Вы тут

Святлана БАРОЎСКАЯ: «САПРАЎДЫ, АДЧУВАЮ: Я — ЗА МУЖАМ...»


Калі б хтосьці вырашыў скласці рэйтынг самых прыгожых жанчын Беларусі, несумненна, адной з першых там была б тэлевядучая Святлана БАРОЎСКАЯ. Прыгожая, разумная, энергічная, яна валодае велізарнай сілай магнетызму і абаяльнасці. У яе заўсёды выгляд паспяховага чалавека. Яна ўвесь час усміхаецца. У адных гэта выклікае захапленне, у іншых — зайздрасць. Многія ўпэўнены, што сваім поспехам Святлана абавязана мужу, знакамітаму кінаакцёру Анатолію КАЦЯНЁВУ. Журналісты неаднойчы называлі іх самымі прыгожымі мужам і жонкай у Беларусі.

Муж у Святланы, і сапраўды, мара жанчын. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе. У сярэдзіне 1980-х гадоў на тэлеэкраны выйшаў ваенна-прыгодніцкі серыял «Сакрэтны фарватар» — і выканаўца галоўнай ролі, Анатоль Кацянёў, адразу ж стаў сапраўднай зоркай. Па ім уздыхалі тысячы дзяўчат ва ўсіх канцах былога Савецкага Саюза. А ён неўзабаве ажаніўся з маладзенькай студэнткай Мінскага тэатральнага інстытута, і вось ужо больш за чвэрць стагоддзя яны разам.

14-6

Папулярная вядучая тэлеканала «Беларусь — 1» расказвае пра сябе, свайго мужа і сям'ю:

— Я выйшла замуж вельмі рана — на другім курсе інстытута. Да таго часу ў мяне было ўжо дастаткова прапаноў рукі і сэрца. І я зразумела, чаму выбрала менавіта Толю: таму што якраз ён мяне замуж і не клікаў... Мусіць, вельмі добра ведаў пушкінскага «Яўгена Анегіна»: «Чем меньше женщину мы любим, тем легче нравимся мы ей...»

Калі я паступіла ў тэатральны інстытут, мы па студэнцкіх білетах хадзілі на многія спектаклі. І ў тэатр кінаакцёра таксама. Дарэчы, ён лічыўся ў нас, у інстытуце, тэатрам жаніхоў. У некаторых нашых дзяўчат былі раманы з яго акцёрамі. І ў мяне тады быў кавалер, які і прывёў туды...

Дык вось Толя потым расказваў, што калі я прыходзіла ў іх тэатр, ён гаварыў: «Якая ў гэтага акцёра прыгожая дзяўчына!» А ў мяне тады былі вельмі доўгія валасы. Ён успамінаў: «Ты хадзіла з та-а-акімі валасамі!.. Такая была прыгожая, дзёрзкая правінцыялка!» — «Ну, так, — кажу, — я была дзёрзкай правінцыялкай. Што тут такога?.. Чытайце класікаў: «Найлепшыя жанчыны нараджаюцца ў правінцыі».

А потым мы з ім сустрэліся: тэатральны інстытут і мой інтэрнат у адным будынку знаходзяцца. І вось у мяне паміж заняткамі ўтварылася «фортка», я пасля ўрокаў танца ў купальніку-трыко і плашчы бягу па вуліцы і сустракаю Толю. «Прывітанне!» — «Прывітанне!» Раптам ён гаворыць: «Вой, як ты лёгка апранута!» — і шалік мне на шыю накручвае. Гэта быў такі інтымны момант!.. Ён яшчэ свае ямачкі на шчоках «уключыў»... Я заўсёды бачу, ШТО чалавек адчувае ў пэўны момант. Магу нават не аналізаваць, важная вось гэтая «фарсінка», калі ты адчуваеш хвалі, якія ад чалавека ідуць.

І Толя стаў запрашаць мяне да сябе ў госці. Ды каб я да хлопца (да таго ж вельмі дарослага) — у госці пайшла?!.. Ніколі! Хаця было вельмі прыемна, што мяне запрашае сам «Сакрэтны фарватар»!..

