Вы тут

Чымсьці смачненькім запахла...


Як палюбіць гатаваць?

Самае вялікае ўражанне ад першай паездкі ў Польшчу (гэта было дастаткова даўно) мая сяброўка атрымала, убачыўшы, як мала часу польскія жанчыны праводзяць на кухні. «Уяўляеш, там столькі ўсялякіх паўфабрыкатаў у крамах! — захлёбваючыся распавядала яна. — Марыя (далёкая сваячка, у якой яна з мужам спыняліся) ля пліты амаль не стаіць. Дастаць гатовую салату з упакоўкі, разагрэць страву ў мікрахвалевай печцы —  усе яе клопаты. Гэта ж колькі часу вызваляецца! А я... сняданак прыгатуй, вячэру падай... а ў нядзелю, бывае, амаль цэлы дзень праводжу на кухні!..»

14-20

Сучасныя дзяўчаты, сапраўды, гатаваць кожны дзень абед ці вячэру ўжо не жадаюць. Ім шкада і часу, і сіл. Не, умець спячы які-небудзь торцік або прыгатаваць яшчэ парачку святочных страў хацела б кожная, але стаяць ля пліты штодня — не, выбачайце...

Мужчыны звычайна супраць такога, бо жадаюць бачыць у доме сапраўдную гаспадыню. Жанчына павінна ўмець накарміць сям'ю, лічаць яны, а не «падсаджваць» яе на бутэрброды і пельмені з крамы. Як бачым, у кожнага свая логіка.

А праўда жыцця, напэўна, у тым, што, нават калі жанчына вельмі любіць гатаваць, яна хацела б рабіць гэта час ад часу, але не кожны дзень. Таму што вось гэтае абавязацельства «стамілася не стамілася — ідзі на кухню», пагадзіцеся, наўрад ці каму па душы. Але простага выйсця з гэтай сітуацыі, асабліва калі жанчына замужам і ў яе ёсць дзеці, няма. Або стаяць пасля працы ля пліты, або рэальна шмат зарабляць. Як варыянт — мець мужа, які шмат зарабляе. Тады ўсё цудоўна вырашаецца: абедамі і вячэрамі ў кавярні некалькі разоў на тыдзень ці дастаўкай гатовай ежы з рэстарана.

Але тут ёсць свае падводныя камяні... Нядаўна я паглядзела фільм «Сцёртая рэальнасць». Успамінаю сцэну, калі на канікулы да сямейнай пары прыехаў сын-падлетак, які вучыўся ў іншым горадзе. Бацькі яго сустрэлі ў аэрапорце, як мае быць, прывезлі дадому. А далей... «Штосьці я стамілася, — сказала маці. — Пайду пасплю». Бацька дастаў з халадзільніка бутэльку піва. «Будзеш?» — спытаў у сына. «Не», — адказаў той і адправіўся ў свой пакой глядзець тэлевізар. Нават калі б вы пачалі глядзець фільм з гэтага эпізоду, ужо зразумелі б, што нешта з гэтай сям'ёй не так. Яны не ядуць разам! Нават кубачак гарбаты разам не выпілі! І адразу з'яўляецца адчуванне холаду і адзіноты.

Так што як не круці, а прыгатаваная ежа, у першую чаргу, — сімвал утульнага дома. Таму гатаваць усё ж такі давядзецца. І лепш рабіць гэта з любоўю.

14-19

Выпадак досыць рэдкі, але адной маёй знаёмай палюбіць гатаваць дапамагла новая праца. Год таму Вольга стала працаваць менеджарам у кулінарнай школе (у Мінску такія сталі ўжо адкрывацца). Да гэтага яна магла час ад часу прыгатаваць штосьці зусім простае: элементарную салату з агуркоў і памідораў, мюслі размачыць у малацэ, бульбу ці яечню пасмажыць, зварыць макароны... Затрымлівалася на кухні Вольга вельмі рэдка: не бачыла ў гэтым асаблівага сэнсу (бо жыла з мамай, і гатавала ў асноўным тая), ды і не было асаблівага жадання. «Цяпер я маю магчымасць прысутнічаць на розных майстар-класах ад шэф-кухараў мінскіх рэстаранаў, — распавядае Воля. — Чалавек, у якога кулінарыя — хобі, мог бы ўзяць ад маёй працы максімум. Я да такіх не належу, але, тым не менш, нейкія маленькія хітрасці, прыёмы, рэцэпты я ўжо прыўнесла ў сваё жыццё. Ды і кругагляд мой значна пашырыўся. Пазнаёмілася з новымі прадуктамі — рознымі відамі ліставых салатаў, спецыямі, духмянымі травамі, навучылася рабіць цікавыя соусы. Цяпер я даволі хутка магу прыгатаваць лёгкую, прыгожую і карысную страву з цікавым смакам, выкарыстоўваючы шмат зяленіва, гародніны і якую-небудзь запраўку. Самае галоўнае — ставіцца да гатавання я пачала, як да занятку прыемнага, цікавага і творчага. Цяпер мне падабаецца спалучаць розныя прадукты і смакі. Кулінарыя, аказваецца, гэта цэлы свет...»

