Вы тут

«Зялёны» падмурак для эканомікі


Мінск прымае XІІІ Рэспубліканскі экалагічны форум.

З 19 па 22 мая ў беларускай сталіцы пройдзе самая маштабная экалагічная падзея краіны. Трэба адзначыць, што «зялёны» форум у Мінску адбудзецца ўпершыню. «Для нас гэта вялікая адказнасць, таму ўсе мерапрыемствы будуць на высокім узроўні, — адзначыла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія МАЛКІНА. — Сёлета да арганізацыі форуму падключыліся Міністэрства адукацыі, Беларуская гандлёва-прамысловая палата».

15-46

Галоўнай тэмай стане экалагізацыя эканомікі Беларусі. На пленарным пасяджэнні выкажуць свае думкі на гэты конт намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы, міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора, пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха, міністр аховы наваколля і рэгіянальнага развіцця Латвійскай Рэспублікі Каспар Герхардс. З прывітальным словам выступіць Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. «Для нашай краіны экалогія — гэта не самамэта, а неабходная ўмова для развіцця эканомікі», — рэзюмавала Ія Вітальеўна.

Асноўная частка мерапрыемстваў форуму запланавана на 20 мая: акрамя пленарнага пасяджэння, таксама пройдуць дыскусіі па секцыях «Устойлівае развіццё і зялёная эканоміка», «Вада», «Глебы», «Экалагічная адукацыя». Дарэчы, адукацыйная пляцоўка прадстаўлена шырока і арыентавана ў першую чаргу на дзяцей і падлеткаў: для іх будуць арганізаваны майстар-класы, конкурсы. БРСМ прадставіць найлепшыя «зялёныя» праекты, прапанаваныя маладымі ў рамках праекта «100 ідэй для Беларусі». Старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК анансаваў конкурс графіці на экалагічную тэматыку.

«Удзельнікам гэтага «спаборніцтва» можа стаць кожны ахвотны, але толькі 5 найлепшых малюнкаў з'явяцца на сценах горада, — распавёў Сяргей Масляк. — Вопытныя графітысты правядуць майстар-клас па расфарбоўцы сцяны непадалёк ад сталічнай гімназіі №19. Аўтары найлепшых малюнкаў будуць наносіць графіці на будынак, які знаходзіцца на перакрыжаванні Герасіменкі — Несцерава. Без падарункаў дакладна ніхто не застанецца».

На працягу 19—22 мая пройдзе міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Зялёны Дом». На гэтай пляцоўцы ў наведвальнікаў будзе магчымасць азнаёміцца з інавацыйнымі тэхналогіямі ў галіне аховы наваколля. Дырэктар унітарнага прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Яўген УВЯДЗЕНСКІ ў сваю чаргу заўважыў, што дагэтуль у краіне не існавала буйнога выставачнага праекта, цалкам прысвечанага экалогіі. «Беларуская гандлёва-прамысловая палата вырашыла даць штуршок і сабрала амаль усе кампаніі, якія працуюць у гэтай сферы, — патлумачыў Яўген Увядзенскі. — На выставе будуць прадстаўлены напрацоўкі 50 прадпрыемстваў. Альтэрнатыўная энергетыка, перапрацоўка адходаў, энергазберагальныя тэхналогіі, экалагічна чыстыя тавары, а дадаткова ландшафтны дызайн, азеляненне — усё звязана з экалогіяй. Таксама падчас правядзення «Зялёнага Дома» побач будзе працаваць сугучная выстаўка «Свет спорту і здароўя», якую раю ўсім наведаць. Сярод іншых там будуць прадстаўлены кампаніі па экатурызме. Уваход на мерапрыемствы абедзвюх выставак бясплатны, аднак папярэдне неабходна зарэгістравацца».

У дні правядзення форуму пройдзе і міжнародная канферэнцыя па біяразнастайнасці. Грамадскія арганізацыі «Зялёная сетка», «Цэнтр экалагічных рашэнняў» зладзяць канферэнцыю «Эка Горад», прысвечаную планаванню развіцця гарадоў Беларусі з улікам іх уздзеяння на наваколле. Такім чынам, форум пройдзе ў фармаце экалагічнага фестывалю, дзе кожны знойдзе сабе занятак па інтарэсах.

Ія Малкіна запрашае прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, суб'ектаў гаспадарання прыняць удзел у мерапрыемствах форуму і наведаць выстаўку. «Разам мы зможам абмеркаваць, як далей развіваць эканоміку, пры гэтым захоўваючы багацці, дадзеныя нам прыродай», — падсумавала першы намеснік міністра.

Дарэчы, Выдавецкі дом «Звязда» пры падтрымцы ПРААН акурат для форуму выпусціў майскі выпуск часопіса «Родная прырода», які будзе цікавы як дарослым, так і дзецям.

Кацярына РАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.