладзім раз на два месяцы. У размовах не ўдзельнічаў, назіраў збоку. На развітанне пакінуў вялікую суму ахвяравання. І знік.

Праз год я сустрэла Дзяніса ў выпадковай кампаніі. Ён па-ранейшаму адзін. І па-ранейшаму ў пошуку. Лічыць, што яму не пашчасціла ў нашым клубе і псіхолаг не мела рацыі. Ён зрабіў усё, як рэкамендавалі. А валанцёркі за сталом сустрэчы — палова ўжо замужам, палова не на яго густ. Засталася толькі парачка прыдатных кандыдатур. Ён і грошы ахвяраваў, а чаканага выніку так і не атрымаў. Не працуюць на ім ніякія схемы. Так Дзяніс расчараваўся ў дабрачыннасці.

Калі я спытала ў хлопца пра тыя пару кандыдатур з нашых дзяўчат, што прыйшліся яму даспадобы, ён не змог прыгадаць і апісаць іх. На пытанне «якой павінна быць дзяўчына, каб запасці табе ў душу?» таксама адказу не знайшоў. Ён так і не вырашыў, каго шукае і чаго хоча ад жыцця. Гэта першая памылка Дзяніса. А другая — жаданне лёгкага хлеба. Варта мне толькі захацець, працягнуць руку... Ну, купіць, урэшце рэшт, ён жа заплаціў ахвяраванне за сваё патэнцыяльнае каханне. А яно так і не прыйшло.

Каб атрымаць жаданае, трэба ўмець прасіць. Я памятаю, як адна знаёмая шукала офіс для сваёй справы. Стары яе не задавальняў, змяніць дуплятае на прабітае не хацелася, а будынак мары ніяк не знаходзіўся. Раптам даведваюся: пераязджае. На наваселле офіса Ала Пятроўна сабрала сваіх сяброў, пасадзіла ў кола і стала зачытваць дзённікавыя запісы. Калі яна страціла надзею знайсці будынак сваёй мары, то села і напісала: праз два тыдні мая кампанія заедзе ў светлы, прасторны офіс з шасцю кабінетамі. Яна распісала план уяўнага памяшкання з падрабязнасцямі даўжыні калідораў і пейзажу за вокнамі.

— А цяпер можаце агледзецца, прагуляцца, — запрасіла Ала Пятроўна.

Мы былі ў шоку. Апісанне супадала да дробязяў. Яе ўяўленне так маляўніча распісала патрэбнае месца, што мара ажыла.

Упершыню прымяніць вопыт Алы Пятроўны мне давялося на дзявочніку з сяброўкамі. Мы пусцілі па коле аркуш паперы, дзе запісвалі пажаданні для саміх сябе. Праз год мусілі паглядзець, што спраўдзіцца. З усіх дзяўчат ажылі толькі мае жаданні. Бо, у адрозненне ад іх «быць шчаслівай і здаровай», я падрабязна распісала свае складнікі шчасця на той момант. Нават келіхі для шампанскага з'явіліся ў маім жыцці на тых самых чорных ножках, з якімі я жадала іх бачыць.

Такім чынам, правіла першае — уявіць сваё жаданне так падрабязна, быццам яно ўжо даўно спраўдзілася, убачыць яго так блізка, нібыта яно намазоліла вочы. Згодна з гэтым правілам, для расчараванага валанцёра Дзяніса час вызначыцца, якімі рысамі павінна валодаць яго будучая жонка.

...Мой сябра пасля школы не прайшоў уступныя іспыты, не скарыў навучальную ўстанову сваёй мары. У скрусе правалу кінуў мне папрок: «Што ты заладзіла са сваім «папрасі, памаліся»! Я нават пярсцёнак у царкоўнай лаўцы набыў. «Выратуй і захавай» напісана. І на іспыт яго надзеў. Не дапамагло!»

Ён таксама лічыў, што дастаткова захацець і працягнуць руку. Ну, ці заплаціць за сваё жаданне. А жаданне трэба заслужыць. Каму год, каму два, каму за дзень даецца, а каму і ўсё жыццё. І тут важны працэс служэння. Не таргавацца з Богам: «Я паслужу, а Ты мне спраўдзі запаветнае». Тут шчырасць патрэбна.

Напрыклад, так: «Я з усёй душой да Цябе: і пахрысціўся, і крыжык нашу, і храм наведваю, і не крыўджу нікога. І, калі Табе так заўгодна, дапамажы мне здаць іспыты. І незалежна ад выніку, я не адмоўлюся ад служэння. Бо яно не дзеля паступлення, яно ж па шчырасці».

Ці так: «Я буду вучыцца. Кніжкі чытаць, задачы рашаць. Гэта спатрэбіцца мне і ў прафесіі, і ў жыцці. Пры паступленні дапаможа. Нават калі не складзецца з інстытутам, веды ўсё роўна не прападуць. Я ж не для іспытаў вучуся — для сябе, для будучыні».

Замацуем правіла другое — мару трэба заслужыць, і заслужыць з чыстым сэрцам. А валанцёру Дзянісу варта было б бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю дабрачыннага руху, уключыцца ў праекты, прыняць удзел у акцыях, стаць пастаянным дзеячам. Так можна пазнаёміцца не толькі з дзяўчатамі, што прыйшлі на сустрэчу «Клуба 5000», але і з тымі, што не здолелі быць у той дзень у тым месцы. А з цягам часу — пазнаёміцца і з новымі валанцёркамі, якія далучацца пазней, як калісьці сам Дзяніс. Ды наша справа — гэта бясконцыя знаёмствы. Ёсць выпадковыя людзі, тыя, што разова перадаюць падарункі, дапамагаюць перавезці грузы, выступаюць на мерапрыемствах ці проста зводзяць нас з іншымі людзьмі. Варта толькі затрымацца. І паслужыць. Не дзеля сваёй мэты — ад шчырага сэрца.

...На працягу дзесяці гадоў я атрымлівала на дзень нараджэння як мінімум два аднолькавыя падарункі. На шаснаццацігоддзе — дзве начныя сарочкі, на сямнаццаць — два фены, на васямнаццаць — дзве пары шлёпанцаў... Гэта была не традыцыя, не розыгрыш. Проста так супадала. Я прызвычаілася і нават чакала: што на гэты раз.

А потым вырашыла скласці ліст жаданняў. Цэлы год старанна запаўняла нататнік, падрабязна ўяўляла і апісвала кожную мару. А напярэдадні свайго свята даслала спіс ахвотным. І нічога не чакала. Калі нехта з сяброў дапаможа спраўдзіць мару — так таму і быць. Калі не — не хвалююся. І імкнуся заслужыць. Кожнаму жаданню — свой час. І на кожную мару — нехта адзін, хто зможа спраўдзіць яе.

А вынік быў ашаламляльны. У канкрэтным спісе, дзе два розныя чалавекі маглі б выбраць адзін і той жа пункт для рэалізацыі, нарэшце, не здарылася паўтораў у падарунках! Проста дасканала абдумвайце свае мары, фармулюйце іх, дасылайце запыт у Сусвет і шчыра заслугоўвайце.

Дзень нараджэння на падыходзе. Спіс жаданняў гатовы. Дапішу-ка я ў яго нявесту для Дзяніса, няхай вяртаецца па яе ў «Клуб 5000».

Таццяна Немчанінава, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000».

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.