Вы тут

Лёс чалавека


«Ці не прыснілася мне жыццё мае няскладнае?»

Чым далей — больш разумееш трагічнасць і трапнасць назвы апавядання Міхаіла Шолахава і экранізацыі Сяргея Бандарчука «Лёс чалавека». Выраз, які становіцца гаротнай усмешкай. Лёс, як паняцце фаталізму, — неабвержны, незалежны і незваротны. Таму што жыццё Андрэя Сакалова, галоўнага героя, не дае яму адпачынку ад няшчасця. Галоўным з іх стала Вялікая Айчынная. Як праява лёсу, у той жа час хіба чалавек — лялька ў яго руках? Ці сам — творца?

15-11

Сяргей Бандарчук, рэжысёр фільма «Яны змагаліся за Радзіму» і оскараноснай карціны «Вайна і мір», прадставіў экранізацыю Шолахава ў 1959 годзе. Гэта гісторыя рускага салдата Андрэя Сакалова, а хутчэй — проста чалавека, жыццё якога прыпала на час Другой сусветнай.

Ішоў першы год пасля вайны, Андрэй прысеў закурыць побач з незнаёмым чалавекам і пачаў успамінаць мінулае. А ў самога вочы «быццам прысыпаныя попелам, напоўненыя непазбыўнай смяротнай тугой, што нават глядзець у іх складана». Позірк гэты Сяргей Бандарчук, які сам выканаў галоўную ролю, сыграў дакладна настолькі, што разам з ім задаешся пытаннем: за што ж жыццё так пакалечыла, закатавала галоўнага героя?

Сакалоў быў сіратой, ажаніўся з цудоўнай жанчынай, якасці якой падкрэсліваліся паказальным эпізодам — пасля нецвярозага вяртання мужа дадому ласкавая, ціхая Ірына клапатліва ўкладвала яго спаць, а з раніцы налівала апахмяліцца. Як, маўляў, такі давер не апраўдаць. Былі ў іх старэйшы сын, адзначаны ў газеце як таленавіты малады матэматык, і дзве дзяўчынкі. Сіроцтва не здавалася ўжо плямай на біяграфіі — шчасце ж ёсць.

Але прыйшла вайна і працягнулася сумнае апавяданне Андрэя — развітанне з жонкай, палон, вяртанне ў родны Варонеж, у якім давялося пачуць гаротныя навіны.

«Лёс чалавека» — фільм яшчэ і пра прыніжэнне чалавечай годнасці. Бясконца цяжкай была праца Андрэя на нямецкай зямлі, шмат дзе ён пабываў, але «білі нашага брата паўсюль аднолькава — білі за тое, што ты рускі, за тое, што на белы свет яшчэ глядзіш, за тое, што на іх, свалачэй, працуеш».

А чалавек чалавеку — хто? У сцэне, дзе знясіленыя рускія цягаюць камяні, а немцы іх груба, зняважліва падганяюць; дзе Андрэй раіць свайму суайчынніку браць камень цяжэйшы, бо інакш расстраляюць; у сцэне, дзе гэтага слабага чалавека немец лёгкім рухам рукі скідвае ў прорву; у сцэне, дзе задаволеныя немцы п'юць, ядуць, спяваюць песні і пасміхаюцца з галоднага Андрэя, які сядзіць за кратамі ў спыненым цягніку.

Ці варта жыццё наша тлумачыць жорсткім лёсам? Альбо быць Чалавекам — кожнаму — дастаткова, каб не прыйшлося выкарыстоўваць безаблічнае, пустое слова? І колькі людзей у свой час забылі пра чалавечыя вартасці настолькі, што вынікам стала вайна? Глабальная з'ява, сусветная, не падладзішся пад яе, не абмінеш — але ж за ёй стаяць людзі, якія ствараюць лёс. Ці яго насмешку.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».