Тэлесерыял «Сакрэтны фарватар» і сёння любяць гледачы, а ў той час ён быў проста фантастычна папулярны. Галоўны герой увасабляў вобраз сапраўднага мужчыны — прыгожы, мужны, высакародны. Немагчыма было ў яго не закахацца. А калі ты бачыш яго ў рэальным жыцці, побач, блізка...

14-5

— Я ж спачатку пакахала не Толю Кацянёва, а «Сакрэтны фарватар». Потым яму пра гэта неаднойчы гаварыла, а ён не хоча верыць. Кожная дзяўчына марыць пра сур'ёзнага, паспяховага мужа... Гэта сёння ў модзе «банкіры», а ў той час дзяўчаты вельмі захапляліся артыстамі. Вось я і выйшла за самага паспяховага з іх. Мне — або найлепшы, або ні якага не трэба... Усё павінна максімальна супасці па маёй шкале... Думаю, я наўрад ці закахалася б у артыста, які са словамі «На стол пададзена!» выходзіць у спектаклі адзін раз. Не люблю няўдачнікаў і сквапных мужчын...

Потым мы з Толем сустрэліся ў кінастудыі. Ён зноў стаў запрашаць да сябе. А я — не і не!.. Мяне мама вельмі правільна навучыла ў гэтым плане: колькі разоў хлопцу сказаць «не», куды паглядзець у такі момант ды як узмахнуць вейкамі...

Святлана ўсміхаецца. Зразумела, яна гэта кажа з гумарам, як і многае іншае ў нашай размове.

— І калі ён трэці раз запрасіў мяне ў госці, я падумала, што цяпер можна пайсці папіць гарбаты (смяецца). Я пайшла. І ўсё... Гэта быў крах маіх надзей на тое, што я ніколі ні ў каго не закахаюся...

На пачатку вучобы студэнткі акцёрскага факультэта шчыра клянуцца сабе, сяброўкам, выкладчыкам, што ў найбліжэйшыя гады ні ў каго не закахаюцца, не выйдуць замуж, не пачнуць рана нараджаць дзяцей, а будуць усе свае сілы аддаваць дасягненню вялікай мэты — стаць знакамітымі артысткамі. Але... Юных прыгажунь з тэатральнага інстытута «разбіраюць» замуж вельмі хутка...

— Ён частаваў мяне халадніком... Быў такі клапатлівы, такі гаспадарлівы!..Усё ўмеў рабіць!.. У яго быў такі чысты пакой!.. І ўсе рэчы — па паліцах!.. Адным словам, тое, што я ўбачыла, мне вельмі спадабалася. Усё было, як мы ў кніжках чыталі: разумны, прыгожы, сур'ёзны, надзейны... Мара любой дзяўчыны. Я была ўражана і трымалася нядоўга...

Адным словам, я патэлефанавала дадому: «Мама, я выходжу замуж!» А мама, як сірэна: «А-а-а-а!..» Я адразу паклала трубку. І вось, пакуль я прыйшла з інстытута ў інтэрнат, яна ўжо прымчалася з Маладзечна і сядзела ў маім пакоі. Гэта было проста нейкае пахаванне: «Як рана!.. Ён жа дарослы мужчына!.. Яму ўжо трыццаць гадоў!.. А табе яшчэ трэба вучыцца!..» Але я была няўмольная.

Святлана Бароўская ў інтэрв'ю вельмі часта і цёпла ўзгадвае сваю маці. Падкрэслівае: нягледзячы на тое, што яна вельмі строгая і нават магла б узначаліць усіх строгіх мам у свеце, насамрэч яны — вялікія сяброўкі. Дзіўна, што тады, на другім курсе, Святлана не паслухалася маці...

14-4

Памятаю, як я везла Толю знаёміцца са сваімі бацькамі (смяецца). Адрэпеціравала ўсё, як галоўны рэжысёр: і што тату сказаць, што маме... Ён ідзе з кветкамі, як сапраўдны жаніх, а мама — у акне. Усміхаецца... Мы прыйшлі — стол накрыты, тазік «аліўе» стаіць, за сталом ужо мая малодшая сястра сядзіць. Бацькі ўбачылі Толю, трохі супакоіліся. А ён, дарэчы, не надта абцяжарваў сябе думкай спадабацца ім... Проста арганічна паводзіў сябе... Жартаваў... Мама сказала яму: «Ну, Толечка, з'ешце яшчэ хаця б адзін дранічак». А ён адказаў: «А што гэта вы мяне абмяжоўваеце, Кацярына Дзмітрыеўна?» І потым запытаўся: «Ну, я цяпер буду вас мамай клікаць?» А маці засмяялася: «Сынок мне знайшоўся! Усяго на восем гадоў маладзейшы!..»

