Вы тут

Выхоўваць не толькі пакараннем


Пад амністыю трапляе больш за 8,5 тысячы асуджаных

Учора дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прагаласавалі за законапраект аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ён быў распрацаваны Міністэрствам унутраных спраў па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Акрамя наркадзялкоў і педафілаў

— Амністыя — гэта акт гуманізму і міласэрнасці з боку дзяржавы, — заўважыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА. — Сёлета ён прымеркаваны да 70-гадовага юбілею Вялікай Перамогі. Задача дзяржавы — не толькі пакараць злачынцу, але і даць шанц людзям, якія спатыкнуліся і асэнсавалі сваю віну, вярнуцца ў сем'і, да работы, нармальнага жыцця. Для чалавека важна, што дзяржава гатова аказаць яму падтрымку ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Міністр унутраных спраў Ігар ШУНЕВІЧ паведаміў дэпутатам, што дадзены законапраект не мае істотных адрозненняў ад леташняга закона аб амністыі. На гэты раз пашырана катэгорыя асоб, якія трапляюць пад яе дзеянне. Мяркуецца вызваліць ад мер крымінальнай адказнасці ў выглядзе асуджэння з адтэрміноўкай выканання прыгавору, асуджэння з умоўным непрымяненнем пакарання, асуджэння без прызначэння пакарання асоб, прыгаворы ў адносінах да якіх пастаноўлены на дзень уступлення ў сілу Закона аб амністыі. Прадугледжваецца вызваленне ад пакарання асоб, якія асуджаны за лжэпрадпрымальніцтва, калі яны адбылі не менш за траціну прызначанага тэрміну.

Разам з тым, пашырана і катэгорыя асоб, на якіх не распаўсюджваецца амністыя. Гэта асобы, што здзейснілі незаконны абарот і перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі наркотыкаў, сеялі або вырошчвалі забароненыя расліны або грыбы, якія змяшчаюць наркатычныя рэчывы, схілялі іншых да ўжывання наркотыкаў, арганізоўвалі або ўтрымлівалі наркапрытоны ці наркалабараторыі. Не трапяць пад амністыю таксама асуджаныя за палавыя зносіны або дзеянні сексуальнага характару з дзецьмі да 16 гадоў.

— Рэалізацыя ранейшых законаў аб амністыя не аказала істотнага негатыўнага ўплыву на крымінагенную абстаноўку, — паведаміў міністр унутраных спраў. — Амністыю выкарыстоўваюць толькі ў дачыненні да асоб, якія станоўча характарызуюцца падчас адбывання пакарання. Адной з умоў яе прымянення з'яўляецца поўнае пакрыццё нанесенай злачынствам шкоды або ўрону. Гэта паслужыць таму, што асуджаныя будуць імкнуцца вярнуць нанесеныя страты дзяржаве або іншаму чалавеку.

Па папярэдніх падліках у сёлетнюю амністыю могуць быць вызвалены каля 8600 асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — 2200 чалавек, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — 715 і 5675 асуджаных, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях органаў унутраных спраў.

Безумоўнае вызваленне ад усіх відаў крымінальнага пакарання, а таксама спыненне папярэдняга расследавання па крымінальных справах прадугледжана ў адносінах да пэўнай катэгорыі грамадзян, якія здзейснілі менш цяжкае злачынства або злачынства, што не нясе вялікай небяспекі для грамадства. Да гэтай катэгорыі адносяцца: непаўналетнія асобы, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей да 18 гадоў, пенсіянеры, інваліды І, ІІ груп, хворыя на актыўную форму сухотаў, анкалагічныя захворванні ІІ — ІV ступені, ВІЧ-інфіцыраваныя ІІІ, ІV стадыі, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый, асобы, што атрымалі раненне або захворванне падчас службы ва ўзброеных сілах, у сувязі з ажыццяўленнем службовых абавязкаў падчас службы ў Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, органах унутраных спраў, фінансавых расследаванняў дзяржкантролю, пракуратуры, органах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Законапраект вызваляе ад пакаранняў у выглядзе абмежавання або пазбаўлення свабоды асуджаных за злачынствы, якія не маюць вялікай небяспекі для грамадства, калі прыгаворы пастаноўлены на дзень уступлення ў сілу закона, а таксама асуджаных за менш цяжкія злачынствы, калі яны адбылі не менш за чвэрць прызначанага тэрміну.

