Вы тут

Паказальны дэтэктыў


Шакіраваць і здзіўляць супрацоўнікі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці пачалі непасрэдна з увахода. У дзень адчыненых дзвярэй на газоне перад будынкам маляўніча расклалі два манекены.

Бутэлькі, недакуркі, рэчы і сякера пераконвалі, што мы трапілі на месца здарэння, дзе нядаўна было высвятленне міжасобасных адносін. Напэўна, бурнае. Вось такая імітацыя сцэнкі са штодзённага працоўнага жыцця судмедэкспертаў. Тут яны самі выйшлі на першы план і пачалі дэманстраваць, як збіраецца інфармацыя, якая ў крымінальнай справе потым будзе называцца рэчавымі доказамі.

14-42

Транспарт, на якім крыміналіст і судовы медык прыязджаюць на месца здарэння, укамплектаваны вельмі рознымі прыладамі. Фотаапарат — абавязкова. Акрамя зусім спецыфічных і мудрагелістых, знайшлося месца стамескам, адвёрткам, перфаратару, рыдлёўцы, веніку, шуфліку, пінцэтам, слоіку з гіпсам... Сляды спермы дапаможа знайсці ўльтрафіялетавы ліхтар.

Калі ўлічыць, што ўсімі гэтымі рэчамі даводзіцца пастаянна карыстацца, рамантызм прафесіі, створаны тэледэтэктывамі, даволі ўмоўны. Публічна эксперты паварочвалі «нежывыя целы», разглядалі нанесеныя «раненні» і разважалі над даўніной трупных плямаў. Збіралі рознае смецце вакол, у якім знаходзілі, напрыклад, недакуркі, якія могуць утрымліваць клеткі эпітэлію, што абавязкова спатрэбіцца для далейшай ідэнтыфікацыі магчымага злачынцы.

Акрамя адбіткаў пальцаў, якія знімаюцца спецыяльнымі парашкамі не толькі чорнага, але і белага колераў, эксперты цяпер бяруць і ўзор паху. Пры нас — з сякеры, якая па версіі стваральнікаў спецыфічнага шоу, была прыладай забойства. Для гэтага тапарышча абматалі баваўнянай тканінай, пасля — фольгай. Пах тканіна забірае прыкладна за паўгадзіны, пасля чаго яе спакоўваюць у слоік, каб адправіць у Мінск, у сховішча пахаў.

Важнай знаходкай стаў след ад абутку. Яго эксперт заліў гіпсавым растворам гушчыні смятаны 15-працэнтнай тлустасці і атрымаў злепак падэшвы бота.

14-41

У экспертным «арсенале» ёсць самыя розныя металашукальнікі. Напрыклад, адзін з іх здольны падняць да 50 кілаграмаў. Звычайна ім шукаюць зброю на дне вадаёма ці ў калодзежы. Ёсць прылада для пошуку каляровых металаў, магнітныя граблі. Як бы мне такія спатрэбіліся, калі шукала ключы ад машыны, згубленыя на дачнай тэрыторыі.

У экспертна-лабараторным корпусе вузкія спецыялісты праводзілі кансультацыю, як адрозніць сапраўдныя купюры ад падробленых. Іншыя адказвалі на пытанні наконт усталявання бацькоўства. Расказвалі, як грамадзянка прыводзіла па чарзе трох прэтэндэнтаў, апошні з якіх усё ж такі аказаўся бацькам яе дзіцяці. За мінулы год гомельскія эксперты правялі каля тысячы аналагічных экспертыз. Два з кожных дзесяці тэарэтычных «татаў» насамрэч імі не былі.

Толькі летась супрацоўнікі Камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці правялі 45 тысяч экспертыз і 7,5 тысячы даследаванняў. Цяпер у апараце Гомельскага ўпраўлення працуюць каля 500 чалавек, якія прадстаўляюць больш за 40 самых розных прафесій. Начальнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці Вячаслаў Блізнец адзначае, што кола дзейнасці структуры пастаянна пашыраецца:

— Цяпер, напрыклад, мы можам рабіць тавараведчыя экспертызы і многія іншыя — больш за 40 відаў. Праводзім даследаванні па псіхатропных рэчывах. Трапляе да нас зброя, у тым ліку часоў Вялікай Айчыннай вайны. Нашым спецыялістам даводзілася высвятляць асобу загінулага салдата, калі ў Жлобінскім раёне было знойдзена пахаванне. Па інфармацыі салдацкага медальёна ўстанавілі чалавека, які нарадзіўся ў Палтаўскай вобласці. Яго сваякі прыязджалі потым на ўрачыстае перапахаванне.

Ад чаго наступіла смерць, эксперты з вялікай доляй верагоднасці могуць сказаць, нават калі чалавек загінуў 850 гадоў таму. Менавіта такім узростам датаваўся самы стары чэрап, з якім давялося працаваць гомельскім спецыялістам. Свае асаблівасці маюць пашкоджанні на касцях.

— Напрыклад, пры наездзе аўтамабіля косць чалавека ламаецца пэўным чынам, — адзначае начальнік аддзела медыка-крыміналістычных экспертыз Міхаіл Чарнякоў. — Дзякуючы гэтаму эксперт можа вызначыць становішча ахвяры ў момант ДТЗ.

Намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Юрый Дзям'янчык гаворыць, што зараз без спецыялістаў камітэта судовых экспертыз іх штодзённая дзейнасць была б проста немагчымай:

— Калі ідзе збор доказаў па крымінальнай справе, вялікая роля надаецца рабоце з рэчавымі доказамі. Пасля ўтварэння камітэта наша ўзаемадзеянне стала больш цесным. Скараціліся тэрміны правядзення экспертыз, палепшылася якасць асобных даследаванняў. Вядома ж, чым хутчэй праводзіцца экспертыза, тым хутчэй раскрываецца крымінальная справа і прымаецца па ёй законнае рашэнне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.