Ведаеце, каб цяпер мяне спыталі: памыліліся вы ці не ў сваім выбары, я адказала б — не памылілася!.. Ён добры, надзейны, клапатлівы... Усё, што трэба адрамантаваць, адрамантуе, усё, што трэба прыбіць малатком, прыб'е. Пытанні фінансавага забеспячэння сям'і фактычна цалкам на ім. Ён вельмі адказна ставіцца да абавязкаў галавы сямейства. Сапраўды, адчуваю: я — за мужам.

А які ён цудоўны бацька! Як Толя калыхаў дзяцей па начах, асабліва другога, Кліма, ён у нас кепска спаў. Ужо за адно гэта майму мужу трэба паставіць помнік. Таму што не ўсе таты падымаюцца, калі дзіця пачынае плакаць, звычайна штурхаюць у бок жонку... Толя мог насіць дзіця гадзінамі. Ходзіць, ходзіць, маўчыць... Калі я ўся такая імпульсіўная, то ён — сапраўдны спакой, грунтоўнасць, стараннасць, ахайнасць, скрупулёзнасць. На жаль, рознасць характараў — гэта асноўны канфлікт нашага жыцця. Муж вельмі закрыты. Можа тыдзень маўчаць. А я не магу так, мне трэба, каб было нейкае дзеянне...

Спачатку ім было складана адно з адным. Як і любой маладой сям'і, дзе ідзе працэс прыціркі характараў. Але яны ўмудрыліся ў пачатковы перыяд сумеснага жыцця нават зняцца ў адным фільме — блокбастары «Дэзерцір». Праўда, Святлана не надта любіць гэты фільм.

— Уражанні ад здымак засталіся... жахлівыя. Няма нічога горшага, чым здымацца разам з мужам. Толя ўвесь час гаварыў, што і як мне рабіць, як іграць, як паводзіць сябе... У нас там была сумесная сцэна, вельмі сексуальная. Уяўляеце, як іграць з мужам каханне, калі наўкол стаяць пяцьдзясят чалавек і ўсё наўкол гарыць!.. Таму я абсалютна абыякавая да «Дэзерціра». Толя там — так!.. Змагаецца, «валіць» бандытаў, усіх перамагае... А я... Больш люблю іншы свой фільм — «Пяшчотная зіма». Там — маё жыццё...

Сцэнарый фільма «Пяшчотная зіма» напісала Юлія Ляшко, з якой Святлану звязвае шматгадовае, моцнае сяброўства. Ролю вераломнай сяброўкі ў гэтым фільме сцэнарыстка пісала спецыяльна для Бароўскай. Рэжысёр запрасіў здымацца менавіта яе. І — дакладнае пападанне! Роля атрымалася! Бароўская на экране — чароўная, спакуслівая, каварная...

— У «Пяшчотнай зіме», сапраўды, маё жыццё. Мы здымаліся ў інстытуце, дзе я вучылася, у інтэрнаце, дзе я жыла, на кухні — на маёй інтэрнатаўскай кухні!..

Многіх прыхільнікаў пары цікавіць, як у маленькай суполцы пад назвай «сям'я» ўжываюцца два такія неардынарныя характары, дзве выдатныя асобы, дзве яскравыя зоркі.

— Мы маглі б за гэтыя гады развесціся дзвесце разоў, калі б кожны з нас ішоў далей у чарговым канфлікце, каб не саступалі ўзаемна адно аднаму. Першыя гады сямейнага жыцця ён мяне проста даймаў сваёй педантычнасцю: каструля павінна стаяць так, а накрыўка павінна ляжаць так... Вядома, я трохі разгільдзяйка. Калі кінула сукенку ў крэсла, то яна мне там не замінае. Няхай сабе ляжыць, пакуль я не захачу яе прыбраць. У Толі ж ад гэтага «калатун» пачынаўся.

