Вы тут

Мыем вокны хутка і якасна


З надыходам цёплых сонечных дзён многія гаспадыні з тугой пазіраюць на вокны, якія за зіму паспелі пакрыцца налётам пылу і бруду. Час брацца за справу. Напэўна, вы ўжо даўно знайшлі свой спосаб, як гэта зрабіць хутка і якасна. Аднак іншы раз не пашкодзіць зазірнуць у чужыя сакрэты — а раптам даведаешся пра што-небудзь карыснае для сябе.

Хімічная прамысловасць зрабіла вялікі крок наперад, і сёння ў продажы можна знайсці вялікае мноства розных сродкаў для мыцця вокнаў, люстэркаў і іншых шкляных вырабаў. Усе яны вырабляюцца на аснове спірту з дабаўленнем араматызатараў. Аднак заўсёды трэба памятаць, што акно — гэта не толькі шкло, а яшчэ і драўляная або пластыкавая рама, таму раствор для шкла не павінен пашкодзіць раму. Напрыклад, сода выдатна адмые шкло, але ўсё ж не рэкамендуецца для гэтай працэдуры, таму што ад соды жаўцее белая фарба. Акрамя соды, не рэкамендуецца карыстацца гаспадарчым мылам і мыйным парашком. Тады чым і як памыць вокны?

14-24,

Спачатку варта прыслухацца, што раяць спецыялісты. Для мыцця і пастаяннага догляду вокнаў з ПВХ яны рэкамендуюць набываць вадкія саставы, якія спецыяльна распрацаваны для выдалення забруджванняў з пластыку і не змяшчаюць абразіўных рэчываў, што драпаюць паверхню, ці растваральнікі, што пазбаўляюць пластык гладкасці і бляску, а іншы раз нават колеру. Таксама для догляду за пластыкавымі вокнамі можна выкарыстоўваць звычайныя сродкі для мыцця посуду ці мыльны раствор, якія наносяць на мяккую сурвэтку, а пасля лёгка выдаляюць з паверхні разам з вадой. Асаблівую ўвагу звярніце на металічную фурнітуру і гумавыя ўшчыльняльнікі: фурнітуру пасля мыцця і высыхання змажце машынным маслам, а на гумавыя ўшчыльняльнікі нанясіце спецыяльную сіліконавую змазку.

Драўляныя рамы трэба не мыць, а праціраць пры дапамозе вільготнай сурвэткі. Для выдалення забруджванняў з паверхні драўляных рам лепш выкарыстоўваць сродкі, якія чысцяць і абараняюць драўніну. Яны асвяжаюць знешні выгляд лакафарбавага пакрыцця і забяспечваюць надзейную абарону ад атмасферных уздзеянняў. Як варыянт: для мыцця драўляных рам можна прымяняць сродкі для догляду мэблі.

Каб не пашкодзіць пакрыццё, не працірайце паверхні драўляных вокнаў мыйнымі сродкамі, якія змяшчаюць кіслату, абразіўныя рэчывы і растваральнікі.

Калі вы не жадаеце ўжываць гатовыя хімічныя сродкі, то дзверы і аконныя рамы можна вымыць вадой з нашатырным спіртам (на 1 л вады 1 сталовая лыжка нашатырнага спірту). Дзверы і рамы цёмнага колеру ці пакрытыя каляровай фарбай добра адмываюцца цёплым настоем чаю (2 чайныя лыжкі сухога чаю на 1 л гарачай вады).

Для мыцця шкла можна прыгатаваць наступныя растворы.

1. Для моцна забруджаных вокнаў падыходзіць мелавы раствор: дзве сталовыя лыжкі тоўчанага мелу на літр цёплай вады. Гэтай сумессю пратрыце шкло, пасля чаго змыйце чыстай вадой. Анучы для мыцця вокнаў лепш выкарыстоўваць ільняныя. Іх спатрэбіцца тры, прычым пажадана не выкарыстоўваць гэтыя анучы для нейкіх іншых патрэб. Першай анучай, злёгку адціснутай, намажце шыбу растворам мелу, другой, крыху вільготнай, збярыце бруд і дайце шклу падсохнуць, але не перасушыце. Трэцяй анучай пратрыце.

Многія гаспадыні па старых звычках замест анучы выкарыстоўваюць газетную паперу. Ад гэтага на вокнах не застаецца ні плямаў, ні разводаў. Даволі працаёмкая працэдура, але цалкам надзейная.

2. Для надання бляску вашым вокнам шкло можна прамыць вадой з дабаўленнем воцату ці солі.

Мыць вокны лепш у пахмурнае надвор'е. А пры мыцці вокнаў на кухні прасачыце, каб у вас нічога не кіпела на пліце.

3. І яшчэ адзін спосаб адмыць вокны і надаць ім бляск і празрыстасць — набыць спецыяльныя сурвэткі, вырабленыя з мікрафібры ці мікравалакна. Такія сурвэткі выдатна адмываюць нават самыя брудныя вокны і не пакідаюць пры гэтым слядоў.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.