Вы тут

Падзяліся культурай з сябрам


«Травіяту», якую выконвалі нашы артысты, кітайцы слухалі стоячы

У кітайскай сталіцы «на ўра» прайшлі Дні беларускай культуры. І гэта ўлічваючы тое, што афішы Пекіна багатыя на артыстаў з усяго свету. Праграма пачалася 7 мая, перад візітам Старшыні КНР у Беларусь. Беларускі «культурны дэсант» узначаліў намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, ён і падзяліўся ўражаннямі ад паездкі:

— Мы пацікавіліся ў кітайскага боку, што б яны хацелі бачыць на сваёй тэрыторыі і атрымалі пажаданне, каб у складзе нашай дэлегацыі быў творчы калектыў, які выконвае народныя песні і танцы, а таксама артысты оперы і балета. Складана вывезці ў Кітай цэлы тэатр, таму было прынята рашэнне, што ў Днях культуры прыме ўдзел Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята» і салісты нашага тэатра оперы і балета — заслужаная артыстка Ніна Шарубіна, саліст Павел Пятроў, балетная пара (народны артыст Ігар Артамонаў і зорка нашай балетнай трупы Яна Штангей). Акрамя таго, у цэнтры Пекіна, у Музеі дзяцей і мацярынства, арганізавалі выставу «Пэндзаль сяброўства» беларускай мастачкі Марыны Эльяшэвіч, якая працуе ў стылі кітайскага жывапісу гохуа. Тут прадстаўлена дваццаць чатыры работы — партрэты вядомых пісьменнікаў, прырода Беларусі, нашы гарады. Адкрыццё прайшло выдатна, выстава будзе доўжыцца да канца мая.

— Што выконвалі нашы артысты?

— Адажыа з «Лебядзінага возера» і па-дэ-дэ з балета «Дон Кіхот». Салісты оперы выканалі фрагменты з «Травіяты» Джузэпэ Вердзі і «Сілы лёсу» Імрэ Кальмана. Ансамбль «Свята» нават выканаў некаторыя народныя кітайскія песні, намеснік міністра культуры адзначыў добрую кітайскую мову.

Канцэрт адкрыцця доўжыўся паўтары гадзіны і праходзіў у адной з найзнакаміцейшых залаў Beіjіng Concert Hall, якая змяшчае каля дзвюх з паловай тысяч чалавек — яна была поўнай. Яшчэ адзін канцэрт праходзіў ужо ў меншай зале, якая магла змясціць каля тысячы чалавек і таксама была запоўненай. Усё прымалася «на ўра». Пляскалі ў далоні, ускоквалі на «Лебядзіным возеры», на «Травіяце» ўсталі. А калі ансамбль «Свята» запеў на кітайскай мове — гэта было для іх незвычайна добрым уражаннем.

— Па-за межамі Дзён культуры што-небудзь з беларускага мастацтва яшчэ паказваецца ў Кітаі?

— Так, зараз праходзяць гастролі Дзяржаўнага ансамбля танца, працуе выстава Гістарычнага музея, прысвечаная дыпламату Іосіфу Гашкевічу. У нас ёсць дамоўленасць з пасольствам Беларусі ў Кітаі аб арганізацыі выставы, прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі і 70-годдзю разгрому Чырвонай Арміяй японскай квантунскай арміі. Гэта будзе адзначацца ў верасні. Дэталі мы яшчэ абмяркоўваем, але хочам, каб выстава працавала каля двух месяцаў.

— Што яшчэ запланавана на будучыню, што беларусы змогуць убачыць у найбліжэйшы час?

— Ужо рыхтуюцца Дні культуры Кітая ў нашай краіне, якія запланаваны на кастрычнік. Пакуль што вядома толькі пра ўдзел Пекінскага народнага мастацкага тэатра. Плануюцца дні кітайскага кіно. Дарэчы, у рамках створанага беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве існуе і камісія па культуры, яе першае пасяджэнне адбудзецца якраз падчас Дзён культуры Кітая ў Мінску.

— Якія дамоўленасці былі дасягнуты падчас вашага візіту ў Кітай?

— Кітайскі бок хоча, каб мы да іх прывозілі больш выстаў, каб прыязджалі калектывы народнага мастацтва, каб нашы майстры народнай творчасці ўдзельнічалі ў іх мерапрыемствах. У 2016-м у адным з кітайскіх гарадоў будзе праходзіць Фестываль нематэрыяльнай культурнай спадчыны — мы ўжо атрымалі афіцыйнае запрашэнне прыняць у ім удзел. Дні беларускага кіно адбудуцца таксама не раней, чым у 2016 годзе, нас папрасілі скласці спіс фільмаў. Было агучана пажаданне правесці ў Кітаі поўнамаштабныя гастролі нашага тэатра оперы і балета. Яны зацікаўлены ў лялечных тэатрах, у выступленнях ансамбляў «Харошкі», «Белыя росы».

Я заўважыў, што кітайцы з павагай адносяцца да ідэі культурнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Адным з вынікаў візіту Сі Цзіньпіна ў Беларусь стала пагадненне аб стварэнні кітайскага культурнага цэнтра ў Беларусі і беларускага — у Кітаі. Праца над ажыццяўленнем гэтай ідэі ўжо пачалася. Думаю, наша супрацоўніцтва будзе развівацца больш дынамічна.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.