А як палюбіць гатаваць астатнім? «Я прыйшла да гэтага так: па-першае, заўсёды ўключаю вясёлую музыку, калі раблю нешта на кухні, каб падняць настрой і быць у тонусе, — распавядае маладая мама Аксана Прыходзька. — І сама спяваю часам... Па-другое, шукаю цікавыя рэцэпты (вельмі смачных і нескладаных рэцэптаў — процьма)». Аксана раіць выкарыстоўваць маленькія хітрасці, каб аблягчыць працэс і зменшыць час гатоўкі. «Калі я працавала, мне яны вельмі дапамагалі, — кажа жанчына. — Напрыклад, загадзя перамалоць у блэндары моркву, цыбулю, зяленіва, змяшаць іх з соллю, утрамбаваць у стэрылізаваны слоічак, шчыльна закрыць — і запраўка для супу заўсёды пад рукой. Або выдаткаваць дзянёк на прыгатаванне «замарозкі». Можна наляпіць пельменяў, варэнікаў, зрабіць галубцы, бульбяныя клёцкі, фаршыраваныя перцы, блінцы з рознымі начынкамі. Здробненую моркву таксама можна замарозіць. Усе гэтыя прадукты не губляюць смак пасля размарозкі. Забіць імі маразілку — і менш будзе працы ў будні... А яшчэ: шторы, посуд, аксесуары на кухню выбірайце, як сукенкі! Гэта таксама важна для стварэння настрою!».

Да таго ж у наш час прапануецца шырокі выбар рознай бытавой тэхнікі: міксеры, блэндары, сокавыціскалкі і іншае — усё гэта аблягчае працу хатняй гаспадыні і зводзіць да мінімуму наша знаходжанне на кухні. Ёсць і іншыя маленькія хітрасці.

Бухгалтар Марына Танкачова ладзіць сабе вольны ад гатоўкі дзень хаця б раз на тыдзень, каб не адчуваць сябе абдзеленай, калі муж увечары адпачывае, а яна стаіць ля пліты. «Я лічу, што фастфуд адзін раз на тыдзень — гэта не смяротна...» — кажа Марына.

Так што кожны прыходзіць да прымірэння з кухняй і нават любові да яе сваім шляхам. Ну, а тым, хто шукае натхненне, раю паглядзець выдатны фільм «Джулі і Джулія». Ён — пра дзвюх цудоўных жанчын, якім не хапала «разыначкі» ў жыцці, і яны знайшлі яе ў кулінарыі. Менавіта кухня, як ні дзіўна, дапамагла ім выкараскацца з руціны будняў, зрабіць сваё жыццё больш яркім і цікавым. Фільм сапраўды выклікае жаданне пастаяць ля пліты! Растапіць сметанковае масла, размяшаць у місцы шакаладную масу, дастаць з духоўкі цудоўна запечанае мяса...

Святлана Бусько.

Чырвоны боршч

Напрыканцы фільма «Масква слязам не верыць» галоўная гераіня разлівала па талерках боршч, калі Гоша спытаў, ці ёсць што-небудзь на вячэру...

Інгрэдыенты:

Буракі — 1 кг

Грыбы сушаныя — 50 г

Ялавічны булён — 2,5 л

Рэпчатая цыбуля — 80 г

Морква — 1 шт.

Часнок — 2 зубчыкі

Сок аднаго лімона

Яблык кіслы — 1 шт.

Соль, перац, маяран, базілік

Грыбы старанна вымыйце і замачыце ў халоднай вадзе, а потым зварыце ў гэтай жа вадзе асобна ад іншых кампанентаў. Калі будуць гатовы, адвар зліце. Нарэжце буракі і цыбулю скрылікамі. Яблыкі разрэжце на долькі. Часнок падзяліце напалам. Моркву нарэжце кубікамі.

Падрыхтаваную гародніну заліце халоднай вадой або халодным празрыстым булёнам, дабаўце грыбы і ўсе прыправы. Варыце хвілін 15 пасля закіпання (боршч не павінен доўга варыцца, каб захаваўся колер і водар буракоў). У канцы варкі ўліце лімонны сок і ўкіньце парэзаны яблык.

Гатовы боршч пастаўце ў халоднае месца да наступнага дня, калі яго смак стане больш насычаным. На наступны дзень давядзіце да кіпення, разліце па талерках, запраўце смятанай і падавайце. Да гэтага баршчу можна падаць часночныя булачкі.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.