— У нашым грамадстве заўсёды актыўна абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з амністыяй, — сказаў судакладчык па законапраекце Валерый ГАЙДУКЕВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальная бяспецы. — Законы аб амністыі выступаюць у якасці інструмента публічнай дапамогі для асуджаных асоб пачаць новае жыццё. У нашай краіне стала добрай традыцыяй ініцыяваць такія законы кіраўніком дзяржавы, пры гэтым пытанні правядзення ў Беларусі чарговай амністыі абавязкова ўсебакова дасканала прапрацоўваюцца для прыняцця ўзважанага, абгрунтаванага рашэння з улікам інтарэсаў грамадзян і дзяржавы.

Аляксандр СЯГОДНІК, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, лічыць, што ініцыятыва Прэзідэнта Беларусі сведчыць пра яго ўсебаковае веданне праблем, якія ёсць у жыцці краіны і яе грамадзян.

— Злачынцы — гэта людзі, якія спатыкнуліся, ступень злачынства таксама можа быць рознай, і калі чалавек асэнсаваў, што парушаць закон нельга, то амністыя дасць яму шанц, — адзначае парламентарый. — Вельмі сімвалічным, чалавечным і дальнабачным з'яўляецца прымяркоўванне такога акта гуманізму да свята, да падзеі, дзеля якой нашы продкі аддалі свае жыцці.

Міністр унутраных спраў паведаміў журналістам, што паказчык рэцыдыву пасля папярэдніх амністый вагаўся ў межах 24-28%. Што тычыцца хворых на адкрытыя формы сухотаў, то Міністэрства ўнутраных спраў разам з Міністэрствам аховы здароўя прадумваюць механізм, які дазволіць паспяхова завяршыць лячэнне такіх асоб.

Альтэрнатыва для добрасумленных

У Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў учора таксама быў прыняты ў другім чытанні законапраект аб альтэрнатыўнай службе.

— Асноўныя папраўкі ў праект закона былі ўнесеныя яшчэ да першага чытання, — паведаміў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Уладзімір ВАСІЛЕНКА. — Да другога чытання мы па аналогіі з ваеннаслужачым тэрміновай службы дапоўнілі палажэнне пра тое, што асоба, якая праходзіць альтэрнатыўную службу, мае права на атрыманне бясплатных медыцынскіх прэпаратаў у выпадку хваробы. Акрамя таго, мы зрабілі папраўку наконт таго, што чалавек, які знаходзіцца ў чарзе на жыллё, мае права заставацца ў ёй падчас праходжання ўсёй альтэрнатыўнай службы плюс адзін год.

Дэпутат нагадаў, што праект закона аб альтэрнатыўнай службе датычыцца толькі тых, хто не можа браць зброю ў рукі па сваіх рэлігійных перакананнях. Размова ідзе пра маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, якія прызнаны годнымі да вайсковай службы. Мяркуецца, што колькасць «альтэрнатыўнікаў» будзе не большай за 100 чалавек у год.

На пытанне, ці няма ў заканадаўцаў боязі вялікай колькасці падманаў у сувязі з магчымасцю праходзіць альтэрнатыўную службу, парламентарый адказаў: «Мы спадзяёмся, што гэты закон будзе накіраваны толькі на добрасумленных грамадзян. І зрабілі так, каб альтэрнатыўная служба не стала прывабнай для маладых людзей: яе тэрмін павялічаны ў два разы (для тых, хто мае вышэйшую адукацыю, — 24 месяцы, для астатніх — 36 месяцаў)».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.