Прайшлі гады, і я сама стала прыбіраць рэчы ў шафу... А Толя стаў, скажам так, больш... разгільдзяісты. Мы трохі памяняліся рысамі характару. І перасталі перавыхоўваць адно аднаго. Я нават аднойчы падслухала, што ён пра мяне сказаў: «Ну, у яе такі характар...» Няўжо праз столькі гадоў ён зразумеў, што ў мяне такі характар?! І я сама ад яго пакутую.

Ведаеце, гавораць, што ёсць лінія фронту ў сямейным жыцці. Вось мая тэрыторыя: сяброўкі, кніжкі, уборы... У мужа: рыбалка, лазня... І кожны з нас спрабуе перайсці тую лінію, залезці на чужую тэрыторыю. А гэтага, пераканана, рабіць нельга...

Людская пагалоска ўжо шмат разоў разводзіла Святлану Бароўскую з Анатолем Кацянёвым, прыпісвала ім сямейныя праблемы... На жаль, чуткі — гэта звычайная з'ява для людзей публічных. Да таго ж, калі муж і жонка паспяхова займаюцца кожны сваёй прафесіяй.

Анатоль пастаянна ў ад'ездзе, яго запрашаюць здымацца ў беларускіх, расійскіх, украінскіх фільмах і тэлесерыялах. Калі ён вяртаецца дадому з кіназдымак, для сямейнікаў — свята. Праходзіць дзень, другі, і яны са Святланай стараюцца з'ехаць з горада. У іх ёсць дом на беразе Вілейскага вадасховішча. Для іх абаіх — лепшага дома на свеце няма. Асабліва для Кацянёва, заўзятага рыбака. Ён яго так і называе — «дом рыбака».

Сынам тут таксама падабаецца. Старэйшы, Уладзімір, скончыў філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працуе ў адной піяр-кампаніі. Сур'ёзны, разважлівы, эрудзіраваны. Малодшы сын, Клім, — натура творчая, вучыцца ў дзясятым класе і яшчэ толькі выбірае свой шлях у жыцці. Святлана з Анатолем ганарацца сынамі. І адно адным...

— Думкай Толі я даражу... Неяк ён інтэрв'ю даваў адной газеце... Я прачытала... О!.. Дык вось я якая для яго — каханая і адзіная!.. А калі прачытала словы: «На мяне ніхто не можа крычаць. Адзіны чалавек у свеце, каму я гэта дарую, — мая жонка!..» Прызнацца ў такім публічна! Для мяне гэта шмат значыць. За такое я ўсё магу яму дараваць (усміхаецца).

Амаль чвэрць стагоддзя Святлана Бароўская працуе на беларускім тэлебачанні. Шмат гадоў запар яна будзіць краіну разам з праграмай «Добрай раніцы, Беларусь!» А зусім нядаўна на тэлеканале «Беларусь 1» з'явілася аўтарская перадача Святланы Бароўскай «Выхад ёсць». З вялікім майстэрствам, пры дапамозе нестандартных пытанняў і ўмення выклікаць прыхільнасць і давер тэлевядучая «раскручвае» вядомых людзей на шчырасць і нечаканыя для іх саміх прызнанні. Яе госці — а сярод іх ужо былі Мікалай Мірны, Вольга Клебановіч, Эльвіра Сакура, Таццяна Бандарчук, Ала Цупер, Лідзія Ярмошына, Аляксандар Ціхановіч, Іскуі Абалян — жартуюць і плачуць у эфіры, прызнаюцца ў слабасцях, расказваюць пра свае цяжкасці, праблемы, крыўды, пра тое, як яны перажылі ў жыцці здраду ці нейкую бяду... І заўсёды іх расповед мае сцвярджальны фінал: «Выхад ёсць!»

«Я не з усімі магу так шчыра размаўляць, з табой магу», — сказаў Святлане Бароўскай падчас перадачы народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч. На маю думку, гэтыя словы — найвялікшы камплімент для тэлевядучай, высокая ацэнка яе прафесійнага таленту.

Святлана ж прызнаецца, што ўсяго толькі хацела зрабіць перадачу аб простых і спрадвечных ісцінах — жыцці, каханні, сям'і, роднасці... Пра тое, чым яна сама так даражыць у жыцці і што так клапатліва захоўвае ўжо шмат гадоў...

Тамара БУНТА.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.