Вы тут

Тры шляхі для гультаёў, або Як не трапіць на «дошку ганьбы»


У Віцебскім раёне нямала тых, каму дапамаглі пачаць жыццё, як кажуць, «з чыстага ліста». Так, падчас камандзіроўкі ў вёску Яроміна я пазнаёміўся з жанчынай, якая, каб вярнуць дзіця, без кадзіравання кінула піць. «Спрацаваў» мацярынскі інстынкт, «цуд»? Упэўнены, што калі б жанчыну не пазбавілі бацькоўскіх правоў, наўрад ці жыццё наладзілася б. На яе прыкладзе можна канстатаваць эфектыўнасць працы па «перакоўцы» гультаёў.

15-42

Наглядаюць, як за дзецьмі...

— Усяго ў раёне каля 270 «праблемных грамадзян». Усе яны ў нас на кантролі. Не даём гультаям спакойнага жыцця. Спачатку высвятляем: за кошт чаго чалавек жыве, адкуль грошы на выпіўку. Бачым на вуліцы ў нецвярозым стане, складаем пратаколы, папярэджваем, выклікаем на пасяджэнні савета прафілактыкі. Некалькі разоў на тыдзень участковы прыходзіць на месца іх працы, паралельна правярае, ці працягваюць піць дома. Вядома, у калектывах уважліва сочаць за тым, як перавыхоўваюцца гультаі. Калі што не так, адразу нам сігналізуюць пра спазненне, прагул. Калі добраахвотна не хоча працаваць, адпраўляем у лячэбна-працоўны прафілакторый, — расказвае Андрэй АБУШКЕВІЧ, намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Віцебскага раёна, падпалкоўнік міліцыі.

На тэрыторыі раёна 15 сельскіх Саветаў. У цэнтральны населены пункт аднаго з іх — Вароны — журналіст выправіўся разам з участковым. На пасадзе ён каля пяці гадоў. Ахоўнік права на добрым рахунку ў начальства, ды і людзі яго паважаюць. А некаторыя нават баяцца...

— У Варонаўскім сельскім Савеце 13 населеных пунктаў. У вёсках і аграгарадках жывуць пастаянна прыкладна 1,5 тысячы чалавек. А ў дачны сезон у разы больш. Сярод іх прыкладна 40 чалавек, з якімі трэба пастаянна праводзіць прафілактычную працу. Гультаі ведаюць, што нічога не ўтояць ад мяне. Магу расказаць пра кожнага: хто чым «дыхае». Я ў курсе: ці «ўзяўся за розум», ці штодня ўсё больш сам сябе «цягне на дно», — распавядае Дзмітрый ГЯНЮК, старшы ўчастковы інспектар Віцебскага РАУС, капітан міліцыі.

Адзін участковы, зразумела, не можа нават пры ўсім жаданні перавыхаваць «дарослых дзяцей». Таму прафілактычная праца вядзецца ў цеснай сувязі з кіраўніцтвам сельвыканкама. Разам запэўніваюць у тым, што жыць так нельга. Тых, на каго гэта не дзейнічае, па-добраму пужаюць сумнымі перспектывамі.

[caption id="attachment_83668" align="alignnone" width="600"]15-43 Дош­ка гань­бы ў сель­са­ве­це.[/caption]

Бутэлька «чарніла» і... дзіцячы абутак

У будынку сельвыканкама ёсць дошка ганьбы і электронная «картатэка».

— Да кожнага стараемся знайсці індывідуальны падыход. І прыемна, калі былыя гультаі, тыя, хто мог стаць чужымі для родных дзяцей, гавораць пры сустрэчы «дзякуй». Магу паказаць тэматычны архіў. Вось — фота «эвалюцыі» людзей: якімі былі, калі злоўжывалі спіртным, якімі сталі пасля таго, як іх пачалі «апрацоўваць». Вось глядзіце: шпалеры паклеілі, бытавыя прыборы хатнія купілі, у халадзільніку хапае ежы, — дзеліцца вопытам Юрый ОСІПАЎ, старшыня Варонаўскага сельвыканкама.

Некаторыя фота могуць стаць тэмай для плакатаў. Напрыклад, мяне «зачапіла» фатаграфія: пачак цыгарэт на ложку, побач — на падлозе — бутэлька віна і дзіцячы абутак. А на іншым здымку гультаі добраўпарадкаваннем займаюцца. Такая працатэрапія часам дае эфект.

— А кідаюць піць — і наваселлі спраўляюць, і гаспадарку заводзяць. Таму і ходзім па кватэрах, дамах, размаўляем, пераконваем. Адным гаворым адкрытым тэкстам, іншым — намякаем, што ў вас тры шляхі. Першы: жывеш па законах — і цябе ніхто не чапае. Другі: калі хочаш далей піць, ствараем такія ўмовы, пры якіх гэта будзе не ў радасць. І, калі ўжо такая пільная ўвага не паўплывае, ёсць трэці варыянт: адпраўка ў спецыяльны прафілакторый, або судзімасць, — працягвае Юрый Осіпаў.

У Варонаўскай сярэдняй школе вучацца дзеці тых, хто «завязаў» са спіртным. Тых жа няшчасных, бацькі якіх не змаглі «ўзяцца за розум», уладкоўваюць на выхаванне ў прыёмныя сем'і, інтэрнаты... Пры гэтым біялагічныя бацькі кампенсуюць дзяржаве ўсе выдаткі.

— У нас вучыцца васьмігадовы хлопчык. Яго мама, вы будзеце здзіўлены, без кадзіравання кінула піць. Але зрабіла гэта толькі пасля таго, як пазбавілі бацькоўскіх праў. А да гэтага, згодна з дэкрэтам №18, забіралі ў яе дзіця. Прасіла вярнуць. Праз пару месяцаў пачала піць. Зноў дзіця забіралі. А ўжо як зразумела, што канчаткова застанецца без малога, дык зрабіла ўсё магчымае, каб сына вярнулі, — дадае Генадзь ФІЛІПЕНКА, дырэктар Варонаўскай сярэдняй школы.

[caption id="attachment_83666" align="alignnone" width="600"]15-41 Яна кі­ну­ла піць без ка­дзі­ра­ван­ня.[/caption]

Малайчына, жанчына!

Валянціна з вёскі Яроміна, пра якую згадваецца вышэй, можа з'явіцца прыкладам для тых, хто знаходзіцца на шляху выпраўлення.

— Працую на ферме вартаўніком. Каля 2 мільёнаў рублёў плацяць у месяц. Малавата. А дзе знайсці працу, каб больш? Мужчыну, напэўна, прасцей... Не, ездзіць у Віцебск, які недалёка, не хачу. Мне сына выхоўваць трэба, а не туды-сюды «катацца»... Як без дапамогі медыкаў кінуць піць? Галоўнае, каб жаданне было. А я вельмі хацела, каб Воўка (пра сына) быў са мной. У мяне яшчэ двое дарослых дзяцей. У старэйшага сына — дзяўчынкі, а ў дачкі — сын. Унучка, памятаю, усё пыталася, дзе яе дзядзька. У іх невялікая розніца ва ўзросце, а ён дзядзька (смяецца). Падтрымка старэйшых дзяцей таксама мне дапамагла пачаць новае жыццё... Ганаруся імі. Сын — добры гаспадар. Калі на ферме працавала, дык ён мне дапамагаў, там і кароў навучыўся даіць. Сёння ў яго дзве каровы. Ён і нявестку маю навучыў даіць (смяецца). І дачка ў мяне працавітая, — сціпла расказвае жанчына.

Яна нічога не ўтойвала са свайго цёмнага мінулага. Расказала пра тое, што хапала бутэлькі віна, каб напіцца. А з пахмелля не магла на працу выйсці. А неяк раз ад віна «дах паехаў», у выніку ў бальніцы лячылі... Прызналася, што і цяпер залежная... толькі ад кавы. Выпілі разам. А побач быў яе «рыжык» — сын, які ласкава гладзіў кошку і трох кацянят.

Парада ад Валянціны тым, хто, як некалі і яна, знаходзіцца «на дне»: сам пажадай змяніць сваё жыццё, не адмаўляйся ад дапамогі...

Для кантрасту заехалі з участковым да гультаёў. Дом на вуліцы Сонечная ў вёсцы Паляі адразу кінуўся ў вочы. Ды было з чым параўнаць, бо недалёка — шыкоўны катэдж.

— Мне 43 гады, дзяцей няма. Калісьці на ферме працаваў, потым да прыватніка ўладкававаўся лесніком. Пакуль што няма працы. Дапамагаю суседзям дровы нарыхтоўваць, сена... І даюць трохі на жыццё. А многа і не трэба. Ну, за святло заплаціць: а ў мяне толькі лямпачка адна, тэлевізар. На ежу зараблю. Разумею, што так жыць нельга. Чаму падлога крывая, што зачапіцца можна? Ну... Я звыклы, — адказвае на мае пытанні гаспадар дома.

А побач яго сяброўка, такая ж беспрацоўная, аматарка выпіць. Разам з міліцыянерам спрабавалі іх перавыхаваць. Хочацца верыць, што нашы намаганні не будуць марнымі. Хочацца, каб такіх гераінь, як Валянціна, у якой у жыцці цяпер усё добра, было больш...

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Віцебскі раён.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.